Лепель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Лепель
У цэнтры места
У цэнтры места
Coat of Arms of Lepiel, Belarus.svg Flag of Lepiel, Belarus.svg
Герб Лепеля Сьцяг Лепеля
Першыя згадкі: 1439
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Лепельскі
Насельніцтва: 17 400 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2132
Паштовы індэкс: 211180
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°52′30″ пн. ш. 28°41′40″ у. д. / 54.875° пн. ш. 28.69444° у. д. / 54.875; 28.69444Каардынаты: 54°52′30″ пн. ш. 28°41′40″ у. д. / 54.875° пн. ш. 28.69444° у. д. / 54.875; 28.69444
Лепель на мапе Беларусі
Лепель
Лепель
Лепель
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ле́пель — места ў Беларусі, на беразе Лепельскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 17,4 тыс. чал. (2010). Знаходзіцца за 115 км ад Віцебску. Канцавая станцыя на чыгуначнай лініі Ворша — Лепель. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Полацкам, Менскам, Віцебскам, Воршай.

Лепель — даўняе места гістарычнай Полаччыны.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Лепель». Беларускі географ В. Жучкевіч лічыў, што ў яго аснове беларускія словы «лепей», «лепы» (у сэнсе лепшы, прыгожы) або «ляпіць» (зьвязаны з ганчарным рамяством)[1]. На думку расейскага гісторыка А. Качубінскага, назва ўтварылася ад латыскага слова «Ііара» — «ліпа» (у сэнсе «возера сярод ліпавых лясоў»)[2]. Супрацоўнікі Рыскага музэю гісторыі, літаратуры і мастацтва імя Я. Райніса зьвязваюць назву места з латыскім «лепе» ці летувіскім «лепеле», што ў абодвух выпадках абазначае «жоўтыя гарлачыкі». Беларускі навуковец Р. Аўчыньнікава мяркуе, што тапонім мае фіна-вугорскае паходжаньне («леп») і перакладаецца, як «альховы»[3].

Таксама існуе народнае паданьне пра знакамітага падарожніка, што завітаў на Лепельшчыну. Спачатку ён падзівіўся: «О, як тут пышна!» (гэтак узьнікла назва вёскі Пышна). Калі ж паехаў далей, то ўзрушыўся прыгажосьцю мясьціны: «Ого, а тут яшчэ лепей!» Адсюль, згодна з паданьнем, і ўтварылася назва Лепель[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Лепеля

Першы пісьмовы ўпамін пра Лепель датуецца 1439. У гэты час на высьпе Лепельскага возера існавалі вёска і маёнтак Стары Лепель, якія Міхал Жыгімонтавіч падараваў Віцебскаму рымска-каталіцкаму касьцёлу. У 1503 вялікі князь Аляксандар зацьвердзіў за Віцебскім касьцёлам дарунак Міхала Жыгімонтавіча, дадаўшы да яго Баравенскае войтаўства і вёскі Машчоны ды Соржыцу. У 1541 з згоды Папы Рымскага вялікі князь Жыгімонт Стары далучыў Лепельскі маёнтак да Віленскай катэдры. У Інфлянцкую вайну (15581582) на тэрыторыі маёнтку збудавалі драўляны замак[4].

У 1563 побач з замкам на высьпе заснавалі места Лепель, пры якім працаваў гандлёвы порт. У тым жа годзе Віленская капітула, ня будучы ў стане бараніць маёмасьць ад несупынных нападаў суседняй Маскоўскага дзяржавы, аддала мясьціну ў валоданьне вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту з умовай, што калі ён захоча назаўсёды пакінуць гэтую маёмасьць сабе, то мусіць даць капітуле іншую маёмасьць той самай вартасьці. Аднак насуперак дамоўленасьці ў 1568 Жыгімонт Аўгуст аддаў маёнтак у пажыцьцёвае карыстаньне кашталяну смаленскаму Юрыю Зяновічу, а па ягонай сьмерці — ваяводу полацкаму Мікалаю Дарагастайскаму. У 1579 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вярнуў лепельскую маёмасьць Віленскай рымска-каталіцкай катэдры.

