Людвіка Караліна Радзівіл
| Людвіка Караліна Радзівіл | |
Людвіка Караліна Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст. |
|
Герб «Трубы» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзілася: | 27 лютага 1667 Каралявец |
| Памерла: | 23 сакавіка 1695 Бжэг |
| Род: | Радзівілы |
Людвіка Караліна Радзівіл (27 лютага 1667, Каралявец — 23 сакавіка 1695, Бжэг) — рэлігійная дзяячка, мэцэнатка.
У спадчыну ад бацькоў атрымала вялікія маёнткі, у тым ліку Слуцак, Капыль, Копысь, Любчу, Койданаў, Смалявічы, Невель, Себеж, Кейданы, Біржы, Орля. Цэнтрам латыфундыі быў Слуцак.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, дачка Багуслава і ягонай жонкі й кузіны Ганны Марыі. Маці памерла пры родах, неўзабаве страціла і бацьку. Мела 11 апекуноў, сярод якіх быў брандэнбурскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм.
Выхоўвалася ў кальвінісцкім асяродзьдзі ў Караляўцы (Кёнігсбэргу), з маленства яе наканавалі ў жонкі да прынца або магната. Курфюрст брандэнбурскі намовіў яе выйсьці замуж за свайго малодшага сына маркграфа Людвіга, супраць чаго выступалі нясьвіскія Радзівілы; кароль Ян Сабескі хацеў ажаніць яе са сваім сынам Якубам. Па шлюбе з Людвігам пераехала ў Бэрлін, а сваёй латыфундыяй кіравала праз адміністратараў.
Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Вялікім Княстве Літоўскім. На яе сродкі (12 стыпэндыяў) навучаліся ва ўнівэрсытэце Караляўца выхадцы зь Вялікага Княства Літоўскага. Грашовай падтрымкай для працягу навучаньня ў Бэрліне, Оксфардзе, Франкфурце-на-Майне карысталіся таксама выпускнікі Слуцкай кальвінісцкай гімназіі. На яе загад у 1684 у Караляўцы надрукавалі малітоўнік на летувіскай мове для мясцовых сялянаў-кальвіністаў.
У 1688 паўторна выйшла замуж за швагра нямецкага імпэратара, каталіцкага прынца нойбурскага і пфальц-графа рэйнскага Карла Філіпа з дынастыі Вітэльсбахаў і пераехала ў Гайдэльбэрг. Мела 3 дачок: Леапольду Элеанору (1689—1693), Марыю Ганну (1690—1692) і Эльжбэту Аўгусту Соф’ю (1693—1728).
Працягвала надаваць дапамогу кальвіністам у Вялікім Княстве Літоўскім, утрымлівала Слуцкую друкарню. 20 сакавіка 1690 выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх местах і маёнтках свабоду веры пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што не ўвядзе Берасьцейскую унію ў сваіх уладаньнях. Яе спадкаемцы прытрымліваліся гэтага акту.
Па сьмерці Людвікі Караліны яе лятыфундыя, г. зв. «Нойбурскія маёнткі», зрабілася аб’ектам спрэчак паміж вялікалітоўскімі магнатамі і нямецкімі князямі, пакуль у 1730—1740-я не вярнулася ў рукі Радзівілаў[1].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Людвіка Караліна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 491.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Людвіка Караліна Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў