Ліда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ліда
Замак Гедыміна
Замак Гедыміна
Herb Lidy.svg Flag Lida.svg
Герб Ліды Сьцяг Ліды
Першыя згадкі: 1323
Магдэбурскае права: 17 верасьня 1590
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Лідзкі
Вышыня: 142 м н. у. м.
Насельніцтва: 99 928 чал. (2014)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1561
Паштовы індэкс: 231300
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°53′ пн. ш. 25°18′ у. д. / 53.883° пн. ш. 25.3° у. д. / 53.883; 25.3Каардынаты: 53°53′ пн. ш. 25°18′ у. д. / 53.883° пн. ш. 25.3° у. д. / 53.883; 25.3
Ліда на мапе Беларусі ±
Ліда
Ліда
Ліда
Ліда
Ліда
Ліда
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт(рас.)

Лі́да — места ў Беларусі, на рацэ Лідзея. Адміністрацыйны цэнтар Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 97 629[1] чал. (2009). Вузел чыгунак і аўтамабільных дарог на Вільню, Баранавічы, Горадню, Маладэчна.

Ліда — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся выдатны помнік гісторыі і архітэктуры — замак вялікага князя Гедыміна, заснавальніка паселішча.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Ліда», верагодна, утварылася ад балцкага lydimas — высечка, блізкага да тэрміну «ляда». Менш імаверным зьяўляецца зьвязак назвы места зь летувіскім lydis — ход, плынь. Часам тапонім памылкова прымяркоўваць да імя Ліда, якое зьявілася ў гэтых мясьцінах значна пазьней[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Ліды

Найбольш раньнія археалягічныя матэрыялы, выяўленыя на тэрыторыі Ліды, датуюцца пач. XIV ст.[3] Афіцыйна[4] адлік гісторыі места вядзецца ад 1323 — пачатку будовы вялікім князем Гедымінам Лідзкага замка, вакол якога паступова вырасла паселішча.

У XIV ст. Ліда беспасярэдне належала вялікім князям Гедыміну, Кейстуту, Альгерду, Ягайле, Вітаўту. У гэты час места ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва і неаднаразова цярпела ад нападаў крыжакоў. У 1360-я ў Лідзе існавала францішканская місія, а ў 1387 Ягайла заклаў тут адзін зь першых касьцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Цягам 13961398 у Лідзе жыў са сваім дваром выгнаны Тымурам хан Залатой Арды Тахтамыш, а ў 14111412 — ягоны сын Джэлал ад-Дзін, які камандаваў татарскімі аддзеламі войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. З 1413 места знаходзілася ў складзе Віленскага ваяводзтва[3].

У XVXVI стст. Ліда была значным цэнтрам рамяства і гандлю, зьвязаным зь Вільняй, Наваградкам, Менскам, Полацкам. У гэты час места складалася з Рынка і 4 вуліцаў, таксама існавала прадмесьце Зарэчча. У сяр. XVI ст. у Лідзе зьявіліся кальвіністы, прычым іхная колькасьць неўзабаве так павялічылася, што мескі касьцёл некаторы час ня дзейнічаў празь недахоп вернікаў[3].

За часамі Інфлянцкай вайны (15581582) у 1559 маскоўскае войска І. Хаванскага штурмам узяла замак і спаліла яго[3]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Ліда зрабілася цэнтрам павету. 17 верасьня 1590 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «поле шчыта расьсечанае на дзьве часткі: правая — чырвоная з залатым ільвом, левая — блакітная з двума залатымі скрыжаванымі ключамі»[5].

У 2-й пал. XVII ст. у выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй Ліда прыйшла ў заняпад, толькі зь сяр. XVIII ст. пачалося гаспадарчае ажыўленьне. У 1672 тут заснавалі кляштар кармэлітаў.

Цягам 1756[3]1834 у Лідзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова — піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны сьлед у навуцы і літаратуры. У калегіюме навучаўся будучы прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Станіслаў Юндзіл. Станам на 1792 у месьце было 242 будынкі[3].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ліда апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам павету Слонімскай губэрні1797 у складзе Літоўскай, з 1801 — Гарадзенскай, з 1842 — Віленскай губэрні). Станам на 1837 у месьце было 324 будынкі.

У 1863 і 1873 у Лідзе збудавалі 2 бровары, у 18701880-я — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвую фабрыку, крухмальны завод. У 1884 празь места праклалі чыгуначную лінію ВільняЛунінец, у 1907 — МаладэчнаМасты. У 1899 у Лідзе адкрылася лякарня на 25 ложкаў. У 1901 адбыўся запуск чыгуналіцейнага, у 1903 — лесапільнага, у кан. XIX — пач. XX стст. — 2 цагельных заводаў.

Станам на 1904 у Лідзе было 1000 жылых дамоў (зь іх 275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў (400 работнікаў), 170 рамесных майстэрань, 4 лякарні на 115 ложкаў, 6 пачатковых навучальных установаў (700 вучняў). На 1914 у месьце працавала каля 40 прадпрыемстваў[6].

У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 Ліду занялі нямецкія войскі. Увосень 1918 у месьце сфармавалася некалькі арганізацыяў польскага характару: Самаабарона Лідзкай зямлі, якая пачала кіраваць мясцовасьцю па адыходзе немцаў, а таксама Нацыянальная рада Лідзкай зямлі і Кола полек у Лідзе. У студзені 1919 Ліду занялі бальшавікі, аднак 1617 красавіка 1919 места адбілі польскія войскі[7]. 7 чэрвеня 1919 Ліда разам з паветам трапіла ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[8] Улетку 1920 места зноў занялі бальшавікі, 30 верасьня 1920 — часткі польскага войска.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ліда апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам павету ў Наваградзкім ваяводзтве. За польскім часам найбольшым прамысловым прадпрыемствам у Лідзе, вядомым вытворцай гумовага абутку, была фабрыка «Ардаль», заснаваная ў 1929. У месьце працавалі прадпрыемствы па вытворчасьці сельскагаспадарчых прыладаў, вырабаў з дроту, гумы, піва і алею, а таксама кафлярні, тартакі і пякарні.

У 1939 Ліда ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 зрабілася цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці20 верасьня 1944 у складзе Гарадзенскай вобласьці). З 27 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1989 у Лідзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Адаму Міцкевічу, у 1993 — помніка Францішку Скарыну. У 2010 упершыню з часоў падзеяў 1939 году ў цэнтральную частку Ліды вярнуліся назвы, беспасярэдне зьвязаныя з дасавецкай гісторыяй места: Грунвальдзкая і Замкавая вуліцы, а таксама бульвар імя вялікага князя Гедыміна.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальны склад (паводле перапісу-1999, %): беларусы — 44,2, палякі — 38,3, расейцы — 14,0, украінцы — 2,6. Агулам у месьце жывуць прадстаўнікі каля 50 нацыянальнасьцяў.

Духоўнае жыцьцё прадстаўляюць 22 рэлігійныя супольнасьці 6 канфэсіяў, у тым ліку 7 праваслаўных, 5 рымска-каталіцкіх, 1 грэка-каталіцкая, 1 мусульманская, 1 юдзейская, 1 эвангелічна-лютэранская і 6 пратэстанцкіх. Дзейных сакральных будынкаў у месьце — 7, у тым ліку 4 касьцёлы, 2 цэрквы і 2 малітоўныя дамы на ўсіх пратэстантаў.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кінатэатар «Кастрычнік»

Сыстэма адукацыі ў Лідзе — гэта 16 сярэдніх, няпоўная сярэдняя школы, гімназія, ліцэй, 33 дашкольныя і 10 пазашкольных установаў, Лідзкі каледж, музычны каледж, 2 прафэсійна-тэхнічныя вучэльні, прафэсійны ліцэй, дзіцячы дом творчасьці, школа мастацтваў і музычная школа.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да паслугаў месьцічаў — лякарня на 1155 месцаў, 5 паліклінік, 3 дыспансэры, 24 пункты аховы здароўя, станцыі хуткай дапамогі і пераліваньня крыві; 11 аптэчных пунктаў, 9 аптэчных шапікаў розных формаў уласнасьці.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сыстэму ўстановаў культуры ўваходзяць 3 дамы культуры, 7 бібліятэк, гістарычна-мастацкі музэй, 1 кінатэатар, 46 калектываў мастацкай самадзейнасьці.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Лідзе працуе 3 спарткомплексы, 2 ФАКі, стадыён, плавальны басэйн, 12 міні-басэйнаў, 27 спартовых заляў, 6 стралковых ціраў, 64 прыстасаваныя памяшканьні, 79 плоскасьцевых будынкаў.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лідзкі камбайн
Лідзкае піва

Ліда — буйны прамысловы цэнтар. У месьце працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня, харчовай, хімічнай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, абутковай прамысловасьці.

  • ААТ «Лідсельмаш»
  • ААТ «Лідаграпраммаш»
  • РУП «Ліцейна-мэханічны завод»
  • РУП «Досьледны завод „Нёман“»
  • ААТ «Лідзкае піва»
  • ААТ «Лідкан»
  • ААТ «Лідахлебапрадукт»
  • ДАУП «Лідзкі малочнакансэрвавы камбінат»
  • ААТ «Лакафарба»
  • АУВП «Лідзкая мэблевая фабрыка»
  • ААТ «Лідабудматэрыялы»
  • ААТ «Лідзкая абутковая фабрыка»
  • РУП «Завод „Оптык“»
  • РУП «Лідзкі завод электратэхнічных вырабаў»
  • ІПВУП «Белтэкс-Оптык»
  • ЗАТ «Белэўратара»
  • Рэспубліканскае вытворчае унітарнае прадпрыемства «Завод Ізатрон»[13].

У будаўнічы комплекс Ліды уваходзяць 17 будаўнічых і рамонтна-будаўнічых арганізацыяў, найбуйнейшай зь якіх зьяўляецца ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 19».

Да паслугаў насельніцтва і госьцяў места маецца 480 аб’ектаў раздробнага гандлю і грамадзкага харчаваньня ўсіх формаў уласнасьці, шэраг прадпрыемстваў побытавага абслугоўваньня. Дзейнічаюць 2 стацыянарныя і 4 міні-рынкі.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ліда — чыгуначны вузел. Таксама маецца аўтобусная станцыя, якая абслугоўвае каля 10 міжмескіх маршрутаў і каля 30 мясцовых маршрутаў. Мескі грамадзкі транспарт улучае 13 аўтобусных маршрутаў і 12 маршрутаў маршрутных таксі.

Грузавыя і пасажырскія перавозкі ў Лідзе ажыцьцяўляюць ААТ «Лідатрансаўта», ААТ «Лідаспэцаўтатранс», «Ілона», грузавая аўтастанцыя ААТ «Горадняінтэртранс», аўтобусны парк № 2 і чыгуначны вузел.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Францішку Скарыну

Ліда — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[14]. У месьце працуе Лідзкі гістарычна-мастацкі музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ліда» або ў трохзоркавым гатэлі «Кантынэнт»[15].

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл кармэлітаў напярэдадні зьнішчэньня расейскімі ўладамі

Найбольш вядомы здабытак Ліды — Замак Гедыміна, збудаваны вялікім князем у 1330-я. Іншыя выдатныя мясьціны:

  • Гістарычная забудова (кан. XIX — 1-я пал. ХХ стст.; асобныя фрагмэнты)
  • Капліца Сьв. Барбары (1930-я)
  • Касьцёл Сьв. Язэпа пры кляштары піяраў (1797—1825; цяпер царква МП Сьв. Міхала Арханёла)
  • Касьцёл Узвышэньня Сьв. Крыжа (1765—1770)
  • Могілкі старыя каталіцкія (1797)
  • Могілкі старыя праваслаўныя
  • Чыгуначны вакзал

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца Сьв. Крыжа (XIX ст.)
  • Касьцёл Бяззаганага Пачацьця Найсьв. Панны Марыі і кляштар кармэлітаў (XVIII ст.)
  • Сынагога Галоўная (1891)
  • Царква Сьв. Георгія (1875)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 202.
  3. ^ а б в г д е ё Расьціслаў Баравы. Ліда // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 197.
  4. ^ История на Лидский районный исполнительный комитет
  5. ^ Ліда // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  6. ^ Іван Коўкель. Ліда // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 362.
  7. ^ Lech Wyszczelski: Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 87-90.
  8. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41
  9. ^ Ліда // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  10. ^ а б Lida // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
  11. ^ Lida // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 217.
  12. ^ а б Лида // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  13. ^ Завод «Ізатрон» плануе да канца года наладзіць выпуск трох лекавых сродкаў // «БелТА», 23 лютага 2007
  14. ^ Лида // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
  15. ^ Гостиницы на Лидский районный исполнительный комитет

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Лідасховішча мультымэдыйных матэрыялаў