Любчанскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Краіна Беларусь
Мястэчка Любча
Каардынаты 53°45′7.31″ пн. ш. 26°04′7.74″ у. д. / 53.7520306° пн. ш. 26.0688167° у. д. / 53.7520306; 26.0688167Каардынаты: 53°45′7.31″ пн. ш. 26°04′7.74″ у. д. / 53.7520306° пн. ш. 26.0688167° у. д. / 53.7520306; 26.0688167
Заснавальнік Ян Кішка
Дата заснаваньня 1581
Статус Ахоўная зона
Любчанскі замак на мапе Беларусі
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак на Вікісховішчы

Любчанскі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Любчы. Знаходзіцца ва ўсходняй цэнтры мястэчка, на беразе ракі Нёману. Твор архітэктуры рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы этап будаваньня мураванага замка ў Любчы скончыўся ў 1581 годзе, пра што сьведчыць знойдзены ў замку флюгер з адпаведнай датай і гербам Кішак. Ініцыятарам будаваньня быў магнат Ян Кішка. У 1588 годзе зьявіўся першы інвэнтар замка. Да 1592 году замак належаў Яну Кішку, потым яго брату Станіславу, а пазьней як пасаг дачкі апошняга Ганны перайшоў да Радзівілаў.

У пачатку XVIІ ст. Крыштап Радзівіл збудаваў мураваны палац і другую мураваную вежу. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе замак разрабавалі загоны Івана Залатарэнкі. У 1660-я гады праводзіліся аднаўленчыя працы.

У XVIII ст. замак страціў абарончае прызначэньне.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Любча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка.

У 1864—1870 гадох на тэрыторыі замка збудавалі мураваны нэагатычны палац, які пацярпеў ў Першую сусьветную вайну.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1947—1949 гадох з выкарыстаньнем падмуркаў і фрагмэнтаў муроў палаца збудавалі сярэднюю школу. У 1983, 1984 і 1986 гадох на тэрыторыі замка праводзіў археалягічныя дасьледаваньні Ігар Чарняўскі.

У 1986 годзе зьявіўся першы праект аднаўленьня замка, распрацаваны ВА «Белрэстаўрацыя». У 2003 годзе ўтварыўся дабрачынны фонд «Любчанскі замак», ачолены Іванам Пячынскім. Намаганьнямі прафэсараў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту распрацавалі праектавую дакумэнтацыю дзеля правядзеньня рэстаўрацыйных працаў. У 2004 годзе зьявіўся праект рэстаўрацыі замка ў выглядзе аднаўленьня завяршэньня Кутняй вежы і абарончай сьцяны паміж Кутняй і Брамнай вежамі. З 2011 году вялося карэктаваньне праекту 2004 году і распрацоўваньне новага будаўнічага праекту рэстаўрацыі Брамнай вежы на аснове праведзеных у 2009—2010 гадох яе натурных дасьледаваньняў. У 2012 годзе зьявіўся канцэптуальны праект рэстаўрацыі замка, які ў 2013 годзе ўзгадніла Міністэрства культуры.

У 2011 годзе ўсходні схіл Замчышча дасьледавала Ірына Ганецкая, у выніку чаго знайшлі мураваную сьцяну, якая ішла ад Брамнай да ўсходняй вежы, у бок мястэчка, а таксама рэшткі старога ганка, які знаходзіўся паміж замкавым флігелем і Брамнай вежай. У 2012 годзе Андрэй Мяцельскі вывучаўся дзялянку прасла сьцяны паміж Брамнай вежай і паўночна-заходняй. У ліпені 2014 году былі праводзіліся працы з выяўленьня паўночна-заходняй вежы, якая стаяла на стромкім беразе Нёману.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займае падсыпаны прастакутны пагорак плошчай каля 0,7 га, які ўзвышаецца на 6—7 мэтраў над абалонай Нёману. У пляне мае форму прастакутніка памерамі 64×87 м, чатыры кутнія вежы, палац і муры таўшчынёй 1,3 м утваралі замкнёны ўнутраны двор. Замкавая пляцоўка з трох бакоў атачаецца ровам шырынёй каля 30 м і глыбінёй да 7—10 м, а з чацьвертага — ракой. Такая замкнёная прасторавая кампазыцыя была тыповай для большасьці палацава-замкавых ансамбляў XVІ—XVІІ стагодзьдзяў. З чатырох вежаў замка захаваліся дзьве — Брамная і Кутняя, якія складаюцца з цэглы і валуноў.

Галоўная Брамная вежа стаіць на паўднёва-заходнім куце Замчышча, у пляне кубічная (прыкладна 10×10 м), прыкладна з паловы вышыні пераходзіць у васьмярык, завершаны купалам зь ліхтаром. На сьцяне, арыентаванай у бок панадворку, знаходзіўся гадзіньнік. Вокны 2—3-га ярусаў былі прыстасаванымі да гарматнага бою, круглыя байніцы ўверсе — да збройнага. Астатнія паверхі выкарыстоўваліся як жылыя і падсобныя памяшканьні. Перакрыцьце першага яруса — скляпеністае, другога і трэцяга — бэлькавае. У вежы знаходзіцца брама, да якой вёў пад’ёмны драўляны мост. Вежу аздабляў флюгер з гербам Радзівілаў.

Кутняя вежа стаіць на паўднёва-ўсходнім куце Замчышча, у пляне квадратная (8,3×8,3 м), мае тры ярусы і накрываецца шатровым дахам. На першым паверсе было чатыры байніцы дзеля стрэльбаў, на другім — чатыры гарматныя, на трэцім — 12 байніцаў дзеля стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 годзе займала піўніца з драўлянымі дзьвярыма на завесах і жалезнай кратай. Паверх, які знаходзіўся вышэй, тады выконваў ролю склепа і закрываўся абабітымі жалезам дзьвярыма. Вокны закрываліся жалезнымі кратамі. Вежу аздабляў флюгер з гербам Радзівілаў.

Палац меў сымэтрычную 3-часткавую кампазыцыю, якую стваралі прастакутныя ў пляне бакавыя 1-павярховыя накрытыя 2-схільнымі дахамі крылы (галоўны 2-павярховы аб’ём з вальмавым дахам). Фасады галоўнага аб’ёма вылучаліся рызалітамі: паўночна-ўсходнім, які завяршаўся трыкутным франтонам, паўднёва-заходнім і цэнтральным, які завяршаўся парапэтам. У месцах дэкору і на вуглах разьмяшчаліся вежы, аформленыя зубцамі. Сьцены тарцоў бакавых крылаў завяршаліся прыступкавымі франтонамі з прастакутнымі праёмамі. Прастакутныя вокны палаца аздабляліся сандрыкамі. У галоўным аб’ёме разьмяшчаліся залі і жылыя пакоі, плян — калідорны, у бакавых крылах — гаспадарчыя памяшканьні. Інтэр’еры заляў і пакояў мелі багатую лепку, кафляныя печы. Трое сходаў, якія вялі зь першага на другі паверх, аздабляліся балясінамі.

Пэрымэтрам замкавага панадворку разьмяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Ва ўсходняй частцы абарончага мура была фортка, якая выходзіла на другі мост[1].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 270.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Чарняўскі, І., Саітгарэева, С. Замак у Любчы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 4, 1984.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000453