Людвіка Марыя Ганзага
| Людвіка Марыя Ґанзаґа | |
| Marie Louise Gonzaga de Nevers | |
француская гравюра |
|
Герб Ґанзаґаў |
|
| 1644 — 1667 | |
| Папярэднік: | Цэцылія Рэната Габсбург |
| Наступнік: | Элеанора Марыя Юзэфа Габсбург |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Імя пры нараджэньні: | Марыя Ґанзаґа |
| Нарадзілася: | 18 жніўня 1611 |
| Памерла: | 10 траўня 1667 |
| Род: | Ганзага |
| Бацькі: | Шарль дэ Нэвэр Катарына дэ Майен |
| Муж: | Уладыслаў Ваза Ян Казімер Ваза |
| Рэлігія: | каталіцтва |
Людвіка Марыя Ґанзаґа Нэвэрская (па-польску: Ludwika Maria Gonzaga de Nevers, па-француску: Marie Louise Gonzaga de Nevers; 18 жніўня 1611, Нэвэр ці Парыж, Францыя — 10 траўня 1667, Варшава, Польшча) — каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская, жонка апошніх каралёў дынастыі Ваза — Уладзіслава і Яна Казімера.
Зьмест |
Раньняе жыцьцё [рэдагаваць]
Дачка францускага князя Шарля дэ Нэвэра з дому Ганзага (з 1627 — князя Мантуі) і Катарыны дэ Майен (пляменьніцы знакамітага князя Гіза). Выхаваньнем Марыі займалася сястра яе бацькі, аўдавелая княгіня Лёнгвіль. Дзякуючы ёй дзяўчына мусіла ў 1627 выйсьці замуж за Гастона Арлеанскага, брата караля Люі XIII. Гэты шлюб не ўваходзіў у пляны кардынала Рышэльё, які, асьцерагаючыся ўцёкаў жаніха й нявесты з Парыжу, зьняволіў яе ў Вэнсэнскім замку, а потым перавёў у кляштар. Пасьля ўвесь каралеўскі двор прапаноўваў яе ў жонкі фаварыту караля, шэвалье Анры Сэн-Мару, але кардынал палічыў такі зьвяз нявартым яе высакародзьдзя.
Першая прапанова шлюбу Марыі Ганзагі й Уладыслава Вазы была зробленая ў 1634, але ў 1637 той ажаніўся з Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. У 1640 пазнаёмілася з братам Уладзіслава і таксама вязьнем Рышэльё Янам Казімерам, тады ж адчыніла ў Парыжы літаратурны салён.
Каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская [рэдагаваць]
У 1644 пасьля сьмерці Цэцыліі Рэнаты Ян Казімер Ваза аднавіў сватаўство да яе ад імя свайго брата Уладзіслава, які пасварыўся з Габсбургамі і марыў аб зьвязе з урадам Мазарыні. Толькі 5 лістапада 1645, калі Марыі было далёка за 30 і яна выйшла зь дзіцянараджальнага веку, яна здолела ўступіць у шлюб, заручыўшыся зь Янам Казімерам, які на цырымоніі прадстаўляў свайго брата. Тады ж яна прыняла новае імя Людвіка, бо ў Рэчы Паспалітай імя Марыя было зарэзэрваванае за Маці Божай. Уласна шлюб адбыўся 10 сакавіка 1646. Вынікаючы запаветам бацькі, Людвіка Марыя падбівала мужа на вайну з туркамі ды й увогуле часта ўмешвалася ў палітыку, за што яе й не любіла шляхта. Але ў цэлым уплыў яе быў абмежаваны пытаньнямі культуры і адукацыі. 20 траўня 1648 Людвіка Марыя стала ўдавой.
Праз паўгады новым гаспадаром стаў Ян Казімер, а 30 траўня 1649 Людвіка Марыя выйшла за яго замуж. На другога мужа, меней спрактыкаванага ў дзяржаўных пытаньнях, яна мела вялікі ўплыў. Падчас швэдзкага патопу сама ўзначаліла войска, дапамагала каралю ў змаганьні з магнацкай партыяй князя Любамірскага, настойвала на ўзмацненьні ўлады караля й сэнату, спрабавала зьмяніць сыстэму галасаваньня ў сойме і настойвала на абраньні новага караля пры жыцьці старога (прынцып vivente rege). Шляхта нэгатыўна адклікалася аб яе кіраваньні дзяржавай; Рудаўскі параўнаў яе з «малюсенькім этыёпам, які засядлаў слана»[1].
Запрасіла ў Рэч Паспалітую тры Ордэны: ксяндзоў місіянэраў у 1651, сёстраў міласэрнасьці ў 1652 і візытак у 1654. Заснавала першы ў Рэчы Паспалітай літаратурны салён, сярод гасьцёў якога быў у тым ліку Ян Анджэй Морштын. Не безь яе ўдзелу ў Рэчы Паспалітай стала выходзіць першая газэта — Merkuriusz Polski Ordynaryjny. Спансавала італійскага эрудыта, аднаго зь першых эгіптолягаў і вынаходніка «лятучых машынаў» Тытуса Лівіюша Баратыні, які ад 1641 жыў у Рэчы Паспалітай.
У шлюбе зь Янам Казімерам людвіка Марыя нарадзіла двух дзяцей, але яны памерлі ў дзяцінстве. Ня маючы ўласных дзяцей, яна марыла бачыць наступным каралём мужа сваёй пляменьніцы, князя Энгіенскага, альбо ўнука сваёй выхавальніцы, юнага князя Лёнгвіля.
Людвіка Марыя памерла 10 траўня 1667 і была пахаваная ў Вавэльскім саборы. Сэрца ж яе і пахавальная маска з воску захоўваюцца ў Касьцёле візытак у Варшаве. Страціўшы зь яе сьмерцю апошняе апірышча, кароль адрокся ад пасады і зьехаў дажываць сваё жыцьцё плябанам у тым горадзе, дзе яны сустрэліся, — Нэвэры. Па іроніі лёсу усяго празь некалькі гадоў, пасьля абраньня на пасад Яна Сабескага, каралевай Польшчы стане іншая францужанка — Марыя Казімера д'Арк'ен, якая прыбыла ў Польшчу ў сьвіце Марыі Нэвэрскай, і праціўнікамі каралевы нават называлася яе пазашлюбнай дачкой ці то ад князя Люі ІІ Бурбона-Кандэ, ці то ад маркіза Анры Куаф'е дэ Рузэ.
| Папярэднік Цэцылія Рэната Габсбург |
Каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская 1670 — 1673 |
Наступнік Элеанора Марыя Юзэфа Габсбурґ |
Крыніцы [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Zofia Libiszowska. Źona dwóch Wazów. Warszawa, 1963
- Karolina Targosz. Uczony dwór Ludwiki Marii Gonzagi, Wrocław, 1975
- Bozena Fabiani. Warszawski dwor Ludwiki Marii. Warszawa, 1976.
- Zofia Libiszowska. Krolowa Ludwika Maria. Warszawa, 1985.
- Karolina Targosz. Sawantki polskie XVII wieku, Kraków, 1997
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Людвіка Марыя Ганзага — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў