Ляйпцыг
| Ляйпцыг | |||||
| Leipzig | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1015 | ||||
| Горад з: | 1165 | ||||
| Плошча: | 297,6 км² | ||||
| Насельніцтва (2008) • колькасьць: • шчыльнасьць: |
510 651 1716 |
||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+1 UTC+2 |
||||
| Тэлефонны код: | +49 341 | ||||
| Паштовы індэкс: | 04003—04357 | ||||
| Аўтамабільны код: | L | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 51°20′ пн. ш. 12°23′ у. д. / 51.333° пн. ш. 12.383° у. д.Каардынаты: 51°20′ пн. ш. 12°23′ у. д. / 51.333° пн. ш. 12.383° у. д. | ||||
|
Ляйпцыг на мапе Нямеччыны
Ляйпцыг
|
|||||
| http://www.leipzig.de | |||||
Ля́йпцыг (па-нямецку: Leipzig) — найбуйнейшае места ў Саксоніі (Нямеччына). Да 1990 году ўваходзіў у склад НДР. Паводле зьвестак на 28 лютага 2008 году, у Ляйпцыгу пражывае каля 510 тысяч чалавек. Назва гораду паходзіць ад славянскай назвы Ліпск (месца, дзе растуць ліпы). Горад знакаміты сваімі кірмашамі, якія адбываюцца тут кожныя 2 гады і зьбіраюць тысячы наведвальнікаў. Вядомы таксама Ляйпцыскі кніжны кірмаш.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Першыя славянскія паселішчы на тэрыторыі Ляйпцыга пачалі зьяўляцца ў VII—IX стагодзьдзях. У 1015 годзе паселішча Лібзі было ўзгаданае ў кроніках Біскупа Тэтмара фон Мэрсэбурга[1]. Каля 1165 году горад атрымаў грамату «Імпэрскага кірмашовага места».
У 1409 годзе быў заснаваны Ляйпцыскі ўнівэрсытэт — 2-гі па старадаўнасьці ў Нямеччыне. Гэта прадвызначыла разьвіцьцё места як цэнтра культуры. У горадзе жылі і працавалі такія людзі, як Ёган Сэбастыян Бах, Робэрт Шуман, Фрыдрых Шылер. Нарадзіліся кампазытар Рыхард Вагнэр і матэматык Готфрыд Ляйбніц.
У 1650 годзе ў Ляйпцыгу была выдадзеная першая штодзённая газэта ў сьвеце. Ляйпцыг стаў цэнтрам кнігадрукаваньня Нямеччыны.
У 1813 годзе каля гораду адбылася Бітва Народаў, у гонар якой усталяваны мэмарыял.
У 1839 годзе зь Ляйпцыгу ў Дрэздэн была адчыненая першая «доўгая» чыгунка. З таго часу Ляйпцыг стаў важным транспартным вузлом. У Ляйпцыгу цяпер знаходзіцца самы вялікі па плошчы чыгуначны тэрмінал у Эўропе.
23 траўня 1863 году Фэрдынанд Ласаль заснаваў у Ляйпцыгу першую працоўную партыю Нямеччыны, якая стала пасьля Сацыял-дэмакратычнай партыяй.
У канцы Другой сусьветнай вайны большая частка места была зьнішчаная ангельскай авіяцыяй падчас бамбаваньняў. 18 красавіка 1945 году, горад быў заняты амэрыканскімі войскамі, а 2 ліпеня быў перададзены пад кантроль савецкага Чырвонага войска. Пасьля вайны места стала адным з найбуйнейшых гарадоў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі.
У 1900 годзе ў Ляйпцыгу была заснаваная Футбольная асацыяцыя Нямеччыны, а ў 2006 годзе ў горадзе адбылося некалькі футбольных матчаў у рамках Чэмпіянату сьвету па футболе 2006 году.
[рэдагаваць] Эканоміка
Ляйпцыг зьяўляецца важным прамысловым цэнтрам. Горад мае разьвітыя машынабудаўнічую, электратэхнічную, паліграфічную, тэкстыльную і іншую прамысловасьць. Зьяўляецца буйным міжнародным гандлёвым цэнтрам.
Буйныя кампаніі, якія разьмешчаныя ў горадзе і вакол яго:
[рэдагаваць] Транспарт
Мескі транспарт у Ляйпцыгу складаецца з 14 трамвайных і 62 аўтобусных маршрутаў[2]. Працягласьць дарог — 1673 кілямэтры. Ляйпцыг знагодзіцца на перакрыжаваньні важных чыгуначных шляхоў з поўдня на поўнач і з усходу на захад. Каля гораду знаходзяцца 2 аэрапорты: Leipzig/Halle Airport і Altenburg-Nobitz Airport.
[рэдагаваць] Адукацыя
У Ляйпцыгу знаходзіцца адзін са старэйшых эўрапейскіх унівэрсытэтаў — Ляйпцыскі ўнівэрсітэт, заснаваны ў 1409 годзе. Сярод знакамітых выпускнікоў можна назваць Лява Сапегу, нямецкага паэта і пісьменьніка Ёгана Вольфганга Гётэ, Готфрыда Ляйбніца, Фрыдрыха Ніцшэ, Карла Лібкнэхта, Рыхарда Вагнэра.
У Ляйпцыгу ў 1843 годзе была заснаваная музычная кансэрваторыя, пасьля пераўтвораная ва Ўнівэрсытэт музыкі і тэатру ў Ляйпцыгу. Адным зь яе заснавальнікаў быў Фэлікс Мэндэльсон.
