Ліпічанская пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ліпічанская пушча — верасовы бор. Зьдзецельскі раён

Ліпіча́нская пу́шча — лясны масіў і ляндшафтавы заказьнік дзяржаўнага значэньня ў Зьдзецельскім, Мастоўскім і Шчучынскім раёнах Гарадзенскай вобласьці. Заказьнік створаны ў 2002 року для аховы рэдкіх прыродных маляўнічых ляндшафтаў і комплексаў. Ягоная плошча складае 15,1 тыс. га (2006).

Пераважае лясная расьліннасьць: верасова-імшыстыя боры, чарнічныя і кісьлічныя ельнікі, вытворныя бярэзьнікі і чорнаалешнікі. Уздоўж Нёмана дзялянкі абалонавых дуброваў. Максымальны век дуброваў 230 рокаў (асобныя дубы-«старажылы» да 450—500 рокаў).

Прыродна-тэрытарыяльныя комплексы заказьніку адрозьніваюцца высокай мазаічнасьцю біятапічных умоваў, што разам з наяўнасьцю буйных вадацёкаў, недасяжнасьцю шматлікіх дзялянак лясоў (асабліва ва ўсходняй частцы заказьніку) для наведваньня людзьмі, стварыла ўмовы для пасяленьня рэдкіх відаў расьлінаў і жывёлін. У заказьніку вылучана 25 катэгорыяў асабліва каштоўных расьлінных супольнасьцяў, унікальныя геамарфалягічныя ўтварэньні.

У флёры 754 віды вышэйшых судзінкавых расьлінаў, зь якіх 16 у Чырвонай кнізе Беларусі: жывучка пірамідальная, касацік сыбірскі, лілея кучаравістая, шалвея лугавая і інш. Фаўна ўлучае 29 відаў сысуноў, 11 — амфібіяў і рэптыліяў, 30 рыбаў, 136 — птушак. У Чырвонай кнізе Беларусі барсук, соня арэшнікавая, стронга ручаёвая, рыбец, вусач і інш.

Лясы маюць вадаахоўнае значэньне. Зона адпачынку і турызму.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]