Леанід Сініцын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леанід Сініцын
кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
22 ліпеня 1994 — 10 кастрычніка 1995
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Наступнік: Міхаіл Мясьніковіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 28 ліпеня 1954 (69 гадоў)
Полацак, БССР
Сужэнец: Вольга Балычэўцава
Адукацыя:

Леанід Георгіевіч Сініцын (рас. Леонид Георгиевич Синицын; нарадзіўся 28 ліпеня 1954 году, Полацак) — палітык, удзельнік усталяваньня рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расеец паводле ўласнага нацыянальнага вызначэньня. У 1971 годзе скончыў Полацкую сярэднюю школу № 4, па чым пайшоў працаваць на Полацкую мэблевую фабрыку. У 1972 годзе паступіў у Наваполацкі політэхнічны інстытут, дзе атрымаў сваю першую прафэсію — будаўніка, і пазнаёміўся з будучай жонкай, Вольгай. Па заканчэньні НПІ ў 1977 годзе паехаў паводле разьмеркаваньня працаваць майстрам у трэст № 17 «Лаўсанбуд» (Магілёў). У 1987 годзе перайшоў на працу ў апарат Магілёўскага абкаму КПБ, дзе паўтара году прарабіў інструктарам, потым быў прызначаны галоўным інжынэрам Трэсту № 17 «Лаўсанбуд».

У верасьні 1990 году абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня, дзе да 1994 году працаваў намесьнікам старшыні сталае камісіі Вярхоўнага Савету па пытаньнях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і жыльлёва-камунальнае гаспадаркі. У сакавіку 1994 году узначаліў перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі і за кароткі час змог стварыць эфэктыўную структуру па зборы подпісаў і вядзеньні агітацыйнае працы. Быў фактычным аўтарам перадвыбарчае праграмы Лукашэнкі.

Герб БССР (налева) і яго мадыфікацыя для рэжыму Лукашэнкі (направа)

Па перамозе Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, у ліпені 1994 — кастрычніку 1995 году стаяў на чале Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, у гэты час агучваў плян, што правядзеньне рэфэрэндуму з пытаньняў вяртаньня савецкай сыболікі і дзяржаўнага статусу расейскай мовы дазволіць набыць Лукашэнку папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі. Пры гэтым выступаў за далучэньне Беларусі да Расеі[1], меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[2] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[3]. Паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[4][5][6], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Пазьней апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[2]:

« Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. »

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, пры гэтым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[7].

Па зьбіцьці дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету як кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі адмовіўся выконваць запыт Генэральнай пракуратуры Беларусі — перадаць афіцыйны відэазапіс, які зафіксаваў зьбіцьцё[8].

У кастрычніку 1995 — 6 жніўня 1996 году займаў пасаду намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі. У якасьці віцэ-прэм’ера адказваў за будаўніцтва, сувязь, транспарт, жыльлёва-камунальную гаспадарку краіны, а таксама за супрацу зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.

Як глава Адміністрацыі прэзыдэнта, а потым віцэ-прэм’ер, пасьлядоўна падтрымліваў эканамічную інтэграцыю і палітычны саюз Беларусі й Расеі. Па адстаўцы яго запрасілі працаваць намесьнікам генэральнага дырэктара ў Фэдэральную фінансава-прамысловую групу Ўправы справамі прэзыдэнта Расеі. Працаваў дарадцам у спэцыялізаваных банках (ІнтэрТЭКбанк, «Банк высокіх тэхналёгіяў»). Старшыня аргкамітэту па стварэньні некамэрцыйнага расейска-беларускага Фонду сацыяльна-эканамічнай супрацы. З 2001 году — віцэ-прэзыдэнт беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Сацыяльныя тэхналёгіі».

Ізноў зьявіўся на беларускім палітычным гарызонце ў 2001 годзе з ініцыятывай збору подпісаў за прызнаньне міжнароднай грамадзкасьцю легітымнасьці Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. Браў удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 году. Выбыў зь перадвыбарнай гонкі па тым, як не набраў неабходнай колькасьці подпісаў выбарнікаў і ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата.

У чэрвені 2021 году даў інтэрвію газэце Народная Воля, дзе заявіў, што не падтрымлівае Лукашэнку а на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую[9].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька — Георгі Аляксеевіч Сініцын, расеец, вайсковец, маці — Кацярына Фёдараўна Сініцына (дзявочае прозьвішча Карпенка), беларуска, працавала ў харчовай прамысловасьці. Жонка — Вольга Аляксееўна Балычэўцава (нарадзілася 28 ліпеня 1954 году, Полацак). Пазнаёміліся ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце. Жонка мае міжнародны сэртыфікат, які дае права працаваць у эканамічнай і фінансавай сфэры. Працуе галоўным эканамістам у «Міжгандальбанку» (Менск). Сын, Аляксей Сініцын скончыў БДУ, працуе ў «БелАвія». Валодае ангельскай і кітайскай мовамі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]