Ленінскі (Берасьцейская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ленінскі
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Жабінкаўскі
Сельсавет: Ленінскі
Насельніцтва: 1781 чал. (2015)
Колькасьць двароў: 728
Тэлефонны код: +375 1641[1]
Паштовы індэкс: 225111[1]
Аўтамабільны код: 1

Ле́нінскі — пасёлак у Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Ленінскі зьяўляецца цэнтрам Ленінскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гатэчына (у спаланізаванай форме — Атэчызна), таксама Гатаўшчызна-Зьдзітавец згадваецца ў дакумэнтах ВКЛ з 2-й паловы XVII ст. як шляхецкі двор роду Фядзюшкаў. З XVIII ст. Гатэчына належыць роду Сяклюцкіх, затым маёнтак пераходзіць ва ўласнасьць князёў Бельскіх. З таго часу і да 1939 г. Бельскія былі пастаяннымі ўладальнікамі Атэчызны. Апошнім яе гаспадаром быў Эдвард Бельскі. 

У маёнтку меўся стары драўляны дворак, пабудаваны пры Бельскіх у XVIII ст. Аднапавярховы, з высокім чатырохсхільным гонтавым дахам, ён меў форму доўгага простакутніка. З боку галоўнага ўваходу меўся невялікі ганак на чатырох драўляных слупах, на якія абапіраўся трохкутны шчыток. У 2-й палове XIX ст. Ксавэры Бельскі дабудаваў да левага крыла палацу чатыры службовыя пакоі. 

Сядзібны дом меў шырокія сені і 13 пакояў. Рэпрэзэнтыўныя пакоі месьціліся ў правым крыле. У доме стаяла мэбля ў стылі Людовіка XV, на сьценах разьмяшчаліся ўнікальныя карціны, у прыватнасьці «Сьвятая сям’я» Рубэнса (верагодна — не арыгінал), два палатны мастака Граўза і палатно мастака Тэнірса «Два рыбакі зь сеткай». У вялікім сталовым пакоі вісела таксама шмат карцінаў, у тым ліку 15 партрэтаў прадстаўнікоў роду Бельскіх. Увесь гэты каштоўны збор мастацкіх твораў быў абрабаваны нямецкімі войскамі ў 1915 г.

Палац стаяў сярод маляўнічага старажытнага парку плошчай каля 20 га. Новую кампазыцыйную пляніроўку парку зрабіў у 1910 г. архітэктар Франсуа Шэнье. У непасрэднай блізкасьці ад палацу парк меў шэраг баскетаў, абкружаных стрыжанымі дрэвамі і кустамі. Перад домам разьмяшчаўся велізарны газон, побач рос старажытны (700—800 гадоў) дуб, далей 2 альтанкі, абсаджаныя 250-гадовымі каштанамі і вельмі старымі ліпамі, некалькі прагулачных кляновых і ліпавых алей. Асаблівую прыгажосьць парку надавалі каналы і сажалка. 

Палацава-паркавы ансамбль моцна пацярпеў у гады 1-й і 2-й сусьветных войнаў, а падчас апошняй вайны палац быў спалены. У савецкія часы парк прыйшоў у заняпад. Сёньня плошча рэшткаў парку складае некалькі гектараў. Захаваліся старажытны дуб і частка дрэвастою лісьцевых парод.

Старажытны дуб у парку мае вышыню каля 25 м пры дыямэтры ствала 2,6 м. Зьяўляецца адным з найбольш самых старых у парках Беларусі і абвешчаны помнікам прыроды. Яго крона — велізарны шацёр у памеры 30х26 м.

Парк узяты на ўлік і пад ахову дзяржавы.

З 1905 г. у маёнтку Бельскіх працаваў бровар. Цяпер ён належыць СВК «Рагазьнянскі».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1816 г. у Гатэчыне жылі 112 сялянскіх сямей, у 1845 г. — 461 сялянін. Згодна з устаўной граматай 1862 г., у маёнтку засталося 80 дваровых людзей; 410 былых прыгонных атрымалі волю ад памешчыка I. Бельскага бяз выкупу. Паводле перапісу 1897 г. Гатэчына (Атэчызна) складалася з сядзібы і будкі № 18 пры Маскоўска-Варшаўскай шашы, дзе агулам жылі 48 чалавек.

Паводле стану на 1 студзеня 2015 году ў пас. Ленінскі колькасьць жыхароў складала 1781 чал., было 728 прыватных гаспадарак.[2]

Інфраструктура і сацыяльныя аб’екты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пас. Ленінскі знаходзіцца сядзіба СВК «Рагазьнянскі», існуе фэрмэрская гаспадарка “АтэчызнаАгра”, вырабляе мёд на продаж пчаляр-прыватнік.

У аграгарадку дзейнічаюць таксама[2]:

  • філіялы ААТ «Беларусбанк»,
  • аддзяленьне паштовай сувязі,
  • Дом культуры,
  • сярэдняя школа,
  • ясьлі-сад,
  • крама,
  • амбуляторыя,
  • комплексны прыёмны пункт.

У Ленінскім таксама працуе дзіцячая школа мастацтваў (адна з двух у Жабінкаўскім раёне), народны ансамбль «Музычны вянок». У траўні 2014 з ініцыятывы педагогаў дзіцячай школы мастацтваў пас. Ленінскі ўпершыню ў Жабінкаўскім раёне ладзіўся творчы конкурс эстраднай песьні «Мы спяваем» для выканаўцаў ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў.[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]