Купал-цыбуліна
Купал-цыбуліна (па-расейску: купол-луковица, луковичная глава) — купал, які мае пукатую форму з плыўным завострываньнем у верхавіне і падобны на цыбуліну. Традыцыйна ўжываецца ў Расеі, Турэччыне, Індыі і на Сярэднім Усходзе.
Купалы-цыбуліны звычайна маюць большы дыямэтар, чым аснова, на якой яны стаяць, а іхная вышыня пераўзыходзіць шырыню. Асноўныя адрозьненьні гэтых купалоў ад традыцыйных для дойлідзтва Беларусі барокавых завяршэньняў сакральных збудаваньняў — баняў — адсутнасьць падзелу на грані, просты сылюэт[1].
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Маскоўская дзяржава [рэдагаваць]
Згодна з найбольш пашыраным меркаваньнем, выкладзеным у шэрагу падручнікаў, даведнікаў, навуковых і папулярных працаў[2], купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца ў архітэктуры Маскоўскай дзяржавы ў 2-й пал. XVI ст. Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што купалы падобнага кшталту, старэйшыя за мяжу XVI—XVII стст., да нашага часу не захаваліся[3].
Як мяркуецца, масавую папулярнасьць купалы-цыбуліны атрымалі толькі ў часе кіраваньня Івана Жахлівага, калі ў гонар узяцьця татарскай Казані той збудаваў Пакроўскі сабор. Некаторыя дасьледнікі разглядаюць дадзены архітэктурны элемэнт як запазычаньне ў мусульманаў[4][5][6], існуюць і іншыя тлумачэньні[7]
На гэтым тле асобна вылучаецца меркаваньне расейскага мастацтвазнаўца Сяргея Заграеўскага, што грунтуецца на наступным прынцыпе: «адсутнасьць архітэктурна-археалягічнай інфармацыі пра купалы-цыбуліны, старэйшыя за XVI ст., ня можа зьяўляцца інфармацыяй пра адсутнасьць такіх элемэнтаў у рэчаіснасьці». Паводле сьцьвярджэньня самога дасьледніка, у сваёй працы[2] ён «умоўна давёў», што купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца на тэрыторыі сучаснай Украіны поруч з традыцыйнымі бізантыйскімі завяршэньнямі яшчэ ў XII ст. (у якасьці абгрунтаваньня дадзенай гіпотэзы прыводзяцца галіцка-валынскія мініятуры, датаваныя 1164 годам), аднак шырокае распаўсюджаньне яны атрымалі толькі ў 2-й пал. XIII — кан. XVI стст. (часы мангольскай навалы)[2].
У той жа працы[2] Заграеўскі пераканаўча даводзіць, што агучаная некаторымі дасьледнікамі тэорыя паступовай эвалюцыі ад бізантыйскіх да цыбулепадобных купалоў (праз шаломападобныя) зьяўляецца абсалютна неабгрунтаванай з прычыны адсутнасьці якіх-кольвек пацьверджаньняў існаваньня купалоў-шаломаў да XVII—XVIII стст. Менавіта ў гэты час расейскія ўлады пачалі масава замяніць на шаломы старыя цыбулепадобныя завяршэньні з мэтай стылізацыі ўласных цэркваў «пад даўніну».
Беларусь [рэдагаваць]
На тэрыторыі сучаснай Беларусі купалы-цыбуліны пачалі ўжывацца па задушэньні паўстаньня 1863—1864 гадоў, у рэчышчы палітыкі расеізацыі й дээўрапеізацыі, што праводзіліся пад кіраўніцтвам Мураўёва-вешальніка. З гэтага часу ўсякая новая пабудова мусіла адпавядаць сэрыі тыповых праектаў цэркваў-мураўёвак на 150—185, 250—300 або 450—500 чалавек. У 1863 годзе выйшаў «Збор тыповых праектаў пабудовы праваслаўных цэркваў у Беларускіх губэрнях», укладзены архітэктарамі Чагіным і Рэзанавым[6].
На думку беларускага мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, сёньняшняе жаданьне сьвятароў Маскоўскага патрыярхату прыдаць як мага больш экзатычны, нетутэйшы выгляд сваім храмам на Беларусі зьяўляецца працягам русіфікацыйнай палітыкі, распачатай уладамі Расейскай імпэрыі[6].
Сымбалізм [рэдагаваць]
Згодна з афіцыйным тлумачэньнем, значна пазьнейшым за зьяўленьне саміх купалоў-цыбулінаў, дадзены архітэктурны элемэнт у маскоўскай традыцыі ўвасабляе ідэю глыбокага малітоўнага гарэньня да нябёсаў, празь якое зямны сьвет, нібы, робіцца датычным да тагасьветнага багацьця. Гэта стварае вобраз расейскага храма як «языка полымя, што сканчаецца крыжам»[8][9].
Аднак як падкрэсьлівае Заграеўскі[2]:
|
У пацьверджаньне гэтай тэзы дасьледнік адзначае, што ў даўнія часы золатам пакрывалася параўнальна малая колькасьць купалоў (толькі ў найбуйнейшых храмах), тым часам шматлікія зялёныя, сінія, карычневыя і чорныя завяршэньні ніякіх асацыяцыяў з полымем не выклікаюць[2].
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У вайну 1812 году Напалеон пры падыходзе да сталіцы Расеі (паглядзеўшы на яе ў сваю трубу) напісаў Жазэфіне, што ўжо бачыць «мячэты Масквы» (па-француску: mosquées à Moscou), такім чынам зблытаўшы праз купалы-цыбуліны тамтэйшыя цэрквы з мусульманскімі бажніцамі[6].
- У нямецкамоўнай мастацтвазнаўчай тэрміналёгіі існуе паняцьце такога архітэктурнага элемэнту, як «вежа-цыбуліна» (па-нямецку: Zwiebelturm), што ўжываецца датычна вежаў, завершаных падобнымі на цыбуліны купаламі (гранёнымі і без пазалоты). Дадзены архітэктурны разьвязак зьяўляецца адметнасьцю дойлідзтва Баварыі эпохі барока.
Галерэя [рэдагаваць]
-
Царква ў с. Пушкіна (Расея, Маскоўская вобласьць), XX ст.
-
Купал даўняга мячэту ў Нізьве (Аман)
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 132.
- ^ а б в г д е ё Заграевский С. В. Формы глав (купольных покрытий) древнерусских храмов. — М., 2008.
- ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 58.
- ^ Бондаренко И. А. К вопросу о происхождении луковичной формы церковных глав // Народное зодчество. — Петрозаводск, 1998.
- ^ Смирнова Э. С. Московская икона XIV—XVII веков. — Л., 1988. С. 47.
- ^ а б в г Сяргей Харэўскі. Мosquées à Moscou, альбо яшчэ раз пра «цыбуліны» // «Наша Ніва», 19 лістапада 2010.
- ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 59.
- ^ Трубецкой Е.Н. Три очерка о русской иконе. 1917. — Новосибирск, 1991. С. 10.
- ^ Кудрявцев М. П., Мокеев Г. Я. О типичном русском храме XVII в. // Архитектурное наследство. № 29. — М., 1981. С. 72.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Купал-цыбуліна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў