Магамэд Яўлоеў
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Род дзейнасьці | журналістыка |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 1971 |
| Месца нараджэньня | |
| Дата сьмерці | 31 жніўня 2008 |
| Месца сьмерці | |
Магамэд Ях'яевіч Яўлоеў (па-інгуску: Йевлой Яхьяй во1 Мухьаммад, па-расейску: Магомед Яхьяевич Евлоев; 1971, г.Малгабек Чачэна-Інгускай АССР — 31 жніўня 2008, Назрань, Інгушэтыя) — інгускі журналіст, уладальнік сайта Інгушэція.Ru.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
У 1992 скончыў Саратаўскі юрыдычны інстытут.
У 1993-1999 М.Яўлоеў працаваў у органах пракуратуры Рэспублікі Інгушэтыя. У студзені 2000 быў намесьнікам пракурора г.Малгабек, другога па велічыні ў Інгушэтыі. Прымаў актыўны ўдзел у раскрыцьці шмат якіх злачынстваў, зьвязаных з выкраданьнямі людзей.
Зь лютага 2001 М.Яўлоеў зьяўляўся прэзыдэнтам і заснавальнікам ЗАТ «Інфра-холдынг», у склад якога ўваходзяць некалькі кампаніяў - юрыдычная ("Інфра-Юр"), прыватнае ахоўнае прадпрыемства, будаўнічая, рыбная кампаніі і г.д. Акрамя таго, Яўлоеў меў свой бізнэс у Сан-Францыска (ЗША), дзе засноваў кампанію «Infra North America».
З 13 верасьня 2001 Магамэд Яўлоеў зьяўляўся ўладальнікам і генэральным дырэктарам апазыцыйнага пракрамлёўскім уладам Інгушэтыі і асабіста прэзыдэнту рэспублікі М.Зязікаву інтэрнэт-парталу «Інгушэція.Ру», на якім часта зьмяшчаліся матэрыялы, якія разыходзіліся з афіцыйным пунктам погляду ўраду Інгушэтыі.
[рэдагаваць] Палітычная дзейнасьць
Улетку 2007 супраць М.Яўлоева была заведзеная крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы.[1] 18 сакавіка 2008 Вярхоўны суд Расеі адхіліў гэтае абвінавачаньне.
У кастрычніку 2007 сьледчая ўправа Сьледчага Камітэту пры пракуратуры РФ па Паўночным Каўказе аднавіла расьсьледваньне іншае крымінальнае справы супраць Магамэда Яўлоева. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 1999, падчас працы ў пракуратуры, ён дапамог вызваленьню з СІЗА па падробных дакумантах С.Цячоева - аднаго з падазраваных у выкраданьні брата М.Кялігава (Цячоеў у той жа дзень быў забіты на тэрыторыі Кабардына-Балкарскай Рэспублікі).
Быў затрыманы пасьля мітынгу 26 студзеня 2008 году ў Назрані, вызвалены 4 ліпеня.
[рэдагаваць] Сьмерць
31 жніўня 2008 году Магамэд Яўлоеў прыляцеў у аэрапорт Назрані на адным самалёце з кіраўніком Інгушэтыі Муратам Зязікавым. Пасьля таго, як апошні быў сустрэты міністрам унутраных справаў Мусай Медавым і зьехаў, Яўлоеў быў схоплены невядомымі. Сябры і родныя кінуліся яму на дапамогу, але былі спыненыя папераджальнымі аўтаматнымі чэргамі.
Другую спробу адбіць Яўлоева прыхільнікі апазыцыі прадпрынялі ўжо па дарозе з аэрапорту. У іх атрымалася спыніць дзьве машыны міліцэйскага картэжу, але ў іх затрыманага не аказалася. Па словах кіраўнікі Аргкамітэту агульнанацыянальнага мітынгу пратэсту Хазьбіева, ягоныя паплечнікі зьбілі міліцыянтаў і забралі іхнія пасьведчаньні. Пазьней высьветлілася, што ў гэты час Яўлоеў ужо быў сьмяротна паранены ў іншай машыне[2].
Па вэрсіі сьледчага камітэту пры пракуратуры, ён «выпадкова» быў паранены ў машыне стрэлам зь пісталету аднаго з канваіраў, калі супрацоўнікі ўнутраных справаў везьлі яго ў пастарунак. Куля трапіла Яўлоеву ў галаву. Па факце раненьня і сьмерці Яўлоева заведзеная крымінальная справа па артыкуле 109 Крымінальнага Кодэксу РФ «забойства па неасьцярожнасьці».
Родныя загінулага сьцьвярджаюць, што Яўлоеў пры выхадзе з самалёту, якім ён прыляцеў у сталіцу Інгушэтыі Магас, быў схоплены невядомымі людзьмі, пасьля чаго яго кінулі ў машыну маркі "УАЗ" і павезьлі ў невядомым кірунку. Родныя Яўлоева адразу ж зладзілі пагоню за гэтым аўтамабілем, аднак выкрадальнікі па дарозе стрэлілі Яўлоеву ў галаву і выкінулі ягонае цела ля брамы інгускай рэспубліканскае клінічнае бальніцы[3].
У бальніцы Магамэд Яўлоеў памёр падчас апэрацыі, бо атрыманае раненьне ў вісок было несумяшчальнае з жыцьцём[4]. Пахаваны на фамільных могілках у сяленьні Эка́жава. Пахаваньне ператварылася ў мітынг: людзі вінавацілі ў забойстве кіраўніка Інгушэтыі Мурата Зязікава і патрабавалі ягонае адстаўкі[5]. Зранку 2 верасьня мітынг быў разагнаны міліцыяй і спэцназам[6].
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Каўказ Мема.Ру: "Ингушетию.Ru" обвиняют в возбуждении вражды.(рас.)
- ^ Каўказ Мэма.Ру: "Коммерсант": Магомеда Евлоева пытались отбить у милиции Ингушетии.(рас.)
- ^ Хартыя-97: Милиция застрелила владельца сайта «Ингушетия.ру».(рас.)
- ^ Каўказ Мэма.Ру: Скончался владелец сайта "Ингушетия.Ru" Магомед Евлоев.(рас.)
- ^ Радыё Свабода: Участники митинга в Назрани обвинили в убийстве Евлоева главу Ингушетии(рас.)
- ^ «Политическое убийство» Евлоева накалило обстановку в Ингушетии (рас.)
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Інгушэція.Ru (рас.)

