Ліда (футбольны клюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ліда
Поўная назва Футбольны клюб «Ліда»
Заснаваны 1962
Горад Ліда, Беларусь
Стадыён «Старт»
Умяшчальнасьць: 2960
Старшыня Іван Дубатоўка
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Першая ліга
 · 2023 10 месца
Афіцыйны сайт

«Ліда» — футбольны клюб зь Беларусі. Заснаваны ў 1962 годзе. Базуецца ў месьце Лідзе, якое знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласьці. Адзін з наймацнейшых клюбаў часоў БССР, 4-разовы чэмпіён БССР (1983, 1985, 1986, 1989), а таксама пераможца й прызэр розных турніраў БССР. У 1990-х гадох клюб часьцяком выступаў у найвышэйшай лізе айчыннага чэмпіянату, апошні раз датуецца сэзонам 2000 году. На сёньня каманда гуляе ў першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За савецкім часам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэмпіёнскі склад «Абутніку» ў 1989 годзе

Клюб у горадзе Ліда быў утвораны ў 1962 годзе пад назвай «Чырвоны сьцяг». Назва пратрымалася ўсяго год і ў 1963 годзе клюб быў перайменаваны ў «Вымпел». Пагуляўшы пад гэтым імем 8 сэзонаў, у 1971 годзе каманда надоўга атрымала назву «Абутнік». Назвай каманда была абавязана свайму спонсару Лідзкай абутковай фабрыцы. Каманда выступала ў розных турнірах Беларускай ССР. Першы значны посьпех прыйшоў у 1972 годзе. «Абутнік» выйшаў у фінал Кубка БССР, але саступіў «Тарпэда» (Жодзін) зь лікам 0:2. Празь дзесяць гадоў жодзінцы зноўку абыгралі лідчанаў у фінале Кубка БССР зь лікам 3:0.

У 1983 годзе «Абутнік» у чэмпіянаце БССР выйшаў у фінал, дзе сустрэўся зь менскай «Арбітай». Першы матч у Лідзе скончыўся зь лікам 0:0, а сустрэча ў Менску завяршылася ўнічыю 1:1, такім чынам, гол забіты на чужым полі, прынёс лідчанам золата. У 1984 годзе «Абутнік» быў мацнейшы за жодзінскае «Тарпэда» ў фінале Супэркубку БССР. У 1985 годзе лідчане ў групе чэмпіянату БССР набралі 36 пунктаў, а паказчык мячоў склаў 58:12. У фінале «Ліда» прымала ў сябе «Тарпэда» й атрымала перамогу зь лікам 2:0. У матчы ў адказ у Жодзіне «Абутнік» атрымаў паразу — 1:2, але дзякуючы агульнаму ліку стаў двухразовым чэмпіёнам БССР.

У 1986 годзе ў фінале Супэркубка БССР быў абыграны салігорскі «Шахцёр». У чэмпіянаце каманда зноўку прабілася ў фінал. У саперніках быў бабруйскі «Шыньнік». Перамогшы на выезьдзе й дома 1:0, лідчане заваявалі трэцяе чэмпіёнства. У 1987 годзе менскі «Спадарожнік» набраў столькі ж пунктаў як і «Абутнік», але вырваў выхад у фінал дзякуючы лепшай розьніцы мячоў. У наступным годзе каманда зноўку фінішавала другой, трохі саступіўшы ўсё таму ж «Спадарожніку». У 1989 годзе ў Ліду прыйшоў апошні вялікі футбольны посьпех, чэмпіянат упершыню праводзіўся выключна па колавай сыстэме, без стыкавых матчаў і групаў. «Абутнік» апярэдзіў «Спадарожнік» у выніковай табліцы на адзін пункт і стаў чатырохразовым чэмпіёнам БССР.

Часы незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці аўтаматычна азначала ўзмацненьне чэмпіянату, таму што самыя моцныя каманды больш не гулялі ў турнірах СССР, ва ўсіх быў адзіны турнір — чэмпіянат Беларусі па футболе. З моманту стварэньня ў 1992 годзе па 2000 год прафэсійным футбольным клюбам кіраваў Іван Прохараў. У першым нацыянальным чэмпіянаце, які адбыўся ў 1992 годзе, «Абутнік» фінішаваў на 12 месцы з 16 камандаў. Каманда паказвала добры футбол са знакамітымі супернікамі. У другім чэмпіянаце каманда ня здолела ўтрымацца ў найвышэйшым дывізіёне.

