Латыская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Латыская (Latviešu valoda)
Ужываецца ў: Латвіі
Рэгіён: Усходняя Балтыка
Колькасьць карыстальнікаў: 2,2 мільёнаў
Клясыфікацыя: Індаэўрапейская

 Балцкія
  Усходнебалцкія
    Латыская

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў: Латвіі, Эўразьвязе
Рэгулюецца: Дзяржаўным цэнтрам мовы Латыскай Рэспублікі (Latvijas Republikas Valsts valodas centrs)
Код мовы
ISO 639-1 lv
ISO 639-2(B) lav
ISO 639-2(T) lav
SIL LAT


Латы́ская мова (Latviešu valoda) — мова ўсходнебалцкай падгрупы балцкай групы моваў, якой карыстаецца каля 2 млн. чалавек у Латвіі (дзе яна лічыцца адзінай дзяржаўнай мовай), а таксама блізу 200-300 тысяч чалавек у астатнім сьвеце. Родная мова латышоў. Адна з афіцыйных моваў Эўразьвязу.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя разьвіцьця латыскай мовы

Латыская мова ўзьнікла прыкладна ў 7-9 стст. н.э. у выніку адзьдзяленьня ўласналатыскіх гаворак латгалаў, зэмгалаў, куршаў і сэлаў ад гаворак, якія адказныя за стварэньне сучаснай летувіскай мовы.

Сучасная фанэтычная сыстэма латыскай мовы склалася прыблізна да пачатку 13 ст. У мове выдзяляюць тры групы дыялектаў: лівонскі, сярэдне-латыскі і верхне-латыскі (латгальскі). [1] У аснову літаратурнай мовы быў пакладзены сярэдне-латыскі дыялект. Першым упарадкаваным пісьмовым помнікам на латыскай мове лічыцца каталіцкі «Катэхізыс» (1585) [2], аднак асобныя спарадычныя пераклады касьцёльных сьпеваў і пацераў адносяцца ўжо да першай паловы 16 стагодзьдзя. Для перадачы мовы на пісьме першапачаткова выкарыстоўваўся гатычны шрыфт, а сама артаграфія была пазычаная зь ніжненямецкай мовы.

У першай палове 17 ст. была створаная ўжо досыць трывалая артаграфічная сыстэма латыскай мовы на базе верхненямецкага пісьма, якая праіснавала ажно да сярэдзіны 19 ст.. Замацаваньню гэтай сыстэмы пісьма садзейнічалі такія выданьні як «Postilla» Г. Манцэля і Катэхізіс (1680) зь Бібліяй (1685-1694) ў перакладзе Э. Глюка.

Сапраўдны штуршок да разьвіцьця мова атрымала ў 19 ст. у сувязі зь адукацыйнай дзейнасьцю младалатышоў, якія садзейнічалі разьвіцьцю народнай асьветы й культуры. Зь імёнамі Ю. Алунанса й А. Кронвалдса зьвязана зьяўленьне латыскай літаратурнай мовы. Вялікая праца па ўзбагачэньню мовы новымі лексычнымі формамі вялася на старонках газэты «Pēterburgas Avīzes» – своеасаблівага латыскага адпаведніку «Нашай Нівы».

Латыская мова зазнала вялікі ўплыў з боку нямецкай мовы, які адбываўся на працягу 13-19 стст. Зьвязана гэта ў асноўным зь дзейнасьцю нямецкіх пастыраў, якія стараліся як мага эфектыўней данесьці да простага люду божыя запаветы, для чаго выкарыстоўвалі сваю родную мову ў якасьці крыніцы інтэлектуальнага натхненьня. У 19 ст. пашырыўся ўплыў расейскай мовы, які моцна павялічыўся за часамі знаходжаньня Латвіі ў складзе СССР. Канец 20 – пачатак 21 ст. выразна засьведчыў прагу латышоў узнавіць аўтэнтычныя формы сваёй мовы. Чыстка закранула перш за ўсё яе лексычны склад, у якім значна паболела прыдуманых і вернутых з забыцьця ці па-просту пераасэнсаваных і адаптаваных да новых умоваў словаў.