Акадэмія выяўленчага мастацтва была заснаваная ў 1764 годзе.
[рэдагаваць] Культурныя помнікі
- Thomaskirche (Касцёл сьв. Томаса) — найбольш знакамітая тым, што менавіта ў ёй Ёган Сэбастыян Бах працаваў кантарам, і як дом знакамітага хора Thomaner;
- Völkerschlachtdenkmal (мэмарыял Бітвы Народаў): самы вялікі помнік у Эўропе, пабудаваны ў гонар перамогі над Напалеонаўскімі войскамі;
- Gewandhaus — дом знакамітага Gewandhaus Orchestra, гэта трэці будынак з такой назвай.
- Altes Rathaus — старая ратуша была пабудаваная ў 1556 годзе. Цяпер там знаходзіцца музэй гісторыі места;
- Neues Rathaus — новая ратуша, пабудаваная на рэштках замка Pleißenburg, у якім праходзілі дэбаты паміж Ёганам Экам і Марцінам Лютэрам у 1519 годзе;
- City-Hochhaus Leipzig (гарадзкі хмарачос Ляйпцыгу) — пабудаваны ў 1972 годзе. Зьяўляецца часткай унівэрсытэту. Гэта самы высокі будынак у Ляйпцыгу.
- Auerbach's Keller (падвал Аўэрбаха) — малады Гётэ еў і піў тут, калі вучыўся ў Ляйпцыгу. Гэта адно зь месцаў дзеі Фаўста, прычым адзінае рэальна існуючае.
- Städtisches Kaufhaus (гарадзкі ўнівэрмаг) — першы будынак для кірмашоў у сьвеце. Цяпер зьяўляецца домам для офісаў, невялікіх крамак і рэстаранаў. Нягледзячы на назву, знаходзіцца ў прыватнай ўласнасьці.
- Bundesverwaltungsgericht — Нямецкі фэдэральны адміністрацыйны суд. Быў найвышэйшым дзяржаўным судом паміж 1888 і 1945 гадамі.
Сярод месцаў, на якія варта зьвярнуць увагу можна таксама вылучыць опэру і ляйпцыскі заапарк, у якім знаходзіцца самая вялікая калекцыя прыматаў у сьвеце. Nikolaikirche (Касцёл сьв. Мікалая) быў месцам, зь якога пачаліся мірныя дэманстрацыі за ўзьяднаньне Нямеччыны ў 1989 годзе. У Ляйпцыгу таксама знаходзіцца музэй «Дом Шыллера».
[рэдагаваць] Міжнародныя сувязі
Адміністрацыя Ляйпцыгу падпісала пагадненьні пра братэрства з наступнымі гарадамі:
- Кіеў, Украіна (1961)
- Балоньня, Італія (1962)
- Кракаў, Польшча (1973)
- Брно, Чэхія (1973)
- Ліён, Францыя (1981)
- Тэсалёнікі, Грэцыя (1984)
- Гановэр, Нямеччына (1987)
- Ханджын, Кітай (1988)
- Франкфурт-на-Майне, Нямеччына (1990)
- Бірмінгем, Вялікабрытанія (1992)
- Г'юстан, ЗША (1993)
- Траўнік, Босьнія і Герцагавіна (2003)
Ляйпцыг уваходзіць у сетку эўрапейскіх гарадоў Eurocities.
[рэдагаваць] Ляйпцыг і Беларусь
Трынаццацігадовым хлопчыкам Леў Сапега паступае ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт дзе вучыцца, пакуль у 1573 годзе вяртаецца на радзіму. Таксама ў Ляйпцыгу вучыўся вядомы рэлігійны дзяяч Мялеці Сматрыцкі, а таксама многія іншыя асобы беларускай гісторыі.
Падрыхтоўкай да паўстаньня 1794 году зь Ляйпцыгу і Дрэздэну кіравала група патрыётаў (у іх ліку Гуга Калантай, І. Патоцкі і Тадэвуш Касьцюшка), якія былі вымушаныя выехаць за мяжу[3].
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Chronicle's of Bishop Thietmar von Merseburg
- ^ Зьвесткі з афіцыйнай старонкі гораду за 2005 год
- ^ http://asoby.belinter.net/cont.php?x=atk
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ляйпцыг — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Раёны ў Саксоніі (з 1 жніўня 2008) | ||
|---|---|---|
|
Гёрліц | Баўтцэн | Саксонская Швайцарыя — Усходнія Рудныя Горы | Дрэздэн | Майсэн | Сярэдняя Саксонія | Рудныя Горы | Хэмніц | Ляйпцыг (раён) | Ляйпцыг | Паўночная Саксонія | Цьвікаў (раён) | Фогтлянд
|
||
| Раёны ў Саксоніі (да 31 ліпеня 2008) | ||
|---|---|---|
|
Анабэрг · Аўэ-Шварцэнбэрг · Баўтцэн · Вайсэрыц · Гёрліц · Дзёбэльн · Дрэздэн · Дэліч · Камэнц · Кемніц · Лёбаў-Цытаў · Ляйпцыг (раён) · Ляйпцыг · Майсэн · Мітвайда · Мульдэнталь · Ніжнесілескі раён Верхняй Лужыцы · Плаўэн · Рыза-Гросэнхайн · Саксонская Швайцарыя · Сярэднія Рудныя Горы · Торгаў-Ошац · Фогтлянд · Фрайбэрг · Хэмніцэр-Лянд · Хоерсвэрда · Цьвікаў (раён) · Цьвікаў · Штольбэрг
|
||