Любарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Лю́барт-Дзьмі́тры (1320 ? — 1384 ?) — валынскі (уладзімерскі і луцкі) князь, адзін з малодшых сыноў вялікага князя літоўскага Гедзіміна, верагодна, ад яго апошняй жонкі Еўны.

Выступае ў гістарычных крыніцах у 13361382 гадах. У 1330-х гадах удзельнічаў у літоўскіх наездах на Мазовію. Першым шлюбам, верагодна, жанаты з дачкой уладзімера-валынскага князя Андрэя Юр’евіча (Ганнай ?). Пасьля сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (1340), пры падтрымцы бацькі Любарт заняў Валынь. Прэтэндаваў і на Галічыну, у 1340—1349 гадах галіцкае баярства на чале зь Дзьмітрыем Дзядзькам намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то вугорскага Людвіка I Вялікага. Гэта выклікала канфрантацыю паміж Любартам, з аднаго боку, і Казімірам і Людвікам, з другога. Падтрымліваў прыязныя стасункі з кіеўскім мітрапалітам Феагностам, у 1347 годзе падтрымаў яго ініцыятыву па скасаваньні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструмэнтам пашырэньня ўплыву Польшчы і Вугоршчыны на паўднёва-заходнія землі ВКЛ. Быў зьвязаны дынастычным шлюбам зь вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым: у 1350 годзе ажаніўся зь яго пляменьніцай Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна. У жніўні — лістападзе 1349 году Казімір пры падтрымцы Залатой Арды, Вугоршчыны і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасьце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасьце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казіміра. У 13511352 гадах польска-вугорскія войскі зьдзейсьнілі некалькі паходаў на Берасьце, Белз, Уладзімер Валынскі. У жніўні 1351 году Любарт разам з Кейстутам быў захоплены ў палон вугорцамі; 15 жніўня 1351 году падпісаў дагавор зь Людвікам, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну, але захавала большую частку Валыні. У 1352 годзе заключыў сэпаратную мірную дамову з Казімірам і мазавецкімі князямі, але ўжо ў 1353 годзе далучыўся да наездаў Кейстута на Польшчу. Пасьля працяглага пэрыяду мірных адносін з Казімірам (13561366) у выніку ваеннага паходу апошняга адмовіўся ад прэтэнзіяў на Белскую і Холмскую землі, саступіў Польшчы заходнюю частку Валыні з цэнтрам ва Ўладзімеры, якую вярнуў пасьля сьмерці Казіміра ў 1370 годзе. У 1376 годзе ўдзельнічаў у шырокамаштабнай літоўскай выправе на Польшчу, што выклікала няўдалую для яго вайну зь Людвікам у 1377 годзе, у выніку якой Любарт быў вымушаны прызнаць сябе васалам Вугоршчыны і пакінуць Людвіку сваіх сыноў у якасьці заложнікаў. Пасьля сьмерці Людвіка ў 1382 годзе выкупіў у вугорскіх стараст некаторыя памежныя галіцкія крэпасьці (Лапацін, Алеска і іншыя).

Пры Любарце значэньне аднаго з галоўных палітычных цэнтраў ВКЛ набыў Луцак. У 1375 годзе ён згадзіўся на стварэньне першай у ВКЛ Луцкай каталіцкай япархіі, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі Беларусі. Сын Любарта ад першага шлюбу, Іван, быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў. Ад другой жонкі Любарт меў трох сыноў — Фёдара, Лазара і Сямёна.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы. Любарт-Дзмітрый // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Филевич И. П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890.
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
  • Довнар-Запольский М. В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8.
  • Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925.
  • Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]