Кіпрыян Кандратовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч
15 красавіка 1858(1858-04-15)31 кастрычніка 1932(1932-10-31) (74 гады)
Месца нараджэньня Сьцяг Расейскай імпэрыі в.Зіневічы (цяпер Воранаўскі раён)
Месца сьмерці Сьцяг Польшчы маёнтак Гародна, Лідчына
Прыналежнасьць Сьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Сьцяг Беларусі БНР
Сьцяг Летувы Летува
Род войскаў пяхота
Гады службы 1875 - 1920
Званьне Генэрал ад інфатэрыі
Камандаваў 2-я брыг. 30-й пях. дыв., 9-я Усх.-Сіб. стралк. брыг., 2-гі армейск. корп., 23-ці армейск. корп.,
міністэрства абароны БНР

Кіпрыян Кандратовіч (28 красавіка 1859 в.Зіневічы (цяпер Лідзкі раён) — 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна, Лідчына) — расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 году ў вёсцы Зіневічы (Воранаўскі раён). Ён быў незаконнанароджаным сынам графа Юрыя Трубяцкога, павятовага судзьдзі. Маці — Зінаіда Залеская — дачка абшарніка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч. Маці выйшла замуж за шляхціца Кандратовіча, чыё прозьвішча і імя па бацьку Кіпрыян атрымаў.

Кандратовічы — старажытны ліцьвінскі род, герб — Сыракомля.

Вучыўся ў Лідзкай павятовай дваранскай школе.

У 1875 г. у Вільні пачаў вайсковую службу ў 105-м Арэнбурскім пяхотным палку. У 1878 годзе атрымаў званьне падпаручніка і перайшоў у Ізмайлаўскі полк лейб-гвардыі ў Санкт-Пецярбургу, які ўдзельнічаў у Расейска-турэцкай вайне. У 1879 годзе перавёўся ў Егерскі полк лейб-гвардыі. У 1884 годзе скончыў курс Мікалаеўскай акадэміі Генэральнага штаба і пачаў весьці калёнку ваеннага агляду ва ўнівэрсытэцкай газэце «Маскоўскія ведамасьці». У 1900 годзе атрыманьне званьне генэрал-маёра і стаў загадваць 2-й брыгадай 30-й пяхотнай дывізіі. Увосень 1900 году падчас паўстаньня баксэраў у Кітаі лятучы атрад пад яго загадам праклаў расейскі тэлеграф ад Порт-Артура праз Мукдэн у Сыбір, што злучыла Санкт-Пецярбург з Манчжурыяй і Квантунам. За баявыя дзеяньні атрымаў ордэн сьвятога Ўладзімера 3-й ступені зь мячамі. У 1902 годзе прыбыў у распараджэньне загадніка войскамі Квантунскай вобласьці Яўгена Аляксеева. У 1904 годзе стаў загадваць 9-й Усходне-Сыбірскай стралковай брыгадай, пазьней разгорнутую ў дывізію. Падчас Расейска-японскай вайны ўдзельнічаў у баі пад Вафангоў 1—2 (14—15) чэрвеня 1904 году. 16—18 жніўня ў бітве пад Ляоянам прадухіліў разгром сваёй дывізіі праз прыкрыцьцё яе адступленьня. За гэта 17 ліпеня 1906 году атрымаў ордэн сьвятога Георгія 4-й ступені[1].

13 лютага 1905 году быў паранены. За вайну таксама атрымаў чын генэрал-лейтэнанта, залатую зброю «За храбрасьць» і ордэны сьвятога Станіслава 1-й ступені зь мячамі і сьвятой Ганны 1-й ступені зь мячамі. У 1908 годзе стаў начальнікам штаба Сямірэчанскага казачага войска і памагатым Туркестанскага генэрал-губэрнатара Аляксандра Самсонава. На пачатку 1910 году атрымаў званьне генэрала ад інфантэрыі і стаў загадваць 1-м Каўкаскім армейскім корпусам у Тбілісі. 15 жніўня 1913 году стаў загадваць новаўтвораным 23-м армейскім корпусам у Варшаўскай вайсковай акрузе. На пачатку Першай сусьветнай вайны разьбіў 41-ю пяхотную дывізію ў бітве пад Вапліцам 14/27 жніўня 1914 году і ўзяў звыш 1000 ваеннапалонных немцаў. 30 жніўня яго зьнялі з пасады камандзіра 23-га корпуса пасьля наступу 1-га нямецкага корпуса на Ронцкен. 25 лістапада 1915 году залічаны ў запас Менскай вайсковай акругі. 8 траўня 1917 году стаў загадваць 75-й пяхотнай дывізіяй у Пінску[1].

У 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На зьезьдзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). У траўні-ліпені 1918 году ў Народным сакратарыяце БНР быў народным сакратаром унутраных справаў. У сьнежні 1918 году ў Вільні стварыў 1-ы беларуск полк, які да красавіка 1918 году ў складзе 5 ротаў і аднаго эскадрона разьмяшчаўся ў Аляксандраўскіх казармах. У 1919 годзе працаваў у складзе дэлегацыі ўраду БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920—1921 гадах быў намесьнікам міністра аховы краю Летувы. Пасьля выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Гародна ў Лідзкім павеце разам з жонкай Адай і дачкой Верай[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Вячаслаў Бандарэнка. Дзіўны выбар // Зьвязда : газэта. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1904 — 05. Летопись войны с Японией, номера 1 — 84. Т-во Р. Голике и А. Вильборг, СПб. 1905.
  • 1911. Список генералам по старшинству, часть 1, 2 и 3, составлен по 1-е июня 1911 года. С. 109, стр.556.
  • 1914. Список генералам по старшинству. Составлен по 15 апреля 1914 года. С. 100, 1012 стр.
  • 1916. Список генералам по старшинству. Составлен 10 июля 1916 года. С. 9, стр. 217

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]