Стаўшы ў наступным турніры чэмпіёнамі першай лігі, каманда вярнулася ў найвышэйшую лігу й паказала ў сэзоне 1994—1995 гадоў найлепшы вынік у сваёй гісторыі — 8 месца, маючы на сваім рахунку 10 перамог, 10 нічыіх і 10 паразаў. У наступным сэзоне лідчане захавалі месца ў найвышэйшай лізе, а ў 1996 годзе гэтае зрабіць былі няздольныя.

У 1997 годзе каманда з новай назвай «Ліда» заняла трэцяе месца ў першай лізе, а ў 1998 годзе клюб стаў чэмпіёнам першай лігі, усталяваўшы абсалютны рэкорд усіх чэмпіянатаў першай лігі, прайшоўшы са старту 20 тураў без паразаў. Затым два наступныя сэзоны «Ліда» правяла ў найвышэйшай лізе, атрымаўшы ў 1999 годзе яскравыя перамогі над БАТЭ й менскім «Дынама». Зоркамі каманды ў той час былі Вітольд Хахлач, Сяргей Петрушэўскі і толькі пачынаўшы ў той час свой зорны шлях у дарослым футболе будучы капітан БАТЭ й гулец зборнай Беларусі Аляксандар Юрэвіч, а таксама галоўны форвард Зьвіяд Бурдзэнідзэ, які за два гады ў першай лізе вызначыўся 36 разоў. У 2000 годзе «Ліда» ў апошні раз гуляла ў найвышэйшай лізе. Калі да 2005 году каманда ставіла перад сабой задачу выхаду ў найвышэйшую лігу, але пасьля пачала змагацца за выжываньне ў першай лізе. Гэтак у 2006 годзе ўпершыню «Ліда» апусьцілася ў клясе ніжэй за першую лігу. У 2007 годзе каманда вярнулася ў першую лігу, але ў 2010 годзе зноўку была паніжаная ў клясе. У 2011 годзе дзякуючы намаганьням Дзьмітрыя Дзенісюка, які забіў 30 мячоў, «Лідзе» атрымалася заняць першае месца й вярнуцца ў першую лігу. У пачатку сэзону 2012 году клюб прабіўся ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі, дзе саступіў наваполацкаму «Нафтану», а ў чэмпіянаце ўдалося замацавацца ў першай лізе, заняўшы выніковае 11 месца.

У пачатку 2013 году быў адкрыты новы стадыён «Старт», дзе «Ліда» стала ладзіць свае хатнія матчы нароўні з ранейшым стадыёнам «Юнацтва». У сэзоне 2013 году «Ліда» мела добры склад, у якім галоўным чынам выступалі ўласныя выхаванцы. Дружына мела добры старт, не атрымаўшы аніводнай паразы за першыя 10 тураў. Шмат у чым гэта адбылося дзякуючы намаганьням нападніка Ігара Крывабока, які хутка ачоліў табліцу бамбардзіраў усёй першай лігі. Але ў ліпені Крывабок перайшоў у наваполацкі «Нафтан», а «Ліда» згуляла некалькі дрэнных матчаў, у тым ліку прыгуляла ў розыгрышы Кубка Беларусі ад «Смаргоні» 0:5. У жніўні гульня каманды зноў уладкавалася. Замест Крывабока лідэрства ў камандзе ўзяў іншы вэтэран — Дзьмітры Кавалёнак. У выніку «Ліда» выйшла на чацьвертае месца і нават навязвала барацьбу «Віцебску» за трэці радок. Тым ня менш, у канцы турніру камандзе прыйшлося бараніць сваё чацьвертае месца ад «Бярозы-2010». Толькі дзякуючы перамозе ў апошнім туры над «Гарадзеяй» зь лікам 2:0 «Ліда» здолела заняць чацьвертае месца, якое сталася найлепшым для каманды з 2001 году.