Герб Лепеля, 1850[5]

На 1580 у месьце Лепель было 300 дамоў, якія стаялі на высьпе і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель)[6]. 19 траўня 1586 маёнтак Лепле набыў Леў Сапега. За 3 км ад Старога Лепеля, у вёсцы Белае, ён заснаваў мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды неўзабаве перамясьціўся гандлёвы цэнтар. Апроч таго, у мястэчку збудавалі замак, царкву і касьцёл. У 1609 Леў Сапега перадаў Стары Лепель і Новы Лепель Віленскаму кляштару бэрнардынак, які дзейнічаў пры касьцёле Сьвятога Міхала.

У 17721776 у зьвязку зь першым падзелам Рэчы Паспалітай Лепель стаў сталіцай Полацкага ваяводзтва. У месьце адбываліся паседжаньні земскага і гродзкага судоў[6].

Царква і касьцёл (удалечыні), 1866

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкай, з 1802 — Віцебскай губэрні. У 17971805 вялося будаваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, дырэкцыя якой разьмясьцілася ў Лепелі (у 18331839 тут працаваў калега і сябар Адама Міцкевіча Ян Чачот). У 1804 адбылося зацьвярджэньне першага пляну забудовы места. У вайну 1812 году Лепель панёс вялікія страты: войскі, што праходзілі празь места, спалілі яго.

У 1821 у Лепелі адкрылася аптэка, у 1830 — 4-клясная вучэльня. У 1833 места моцна пацярпела ад пажару. У 1835 складзены генэральны плян Лепеля, згодна зь якім места падзялялася на цэнтар і 26 кварталаў (у 1860 гэты плян скарэктавалі, падзяліўшы Лепель на 30 кварталаў і 4 плошчы). У 18411844 тут збудавалі мураваны праваслаўны сабор, у 18571876 — касьцёл Сьвятога Казімера. 9 верасьня 1852 места атрымала герб: «у чырвоным полі Пагоня»[7]. На 1864 у месьце было 38 мураваных і 562 драўляныя дамы (паводле зьвестак на 1897, 10 мураваных і 800 драўляных); дзейнічалі 3 царквы, касьцёл, капліца, 4 сынагогі; працавалі піваварны і гарбарны заводы, 2 цагельні.

У 1893 у Лепелі адкрылася мэтэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая бібліятэка. У пач. ХХ ст. у месьце было 772 будынкі, дзейнічалі 12 дробных прадпрыемстваў, друкарня, 7 навучальных установаў, у тым ліку жаночая Марыінскач вучэльня; рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. У Першую сусьветную вайну 15 сакавіка — 28 верасьня 1918 Лепель займалі нямецкія войскі.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лепель увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З кастрычніку 1919 да 14 траўня 1920 мясьціна знаходзілася пад польскай уладай.

У 1924 Лепель вярнуўся ў БССР, дзе стаў цэнтрам раёну (у 19351938 — цэнтар акругі). У 1925 тут адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 26 жніўня 1944 Лепель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

11 верасьня 2010 у цэнтры Лепеля ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага — Льву Сапегу (нягледзячы на пратэсты Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лепелі працуюць агратэхнічны каледж (у мінулым — гідрамэліярацыйны тэхнікум), ліцэй, 4 сярэднія школы, школа мастацтваў, ПТВ 175.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом рамёстваў, дом культуры, пры якім існуе народны тэатар «Пошук», краязнаўчы музэй, 2 бібліятэкі.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце выдаецца раённая газэта «Лепельскі край» (да 1992 — «Ленінскі сцяг»).

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучасным Лепелі захавалася рэгулярнае плянаваньне XIX ст. У 1964 і 1976 складаліся генэральныя пляны места. Цэнтар і паўднёва-ўсходнюю частку займаюць 2-5-павярховыя будынкі. Паводле плянаваньня 1980 перавага аддаецца невысокай забудове, на галоўнай магістралі места невялікія групы 5-павярховых будынкаў з установамі культурна-побытавага прызначэньня на першых паверхах. У 1989 зьявіўся праект рэканструкцыі паркавай зоны і іншых частак места.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Барысаўскі тракт Барысаўскі тракт
Войкава вуліца Загуменная вуліца[14]
Данукалава вуліца
Карла Маркса вуліца
Шляхецкая вуліца Пралетарская вуліца
Дзяржынскага вуліца Капаніцкая вуліца
Лабанка вуліца Вакзальная вуліца
Ленінская вуліца
Максіма Горкага вуліца
Поўсьвіская вуліца Пушкінская вуліца
Савецкая вуліца Чашніцкая вуліца Нова-Чашніцкая вуліца
Свабоды плошча Рынак пляц Саборная плошча
Ульянка вуліца Ульянка вуліца
Чуйкова вуліца Чыгуначная вуліца
 ? Азёрная вуліца
 ? Маставая вуліца

