Кітападобныя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кітападобныя
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаСысуны
ІнфраклясаПляцэнтарныя
АтрадКітападобныя
парваатрады і сямейства
Бінамінальная намэнклятура
Cetacea
Brisson, 1762

Кітападобныя (па-лацінску: Cetacea) — атрад сысуноў, якія поўнасьцю прызвычаіліся да жыцьця ў вадзе. Кітападобныя разам з парнакапытнымі зрэдку адносяць да пазасыстэмнай групы кітапарнакапытных. Нярэдка кітамі называюць усіх кітападобных, акрамя дэльфінаў і марскіх сьвіней. Кітапабодныя зьяўляюцца самымі буйнымі жывёламі ў сьвеце. Навуковая назва cētus і беларускае слова кіт вытвараецца ад грэцкага κῆτος — марская пачвара.

Кітападобныя маюць абцякальную форму цела, гладкую скуру, амаль бяз поўсьці. Тоўсты слой тлушчу абараняе ад перахаладжэньня. Верхнія канцавіны пераўтвораны ў ласты, ніжнія — адмерлыя. Хвост сканчваецца вялікім гарызантальным плаўніком.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Эвалюцыя кітападобных

Кіты, як мяркуецца, паходзяць ад парнакапытных наземных сысуноў, якія каля 50 млн гадоў таму перайшлі да паўводнага ладу жыцьця.

Існуюць розныя тэорыі наконт паходжаньня кітоў. Меркавалася, што кіты, дэльфіны й марскія сьвіньні паходзяць ад групы наземных сысуноў мэзаніхіі. Гэтыя істоты былі падобныя на ваўкоў, але мелі капыты падобна каровам і аленям. Яны жылі прыблізна 60 мільёнаў гадоў таму вакол старажытнага мора Тэтыс, там, дзе цяпер знаходзіцца Міжземнае мора й частка Азіяцкага субкантынэнта. Мэзаніхіі, верагодна, палявалі на рыбу й іншых водных жывёлаў у прыбярэжных балотах і эстуарыях. Паколькі яны праводзілі ўсё больш часу ў вадзе, іх цела пачало зьмяняцца. Яны сталі больш абцякальнымі, і ў іх разьвіліся магутныя, згладжаныя хвасты. Іхнія пярэднія канцавіны паступова ператвараліся ў плаўнікі, а заднія дэградавалі. Зьявіўся тоўсты пласт падскурнага тлушчу, а валасяны полаг пачаў зьнікаць. Для палягчэньня дыханьня з паверхні вады ноздры ў іх перамясьціліся наверх галавы й паступова ператварыліся ў дыхала.

Новыя малекулярна-генэтычныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што кітападобныя ёсьць блізкія сваякі парнакапытных, у прыватнасьці, гіпапатамаў[1]. На аснове гэтых дадзеных прапануецца нават уключыць кітападобных у склад атраду парнакапытных, а таксама прапануецца назва Cetartiodactyla для монафілятэлічнага таксона, які будзе ўключаць дзьве гэтыя групы.

Нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што сувязным зьвяном быў род індахуісаў, які жыў на тэрыторыі сучаснага Пакістану й зьнешне нагадваў сучасных аленьковых. На працягу эацэну продкі кітоў паступова прыстасоўваліся да жыцьця ў моры, запаўняючы экалягічную нішу, якая вызвалілася пасьля выміраньня мазазаўраў і плезыёзаўраў. З часам яны страцілі ўсякую сувязь з сушай і набылі новыя адаптацыйныя прыкметы, згубіўшы рысы, характэрныя для наземных сысуноў.

Агульная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хваставыя лопасьці кіта-гарбача

Да атраду належаць сысуны, якія прыстасаваліся да пастаяннага жыцьця ў вадзе. Вонкава кітападобныя нагадваюць рыбаў, але адрозьніваюцца ад апошніх наяўнасьцю цеплакроўнасьці, лёгачнага дыханьня, наяўнасьцю рэшткаў валасянога покрыва, ўнутрыўлонавага развіцьця плоду й малочным гадаваньнем дзіцянятаў, і іншымі прыкметамі, якія аб’ядноўваюць іх з астатнімі сысунамі.