Узімку 2014 году «Ліду» пакінулі дасьведчаныя гульцы, як то Віталь Надзіеўскі і Віталь Тарашчык завяршылі кар’еру, а ўжо перад самым пачаткам сэзона ў склад гарадзенскага ««Нёмна» павярнуўся Кавалёнак. У выніку каманда, хоць і захавала большую частку гульцоў, ужо ня здолела змагацца за высокія месцы і большую частку сэзонк правяла ў сярэдзіне табліцы. Але, правальны канец сэзонк адкінуў «Ліду» на 14 месца пры 16 удзельніках. У сэзоне 2015 году ў «Лідзе» адбылася зьмена на трэнэрскай пасадзе, то бок замест Андрэя Пятрова каманду ачоліў былы брамнік клюбу Максім Лычоў, які раней уваходзіў у трэнэрскі штаб. Не зважаючы на тое, што з клюбу сышла значная колькасьць футбалістаў, гэта было кампэнсавана запрашэньнем шэрагу выканаўцаў, як то Эдуард Чудноўскі і Сяргей Кавалюк. «Ліда» няўдала пачала сэзон, атрымаўшы дзьве паразы на пачатку, але потым стала здабываць перамогі, і першае кола дружына скончыла на трэцім месцы, якое давала мажлівасьць прасунуцца ў найвышэйшую лігу. Падчас летняга трансфэрнага вакна Кавалюк перайшоў у гарадзенскі «Нёман», і другое кола «Ліда» правяла няўдала, хутка выбыўшы з барацьбы за мэдалі. Сэзон каманда скончыла на шостым месцы. У пачатку сэзона 2016 году галоўным трэнэрам «Ліды» быў прызначаны Віталь Тарашчык. Аднак, ужо ў чэрвені ён пакінуў сваю пасаду, на той момант каманда знаходзілася ў сярэдзіне табліцы. У жніўні 2016 году новым трэнэрам стаўся Вячаслаў Герашчанка. Пры ім «Ліда» доўгі час знаходзілася ў ніжняй палове, але пасьпяховы фініш дазволіў камандзе ўзьняцца на шосты радок.

Сэзон 2017 году «Ліда» пачала пад кіраўніцтвам Пятра Качуры. Пасьля неблагога пачатку каманда стала трываць паразы, а некаторы час «Ліда» нават займала апошні радок табліцы. Улетку замест Качуры новым трэнэрам стаў Сяргей Саладоўнікаў. Лідзкі клюб паводле вынікаў сэзону заняў 14 месца і захаваў месца ў першай лізе. Перад пачаткам сэзону 2018 году «Ліда» істотна ўзмацніла склад, запрасіўшы шмат гульцоў з досьведам гульні ў найвышэйшай лізе. Дружына разглядалася як адзін з прэтэндэнтаў на барацьбу за выхад у найвышэйшую лігу. Аднак, ад самага пачатку турніру «Ліда» стала саступаць асноўным канкурэнтам. Далей сэзон прайшоў даволі пасьпяхова, каманда ўпэўнена замацавалася на чацьвертым радку і ў канцы амаль нагнала «Белшыну», але ўсё ж фінішавала на чацьвертым месцы. У пачатку 2019 году «Ліду» пакінула большая частка гульцоў, каманду замест Сяргея Саладоўнікава зноў узначаліў Вячаслаў Герашчанка. Склад быў назьбіраны ў асноўным з маладых гульцоў, а таксама выхаванцаў лідзкага футболу. Дружына не разглядалася як прэтэндэнт на высокія месцы, аднак здолела добра распачаць сэзон, доўгі час месьцілася ўверсе табліцы. У ліпені 2019 году Герашчанка стаў галоўным трэнэрам летувіскай «Палангі», кіраваць «Лідай» застаўся ягоны памочнік Юры Каратай. У другой палове сэзону «Ліда» мела горшыя вынікі і фінішавала ў чэмпіянаце сёмай.

У сэзоне 2020 году ў каманды значна абнавіўся склад, былі запрошаны ў асноўным маладыя гульцы, а таксама расейскія выканаўцы. Трэнэрам быў зацьверджаны Юры Каратай. Каманда пачала турнір з штрафам у тры пункты за ўдзел у дамоўленых матчах у сэзонах 2017 і 2018 гадоў. На працягу сэзону «Ліда» замацавалася ў сярэдзіне табліцы, паказваючы нестабільныя вынікі, то бок перамогі над камандамі верхняй паловы чаргаваліся з паразамі і матчамі ўнічыю з аўтсайдэрамі. У кастрычніку Каратай быў адхілены ад трэнэрскай пасады, а ягоныя абавязкі стаў выконваць Сяргей Петрушэўскі. Каманда зноўку скончыла сэзон на сёмым месцы. У сэзоне 2021 году камандай працягваў кіраваць Сяргей Петрушэўскі. Клюб страціў асноўных футбалістаў, якіх зноў зьмянілі маладыя, пераважна гарадзенскія гульцы. Год пачаўся для каманды няблага, але пазьней клюб трапіў у ніжнюю частку табліцы. Адначасова адбылося пагаршэньне фінансавага становішча, праз што ўлетку каманду пакінула некалькі дасьведчаных майстроў, а пазьней, у кастрычніку, празь нявыплату заробку былому трэнэру клюбу Паўлу Лісоўскаму на «Ліду» была накладзеная забарона на трансфэры[1]. Апошняя траціна турніру была праваленая, каманда трывала паразы і скончыла сэзон на 11 месцы пры 12 удзельніках. Сэзон 2022 году «Ліда» пачала пад кіраўніцтвам новага трэнэра Віталя Рашкевіча. Дружына апынулася ўнізе табліцы, аднак часам адбірала пункты ў фаварытаў. У ліпені Рашкевіч быў звольнены, а выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра стаў ягоны памочнік Аляксей Дабравольскі. Чэмпіянат лідзкая каманда скончыла на 10 месцы пры 13 удзельніках.

Былыя назовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Чырвоны сьцяг» (1962—1963)
  • «Вымпел» (1963—1971)
  • «Абутнік» (1971—1996)
  • «Ліда» (з 1997 году)

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актуальны на 26 жніўня 2023 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
1 Нацыянальны сьцяг Беларусі Бр Арцём Белы 1997
2 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Павал Шорац 1998
3 Сьцяг Расеі Аб Антон Лазараў 1996
4 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Аляксандар Сасноўскі 2003
5 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Арцём Салыга 2002
6 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Аляксандар Куйжа 2004
7 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Даніла Сьлесарчук (ар. Славія) 2001
8 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Дзьмітры Градабоеў (капітан) 1991
9 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Кірыл Пармонаў 2004
10 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Ільля Баглай 1998
11 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Данііл Куцапалаў 1998
13 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Яўген Карповіч 2001
14 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Даніял Чарыўханаў 1998
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
15 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Альфрэд Мазурыч 2003
17 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Аляксей Рогач 1999
18 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Аляксей Жывушка 2004
19 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Яўген Санюк 2000
20 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Вадзім Іваноўскі 2003
21 Нацыянальны сьцяг Беларусі Нап Аляксандар Бурнос 1999
22 Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Максім Клунок 2000
23 Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Васіль Васіленка 1996
25 Нацыянальны сьцяг Беларусі Бр Яўген Грэмза 1995
Нацыянальны сьцяг Беларусі Аб Дзяніс Хадыка 2005
Нацыянальны сьцяг Беларусі ПА Ягор Забелін 2004
Сьцяг Расеі ПА Сямён Заец 2003
Сьцяг Расеі Нап Алег Цюлькоў 2004

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэзон Ліга Месца Г В Н П РМ Пкт Кубак
2012 Першая 11 28 8 6 14 32–49 30 1/16
2013 Першая 4 30 15 7 8 53–38 52 1/16
2014 Першая 14 30 10 1 19 46–64 31 1/16
2015 Першая 6 30 15 5 10 65–53 50 1/16
2016 Першая 6 26 11 5 10 26–33 38 1/16
2017 Першая 14 30 6 10 14 28–39 28 1/32
2018 Першая 4 28 18 4 6 45–18 58 1/16
2019 Першая 7 28 12 8 8 49–32 44 1/16
2020 Першая 7 26 9 7 10 37–42 31[a] 1/32
2021 Першая 11 33 4 9 20 33–75 21 1/16
2022 Першая 10 24 6 8 10 35–43 26 1/16

Галоўныя трэнэры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Ліда» пазбаўленая 3 пунктаў праз удзел гульцоў у дамоўленых матчах у 2017—2018 гадах

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]