Ласкацень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Месцазнаходжаньне ласкаценю

Ласкаце́нь (састар. — се́кель; па-лацінску: clitoris — юрнік / па-лацінску: clitorido — казычу) — Y-падобны або ў форме «рагаткі», трохі пляскаты з бакоў плоцевы орган жанчыны, які складаецца з парных пячорыстых целаў. Ласкацень складаецца з галоўкі, цела, утворанага двума пячорыстымі целамі, і своеасаблівых ножак. Галоўка ласкаценю мае выгляд грудка, разьмешчанага ў верхняй частцы ўваходу ў похву, разьмяшчаецца ззаду і ніжэй пярэдняй зьнітоўкі вялікіх вуснаў, паміж іхнімі пярэднімі ўчасткамі.

Цела і ножкі сыходзяць углыб цела жанчыны. Ножкі ласкаценю разьмешчаныя па абодва бакі ад похвы. Зьмяшчае мноства сасудаў і нэрвовых канчаткаў. У розных жанчын ласкацень мае розныя памеры і розныя пасадачныя месцы ў прамежнасьці. Даўжыня галоўкі ласкаценю ў большасьці здаровых жанчынаў складае 4-7 мм, а яе дыямэтар складае ад 2 да 20 мм. Агульная сярэдняя даўжыня ласкаценю, большая частка якога знаходзіцца ўнутры цела жанчыны, складае каля 10 см. Падчас аргазму практычна ня бачны. Ласкацень зьяўляецца гамолягам пячорыстых целаў мужчынскага чэлесу.