Памеры ў кітападобных найбольшыя сярод сысуноў: сярэдняя даўжыня цела сіняга кіта — 25 м, вага — 90-120 т. Самыя маленькія кітападобныя — чылійскі дэльфін і дэльфін Гектара, якія адносяцца да роду пярэстых дэльфінаў (Cephalorhynchys): даўжыня цела ў іх не перавышае 120 см, маса складае 45 кг.

Найменшы супраціў вады пры плаваньні ў кітападобных забясьпечваецца абцякальнай формай цела, як то тарпэдападобнай альбо кропляпадобнай. Гэтаму ж спрыяла зьнікненьне валасянога покрыва й вушных ракавінаў. Скура кітападобных адрозьніваецца вялікай пругкасьцю, эластычнасьцю й ненамочанасьцю, што памяншае трэньне пры хуткім плаваньні. Галава звычайна масіўная; заканчваецца тупа, завастрыючыся або выцягваючыся ў «дзюбу» (рострум). Галава амаль бяз бачнага шыйнага перахопу пераходзіць у тулава, якое паступова звужаецца у хваставое сьцябло. Пярэднія канцавіны ператварыліся ў плоскія й цьвёрдыя грудныя плаўнікі (ласты), якія служаць у асноўным «рулямі глыбіні», а таксама забясьпечваюць павароты й тармажэньне. Ручыца ластаў вонкава не раздзелена. Свабодныя заднія канцавіны атрафаваліся, хоць у некаторых відаў выяўляюцца рудымэнты тазавых костак. Хваставая частка цела лятэральна ўплашчына; яна вельмі гнуткая й мускулістая, служыць асноўным лякаматорным органам. На ейным канцы маюцца парныя, гарызантальныя хваставыя лопасьці. Акрамя таго, у большасьці відаў на сьпіне знаходзіцца няпарны сьпінны плаўнік, які служыць своеасаблівым стабілізатарам пры плаваньні. Хваставыя й сьпінны плаўнікі ставяцца да скурных утварэньняў і пазбаўлены шкілета; ўнутры іх знаходзіцца храстковая тканіна. Грудныя, сьпінны й асабліва хваставы плаўнікі валодаюць зьменнай пругкасьцю, якая забясьпечваецца адмысловымі крывяноснымі судзінамі. Пругкасьць плаўнікоў залежыць ад хуткасьці плаваньня. Акрамя лякаматорнай функцыі плаўнікі выконваюць тэрмарэгулюючую функцыю: празь іх у першую чаргу сыходзіць лішак цяпла.

Скурныя залозы ў кітападобных адсутнічаюць; выключэнне складаюць дзьве малочныя залозы, якія разьмешчаны ў задняй палове цела. Смочкі зьмяшчаюцца ў падоўжаных скурных кішэнях па баках плоцевай шчыліны й вонкі выступаюць толькі ў кормячых самак. Пад скурай знаходзіцца пласт тлушчавай тканіны (ворвані) таўшчынёй ад 2,5 да 30 см. Падскурны тлушч абараняе цела ад пераахалоджваньня, дапамагае ўтрымліваць у арганізьме ваду, якая інакш дыфундыравала бы ў навакольнае асяродзьдзе, а таксама зьяўляецца энэргетычным запасам на час галадовак. Тэмпэратура цела за кошт добрай ізаляцыі тлушчавай праслойкай вагаецца ў межах ад 35 да 40 °C.

Воласяное покрыва адсутнічае. У вусатых кітоў на пысе растуць асобныя шчацінападобныя валасінкі, які нагадваюць вібрысы наземных сысуноў; яны служаць органам дотыку. У зубатых кітоў вібрысамі ў дарослым стане валодаюць толькі гангаўскі дэльфін і амазонская інія, якія жывуць у каламутнай рачной вадзе; ў большасьці іншых зубатых кітоў вібрысы маюць толькі эмбрыёны. Афарбоўка кітападобных бывае аднатоннай, проціценевай (цёмнай зьверху й сьветлай зьнізу) або плямістай. У некаторых відаў яна схільная узроставай зьменлівасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]