Людвік Нарбут

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Людвік Нарбут
Ludwik Narbutt
POL COA Trąby.svg
герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 верасьня 1832
в. Шаўры, Лідзкі павет, Расея
Памёр: 4 траўня 1863
в. Дубічы
Род: Нарбуты

Лю́двік Тэадо́равіч Нарбут гербу «Трубы» (7 верасьня [ст. ст. 26 жніўня] 1832, в. Шаўры, Лідзкі павет, Расея — 4 траўня 1863, в. Дубічы) — вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863—64 гадоў у Беларусі і Летуве.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людвік Нарбут нарадзіўся 7 верасьня 1832 году ў в. Шаўры (сёньня Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласьці Беларусі) у сям’і архітэктара, інжынэра і вядомага гісторыка Літвы Тэадора Нарбута і Хрысьціны-Кацярыны з роду Садоўскіх. Меў яшчэ братоў Аляксандра, Францішка, Баляслава, Станіслава і сёстраў Яну, Амелію і Тэадору.

мастак М. Э. Андрыёлі. Сьмерць Людвіка Нарбута ў Дубічах. 1864-65. Літаграфія. Нацыянальны музэй Летувы.

Вучыўся ў Лідзкай павятовай вучэльні, потым у Віленскай губэрнскай гімназіі (1846—1850), дзе ў канцы 1850 году быў арыштаваны за спробу стварыць «общество патриотов с целью произвести восстание». 17 сакавіка 1851 году публічна пакараны розгамі і аддадзены ў жаўнеры.

Служыў на Каўказе, удзельнік Крымскай і Каўкаскай войнаў. 8 верасьня 1855 году за гераізм у бітве з туркамі каля Курук-Дара атрымаў чын унтэр-афіцэра. 29 верасьня 1857 году за баявыя заслугі яму надаюць афіцэрскі чын прапаршчыка. Праз год за «выдатную мужнасьць» у паходзе на форт Купрыс-Шаво адзначаны ордэнам Сьв. Ганны IV ступені і памятным мэдалём Сьв. Георгія з надпісам «За мужнасьць».

З 1859 году ў адстаўцы. Вярнуўся на радзіму ў пачатку красавіка 1860 году. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку. Калі ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку Сербянішкі непадалёк ад Шаўроў. Меў жонку Амэлію[1].

У пэрыяд падрыхтоўкі паўстаньня прыхільнік партыі «чырвоных», зьвязаўся з К. Каліноўскім, бываў на кансьпіратыўных сходах. У падпольнай арганізацыі выконваў абавязкі акруговага арганізатара. Адным зь першых арганізаваў партызанскі атрад на Беларусі, зь якім 3 месяцы (люты — красавік 1863) пасьпяхова вёў барацьбу супраць карнікаў. 13 лютага загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэту быў прызначаны вайсковым начальнікам Лідзкага павету. Абвясьціў маніфэст аб спыненьні павіннасьцяў і надзеле сялянаў зямлёй. Ад паўстанцкіх уладаў меў званьне палкоўніка. Загінуў у баі ў Дубіцкім лесе над ракой Котраю (цяпер на тэрыторыі Летувы).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Арлоў, Уладзімер (7 верасьня 2006) Людвік Нарбут (7.9.1832, в. Шаўры (цяпер Воранаўскі раён) — 4.5.1863, в. Дубічы (цяпер у Літве)) Імёны Свабоды. Радыё «Свабода»Праверана 9 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Людвік Нарбутсховішча мультымэдыйных матэрыялаў