Купалападобны горад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Купалападобны горад (па-ангельску: Domed city) — тэарэтычны альбо выдумлены адменьнік збудаваньня, які зьмяшчае вялікую гарадзкую тэрыторыю пад адным дахам. Па многіх вызначэньнях, купал зьяўляецца гермэтычным месцам, дзе падтрымліваецца штучны атмасфэрны ціск, што ўтварае месца для пражываньня з кантраляванай тэмпэратурай і якасьцю паветра. Купалападобныя гарады служылі прадметам навуковай фантастыкі і футуралёгіі з пачатку XX стагодзьдзя, і могуць разьмяшчацца на Зямлі, Месяцы альбо іншай плянэце.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне канцэпту купалападобнага гораду дакладна ня высьветлена. Фраза «купалападобны горад» увайшла ва ўжытак у XIX стагодзьдзі з рознымі сэнсавымі адценьнямі, азначаючы ўрбаністычную панараму зь сягаючымі да купальнага даху гмахамі. Вядома, што адным зь першых гэты тэрмін ужыў Ўільям Дэлізл Гэй у сваёй кнізе «За тры сотні гадоў адсюль» (анг. Three Hundred Years Hence), якая апісвае футурыстычную цывілізацыю, дзе большая частка чалавецтва жыве на дне мора ў шкляных купалападобных гарадах, што дазваляе выкарыстоўваць зямную паверхню ў асноўным для сельскай гаспадаркі. Іншыя прыклады з пачатку XX стагодзьдзя адзначаныя ў некаторых каталёгах па навуковай фантастыцы[1].

Тэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтары выкарыстоўвалі тэму купалападобнага гораду ў адказ на мноства праблемаў, часам з выгадай для насельніцтва, якое жыве ў ягоных межах, часам наадварот. Праблема забруджваньня паветра і іншых тыпаў разбурэньня навакольнага асяродзьдзя зьяўляюцца асноўным матывам, асабліва ў апавяданьнях сярэдзіны-канца XX стагодзьдзя. У некаторых творах купалападобныя гарады ўяўляюць апошняе месца чалавечае расы, якая загінула ці загінае[2]. Фільм «Уцёкі Логана» 1976 году апрацоўвае абедзьве гэтыя тэмы. Пэрсанажы ў межах купалу пражываюць у камфортных умовах, але горад служыць таксама і для іх кантраляваньня, каб упэўніцца, што патрэбы чалавецтва ўжо ніколі не пераўзыдуць ягоных сродкаў[3].

У мастацкай літаратуры купалападобныя гарады інтэрпрэтаваліся як сымбаль калыскі альбо ўлоньня, якое адначасова гадуе і ахоўвае чалавецтва. Тым часам, як іншыя творы навуковай фантастыкі акцэнтуюць на ідэі калянізацыі іншых сусьветаў, купалападобныя гарады абмяжоўваюцца сваімі жыхарамі, з тым падтэкстам, што ў выпадку кантакту з вонкавым сьветам адбудуцца надзвычай разбуральныя і хаатычныя наступствы[4].

Інжынэрныя прапановы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 19601970 гг. канцэпт купалападобных гарадоў шырока абмяркоўваўся па-за межамі асяродзьдзя навуковай фантастыкі. Адным разам амэрыканскі архітэктар Рычард Бакмінстэр Фулер апісаў 3-кілямэтровы геадэзічны купал, што мусіць ахопліваць частку Мангэтана, рэгулюючы надвор’е і паніжаючы забруджваньне паветра[5].

Купальны горад таксама прапаноўвася для Г'юстана[6] і раней для Вінускі, Вэрмонт[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bleiler, Everett F. (1990). Science Fiction: The Early Years.
  2. ^ Yanarella, Ernest J. (2001). The Cross, the Plow and the Skyline.
  3. ^ Díaz-Diocaretz, Myriam (2006). The Matrix in Theory and Practice.
  4. ^ Kreuziger, Frederick A. (1986). The Religion of Science Fiction.
  5. ^ Buckminster Fuller (1965-09-26) The Case for a Domed City. St. Louis Post-Dispatch
  6. ^ Discovery Channel: A Dome over Houston
  7. ^ Time: Environment: A Dome for Winooski? (Dec 1979)