Магамэд Яўлоеў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Магамэд Яўлоеў
Йевлой Яхьяй воl Мухьаммад
Магомед Евлоев
Род дзейнасьці журналістыка
Дата нараджэньня 1971
Месца нараджэньня Сьцяг ЧІАССР Малгабек, ЧІАССР
Дата сьмерці 31 жніўня 2008
Месца сьмерці Сьцяг Расеі Назрань, Інгушэтыя, РФ
Занятак журналіст, праваабаронец, адвакат, юрыст, бізнэсмэн

Магамэд Ях’яевіч Яўлоеў (па-інгуску: Йевлой Яхьяй воl Мухьаммад, па-расейску: Магомед Яхьяевич Евлоев; 1971, Малгабек Чачэна-Інгускай АССР31 жніўня 2008, Назрань, Інгушэтыя) — інгускі журналіст, уладальнік сайту Ингушетия.org.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 скончыў Саратаўскі юрыдычны інстытут.

У 19931999 гадах М. Яўлоеў працаваў у органах пракуратуры Рэспублікі Інгушэтыя. У 1999 годзе быў абвінавачаны ў судзеяньні забойству Суляймана Цэчоева. Абвінавачаньне не было даказанае, аднак Яўлоеў быў звольнены з пракуратуры[1]. У студзені 2000 быў намесьнікам пракурора г. Малгабек, другога па велічыні ў Інгушэтыі. Прымаў актыўны ўдзел у раскрыцьці шмат якіх злачынстваў, зьвязаных з выкраданьнямі людзей.

Зь лютага 2001 М. Яўлоеў зьяўляўся прэзыдэнтам і заснавальнікам ЗАТ «Інфра-холдынг», у склад якога ўваходзяць некалькі кампаніяў — юрыдычная («Інфра-Юр»), прыватнае ахоўнае прадпрыемства, будаўнічая, рыбная кампаніі і г. д. Акрамя таго, Яўлоеў меў свой бізнэс у Сан-Францыска (ЗША), дзе заснаваў кампанію «Infra North America».

З 13 верасьня 2001 Магамэд Яўлоеў зьяўляўся ўладальнікам і генэральным дырэктарам апазыцыйнага пракрамлёўскім уладам Інгушэтыі і асабіста прэзыдэнту рэспублікі М. Зязікаву інтэрнэт-парталу «Інгушэтыя.Ру», на якім часта зьмяшчаліся матэрыялы, якія разыходзіліся з афіцыйным пунктам погляду ўраду Інгушэтыі.

6 чэрвеня 2008 году Кунцаўскі раённы суд Масквы на зыск пракуратуры Рэспублікі Інгушэтыі забараніў дзейнасьць сайту «Ингушетия.Ру» ў сувязі з публікацыяй матэрыялаў экстрэмісцкага характару, што разпальваюць міжнацыянальную варожасьць.[2] 12 жніўня 2008 году Маскоўскі гарадзкі суд пацьвердзіў гэтае рашэньне Кунцаўскага суду.

Палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2007 супраць М. Яўлоева была заведзеная крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы[3]. 18 сакавіка 2008 Вярхоўны суд Расеі адхіліў гэтае абвінавачаньне.

У кастрычніку 2007 сьледчая ўправа Сьледчага Камітэту пры пракуратуры РФ па Паўночным Каўказе аднавіла расьсьледваньне іншае крымінальнае справы супраць Магамэда Яўлоева. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 1999, падчас працы ў пракуратуры, ён дапамог вызваленьню зь СІЗА па падробных дакумэнтах С. Цячоева — аднаго з падазраваных у выкраданьні брата М. Кялігава (Цячоеў у той жа дзень быў забіты на тэрыторыі Кабардына-Балкарскай Рэспублікі).

Быў затрыманы пасьля мітынгу 26 студзеня 2008 году ў Назрані, вызвалены 4 ліпеня.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 жніўня 2008 году Магамэд Яўлоеў прыляцеў у аэрапорт Назрані на адным самалёце з кіраўніком Інгушэтыі Муратам Зязікавым. Пасьля таго, як апошні быў сустрэты міністрам унутраных справаў Мусай Медавым і зьехаў, Яўлоеў быў схоплены невядомымі. Сябры і родныя кінуліся яму на дапамогу, але былі спыненыя папераджальнымі аўтаматнымі чэргамі.

Другую спробу адбіць Яўлоева прыхільнікі апазыцыі прадпрынялі ўжо па дарозе з аэрапорту. У іх атрымалася спыніць дзьве машыны міліцэйскага картэжу, але ў іх затрыманага не аказалася. Па словах кіраўнікі Аргкамітэту агульнанацыянальнага мітынгу пратэсту Хазьбіева, ягоныя паплечнікі зьбілі міліцыянтаў і забралі іхнія пасьведчаньні. Пазьней высьветлілася, што ў гэты час Яўлоеў ужо быў сьмяротна паранены ў іншай машыне[4].

Па вэрсіі сьледчага камітэту пры пракуратуры, ён «выпадкова» быў паранены ў машыне стрэлам зь пісталету аднаго з канваіраў, калі супрацоўнікі ўнутраных справаў везьлі яго ў пастарунак. Куля трапіла Яўлоеву ў галаву. Па факце раненьня і сьмерці Яўлоева заведзеная крымінальная справа па артыкуле 109 Крымінальнага Кодэксу РФ «забойства па неасьцярожнасьці».

Родныя загінулага сьцьвярджаюць, што Яўлоеў пры выхадзе з самалёту, якім ён прыляцеў у сталіцу Інгушэтыі Магас, быў схоплены невядомымі людзьмі, пасьля чаго яго кінулі ў машыну маркі «УАЗ» і павезьлі ў невядомым кірунку. Родныя Яўлоева адразу ж зладзілі пагоню за гэтым аўтамабілем, аднак выкрадальнікі па дарозе стрэлілі Яўлоеву ў галаву і выкінулі ягонае цела ля брамы інгускай рэспубліканскае клінічнае бальніцы[5].

У бальніцы Магамэд Яўлоеў памёр падчас апэрацыі, бо атрыманае раненьне ў вісок было несумяшчальнае з жыцьцём[6]. Пахаваны на фамільных могілках у сяленьні Эка́жава. Пахаваньне ператварылася ў мітынг: людзі вінавацілі ў забойстве кіраўніка Інгушэтыі Мурата Зязікава і патрабавалі ягонае адстаўкі[7]. Зранку 2 верасьня мітынг быў разагнаны міліцыяй і спэцназам[8].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]