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасьці. У 2003 аднавілася праца Лепельскай ГЭС.

Апроч таго, працуе мэтэастанцыя.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтамабільны транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лепель — аўтамабільны транспартны вузел. Усходняй мяжой места праходзіць магістраль М3. Апроч гэтага, Лепель злучаецца сеткай аўтамабільных дарог зь іншымі местамі Беларусі: Р15 (Крычаў — Ворша — Лепель), Р46 (Лепель — Полацак — граніца Расеі), Р86 (Багушэўск (ад M8) — Сянно — Лепель — Мядзел), Р116 (Вушачы — Лепель).

Аўтавакзал Лепелю абслугоўвае аўтобусныя маршруты больш чым 15 кірункаў, у тым ліку на Менск, Віцебск, Полацак, Наваполацак, Санкт-Пецярбург, Бабруйск, Горадню, Барысаў, Дрысу (Верхнядзьвінск), Докшыцы.

Чыгуначны транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лепелі дзейнічае чыгуначны вакзал. Чыгунка злучае места з буйным чыгуначным вузлом Ворша. Двойчы на дзень у будні і тройчы ў выходныя і сьвяточныя дні паміж імі курсуе пасажырскі дызэль-цягнік.

Мескі транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мескі грамадзкі транспарт улучае аўтобусныя маршруты.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Места ўваходзіць у турыстычны маршрут «Спадчына Віцебшчыны гасьцям фэстывалю»[15]. Працуе Лепельскі краязнаўчы музэй. Сярод асабліва цікавых экспанатаў трэба адзначыць зброю XIX—XX стагодзьдзяў, фатаздымкі і паштоўкі лепельскага фатографа Р. Фідэльмана, пячаткі павятовых і валасных органаў улады XIX ст. і іншыя.

Спыніцца можна ў гасьцініцы «Лепель» пад адрасам вуліца Дзяржынскага, 21. Дзейнічаюць дзіцячая санаторыя (вуліца Віцебская, 23) і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтар «Жамчужына» ў Бароўцы. На беразе Лепельскага возера знаходзіцца санаторыя «Лодэ».

Помнікі: Льву Сапегу.

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гарадзішча (III—IV стагодзьдзі)
  • Гістарычная забудова места (кан. ХІХ — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Капліца Сьвятога Георгія (1900)
  • Касьцёл Сьвятога Казімера (18571876)
  • Могілкі: габрэйскія; каталіцкія, брама і каплічкі (ХІХ ст.)
  • Сынагога (ХІХ ст.)
  • Царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (1841—1844)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак (XVI ст.)
  • Сабор Праабражэньня Гасподняга (1841—1844)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лепельскім краязнаўчым музэі захоўваецца найстарэйшая беларуская дуда, вырабленая ў 1877 року.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лепельскага раёна / Рэдкал.: В. Я. Ланікіна і інш. — Мн., 1999.
  2. ^ Януш І. Лепель // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 350.
  3. ^ Цікавасці: назва горада на Сайт пра Лепель і Лепельскае возера
  4. ^ Януш І. Лепель // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. С. 206.
  5. ^ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 71.
  6. ^ а б Януш І. Лепель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 189.
  7. ^ Лепель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  8. ^ Помнік Льву Сапегу паставілі, нягледзячы на пратэст праваслаўнага сьвятара // «Радыё Свабода», 13 верасьня 2010.
  9. ^ Lepel // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 150.
  10. ^ Януш І. Лепель // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 351.
  11. ^ Лепель // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  12. ^ Лепель // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  13. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Вехі мінулага
  15. ^ Лепель // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]