[рэдагаваць] Гісторыя вывучэньня латыскай мовы

Навуковае апісаньне структуры латыскай мовы пачалося ўжо ў 17 ст. Першая друкаваная граматыка, якую склаў Ё.Г. Рэехузэн, зьявілася на сьвет у 1644 г. у Рызе. Але яна ўтрымлівала надзвычай мала эмпірычнага матэр’ялу, таму сучасныя лінгвісты пры вывучэньні старалатыскай мовы аддаюць перавагу граматыкам Г. Адольфі (1685) і Г. Стэндэра (першае выданьне – 1761). Першымі навуковымі граматыкамі, напісанымі па-латыску, сталі «Latviešu gramatika» «Latviešu valodas mācība» аўтарства Я. Эндзэлінса і К. Міленбаха, якія выйшлі ў 1907.

Да 17 ст. адносіцца й узьнікненьне слоўнікаў латыскай мовы, самы першы зь якіх, пад назовам «Lettus», быў выдадзены Г. Манцэлем у 1638 г. Затым зьявіліся самавітыя слоўнікі аўтарства Стэндэра (1761, 1789) і Я. Ланге (1772, І т.; 1777, ІІ т.). Вялікае значэньне для фармаваньня латыскай нацыі мелі патройныя – расейска-латыска-нямецкі (1872) і латыска-расейска-нямецкі (1879) – слоўнікі, выдадзеныя К. Валдэмарсам. А ўжо за часамі першай незалежнасьці быў выдадзены аграмадны слоўнік Міленбаха «Latviešu valodas vārdnīca» (у чатырох тамох, выдаваўся з 1923 да 1932), які спаміж уласна лексычных і фразэалягічных адзінак падаваў этымалёгію словаў і складовыя інтанацыі.

[рэдагаваць] Графічная сыстэма

Графічная сыстэма латыскай мовы пабудаваная на лацінскім альфабэце, адкуль яна пазычыла 22 літары (за выключэньнем «q», «w», «x» and «y»). Для больш натуральнай перадачы жывога маўленьня ў канцы 19 – пачатку 20 стст. да гэтага раду былі далучаныя яшчэ 11 мадыфікаваных літар.

[рэдагаваць] Альфабэт

У латыскай мове 33 літары:

Aa, Āā, Bb, Cc, Čč, Dd, Ee, Ēē, Ff, Gg, Ģģ, Hh, Ii, Īī, Jj, Kk, Ķķ, Ll, Ļļ, Mm, Nn, Ņņ, Oo, Pp, Rr, Ss, Šs, Tt, Uu, Ūū, Vv, Zz, Žž.

Важныя зацемы
Літара «o» пазначае адразу як дыфтонг, так і манафтонг (у словах замежнага паходжаньня), які да таго ж можа быць доўгім ці кароткім (даўжыня [ɔ:] на пісьме не адлюстроўваецца).
Літары «e», «ē» кожная пазначаюць два гукі: [ɛ], [æ] і [ɛ:] [æ:] адпаведна.
Літара «n» перад зычнымі «k» і «g» вымаўляецца як гук [ŋ].
Літары «ķ» и «ģ» па гучаньні набліжаныя да беларускіх гукаў [ц’], [дз’].
Спалучэньні літар «ds», «ts» у выпадку, калі яны належаць да аднаго й таго ж складу ў слове, вымаўляюцца як [ц].

[рэдагаваць] Фанэтычныя асаблівасьці

Гукі латыскай мовы імкнуцца да простай суаднесенасьці з ужыванымі на пісьме графічнымі знакамі: мала ня кожнай фанэме адпавядае асобная літара.

Усе гукі латыскай мовы падзяляюцца на галосныя й зычныя, а галосныя яшчэ – на манафтонгі (простыя галосныя) й дыфтонгі (складаныя галосныя). Акрамя таго, простыя галосныя могуць быць кароткімі й доўгімі, даўжыню гучаньня якіх прынята суадносіць як 1/2,5. На пісьме павялічаная даўжыня гукаў пазначаецца дыякрытычным значком (гарызантальнай рысачкай, «garumzīme»).

[рэдагаваць] Галосныя гукі

У латыскай мове дванаццаць простых галосных ([a], [a:], [ɛ], [ɛ:], [æ], [æ:], [i], [i:], [ɔ], [ɔ:], [u], [u:]), а таксама дзесяць дыфтонгаў ([aj], [uj], [ɔj], [ɛj], [aŭ], [iŭ], [eŭ], [ɔŭ], [iɛ], [uɔ]), кожны зь якіх (за выняткам [uɔ]) пазначаецца пры дапамозе дзьвюх літар. Пры гэтым спалучэньне на пісьме кароткага галоснага зь літарамі «j» ці «v» таксама вымаўляецца дыфтангічна, напрыклад: [ij] і [iŭ] у словах «birojs» і «zivs».

