Лявонцій (Бондар)
Мітрапаліт Лявонцій (у свеце Леанід Фадзеевіч Бондар; 1913, Меркіне, Троцкі павет, Віленская губэрня — 24 студзеня 1999) — беларускі й расейскі праваслаўны дзеяч.
Біяграфія [рэдагаваць]
Зь сям'і псаломшчыка. У 1935 скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю, а ў 1939 — Праваслаўны Багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.
У 1940-1942 паслушнік у Віленскім Сьвятодухаўскім манастыры. 26 сьнежня 1943 пастрыжаны ў манаства, пасьвечаны ў іераманаха 2 студзеня 1946. У 1946 прызначаны рэктарам Багаслоўска-пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім манастыры з узьвядзеньнем у сан ігумена. У 1947—1949 сьвятар у в. Холхла Маладэчанскага раёну і ў в. Ястрэбль Берасьцейскае вобласьці. У лістападзе 1949 стаў інспэктарам і выкладчыкам Менскае Духоўнае сэмінарыі пры Жыровіцкім манастыры. Выкладаў Сьвятое Пісьмо Старога запавету, склаў машынапісны канспэкт па Старым запавеце для ўсіх чатырох клясаў сэмінарыі. Зь ліпеня 1953 — намесьнік Жыровіцкага манастыру ў сане архімандрыта.
23 ліпеня 1956 стаў Бабруйскім япіскапам, вікарыем Менскае япархіі. Служыў у Сьвята-Мікольскім саборы Бабруйску аж да яго зачыненьня. У 1960 часова кіраваў Менскай япархіяй. У траўні 1961—1963 кіравальны архірэй Новасыбірскае й Барнаульскае япархіі. З 1963 кіраваў Арэнбурскай япархіяй. Ад 1971 архіяпіскап. На інтранізацыі патрыярха Алексія II як самы старэйшы па хіратоніі архірэй у Расейскай праваслаўнай царкве ўручыў яму архіпастырскае жазло. Ад 1992 мітрапаліт. За гады служэньня Лявонція ў Арэнбурскай япархіі колькасьць прыходаў вырасла больш чымся ў сем разоў і дасягнула ста адзінаццаці.
Пахаваны ў Мікольскім катэдральным саборы Арэнбурга. Быў узнагароджаны ордэнамі: вялебнага Сергія Раданескага I і II ступені, сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера II ступені, сьвятога вернага князя Данііла Маскоўскага I ступені, ордэнам Сяброўства народаў. Ганаровы грамадзянін Арэнбургу. Ведаў сем моваў і на памяць цытаваў Біблію. Сабраў велізарную бібліятэку.