[рэдагаваць] Зычныя гукі

Зычныя гукі падзяляюцца на глухія і звонкія, цьвёрдыя й мяккія, пры гэтым мяккасьць гуку адлюстроўваецца пры дапамозе коммы - коскі, што ставіцца над літарай ці пад ёй. Калі коммы нямашака, гук звычайна вымаўляецца цьвёрда (напрыклад, прозьвішча «Zatlers» будзе гучыць як «Затлэрс»). Глухія зычныя ў сытуацыі паміж кароткімі галоснымі падаўжаюцца (так, слова «lapa» будзе вымаўляцца як «lappa»). Перад глухімі зычнымі звонкія гукі аглушаюцца, аднак гэтае правіла не датычыць іх знаходжаньня на канцы словаў, дзе яны заўсёды вымаўляюцца звонка.

Для напісаньня афрыкатаў [ʒ] і [ǯ] выкарыстоўваюцца дыграфы «dz» і «dž» адпаведна. Аднак, гэтыя літары могуць пазначаць і два розныя гукі, як, напрыклад, у слове «Vidzeme».

[рэдагаваць] Граматыка

Латыская мова належыць да ліку флексыўных моў. У ёй існуюць толькі два роды: мужчынскі і жаночы. Назоўнікі мужчынскага роду маюць канчаткі -s, -š, -is, -us, а жаночага — канчаткі -a, -e, -s (апошняя фіналь выкарыстоўваецца досыць рэдка). Існуюць два лікі (адзіночны і множны) і шэсьць скланеньняў назоўнікаў у сямі склонах. Парадак словаў у сказе вольны; у залежнасьці ад сэнсу, які мае быць выказаны, ён часта мяняецца.

У латыскай мове няма артыкляў. Але затое для сувязі словаў часта выкарыстоўваецца дапаможны дзеяслоў «būt» («быць») у розных формах: «Tas ir ozols» – «Гэта (ёсьць) дуб».

[рэдагаваць] Націск

Націск у латыскай мове ёсьць пераважна нерухомым і падае на першы склад слова.

Унармаваныя выключэньні
калі займеньнік ці прыслоўе пачынаецца з ne-: nekas, nemaz;
калі прыметнік ці прыслоўе стаяць у найвышэйшай ступені: vislabākais, vislabāk;
калі лічыльнік пачынаецца з pus-: pusviens;
у некаторых запазычаных словах (зазвычай з францускай мовы): ragū, ateljē.

Астатнія словы, якія не падпадаюць пад гэтыя правілы, замежнікам рэкамэндуецца проста запомніць пры вывучэньні мовы.

[рэдагаваць] Цікава ведаць

У латыскай мове не існуе дыфтонга [ɛŭ]. Менавіта таму на будучых банкнотах Эўрапейскага Зьвязу, што будуць выпускацца пасьля ўваходжаньня Латвіі ў зону эўра, мае зьявіцца трэці варыянт напісаньня гэтай валюты (пасьля агульнакантынэнтальнага «Euro» і грэцкага «Ευρώ»), а менавіта: «Eiro» [ɛjro], які ўтвораны ад латыскага «Eiropa».

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. Латгальская мова яшчэ ў 20-30 гг. 20 ст. уважалася латыскімі ўладамі за афіцыйную. Сёньня прыхільнікамі адраджэньня латгальскай ідэтычнасьці вядзецца барацьба за вяртаньне ёй афіцыйнага статусу. Водгульлем гэтай барацьбы сталі спробы запачаткаваць асобны праект Вікіпэдыі на латгальскай мове (гл. дыскусію).
  2. Грабис Р. Латышский язык. С. 467. // Языки народов СССР - М.: «Наука», 1966

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Вікіпэдыя

Вікіпэдыя мае вэрсію
на латыскай мове

Сьцяг ЭЗ Афіцыйныя мовы Эўразьвязу Сьцяг ЭЗ
ангельская | баўгарская | вугорская | грэцкая | дацкая | ірляндзкая | гішпанская | італьянская | латыская | летувіская | мальтыйская | нямецкая | нідэрляндзкая | польская | партугальская | румынская | славацкая | славенская | фінская | француская | чэская | швэдзкая | эстонская
Асабістыя прылады