Магілёўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Магілёўскі замак
Магілёўскі замак. В. Вашчанка, 1702 г.
Магілёўскі замак. В. Вашчанка, 1702 г.
Краіна Беларусь
Места Магілёў
Каардынаты 53°53′38.15″ пн. ш. 30°19′39.79″ у. д. / 53.8939306° пн. ш. 30.3277194° у. д. / 53.8939306; 30.3277194Каардынаты: 53°53′38.15″ пн. ш. 30°19′39.79″ у. д. / 53.8939306° пн. ш. 30.3277194° у. д. / 53.8939306; 30.3277194
Дата заснаваньня 1526 г.
Статус Ахоўная зона
Магілёўскі замак на мапе Беларусі
Магілёўскі замак
Магілёўскі замак
Магілёўскі замак
Магілёўскі замак на Вікісховішчы

Магілёўскі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Магілёве. Знаходзіўся на высокім узгорку пры ўтоку ракі Дубравенкі ў Дняпро, на месцы бескурганнага могільніка XII—XIII стагодзьдзяў. Твор архітэктуры рэнэсансу. Да нашага часу захаваліся падмуркі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Руіны замка (на пярэднім пляне). М. Львоў, каля 1800 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Баркулабаўскага летапісу, замак у Магілёве збудавалі ў 1526 годзе: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Гэта пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. У XVI ст. замак меў драўляныя ўмацаваньні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і вайсковага рыштунку. Уначы яго ахоўвала варта. У ваенны час замак абаранялі жыхары Магілёва і воласьці[1].

13 снежня 1595 году замак спалілі ў час выступленьня С. Налівайкі, аднак хутка аднавілі, пра што сьведчыць інвэнтар Магілёва за 1604 год. У 1633 годзе замак згарэў. У 1638 годзе яго аднавілі, меў выгляд астрога з 2 брамамі.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў з 6 лютага да 1 траўня 1655 году замак вытрымаў аблогу казацкіх войскаў, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—1660 гадох замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў збудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. У 1664 і 1708 гадох пацярпеў ад пажараў[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, замак інтэнсіўна разбураўся. У пачатку XIX ст. ліквідавалі бастыённыя ўмацаваньні. Неўзабаве на месцы замка разьбілі Сад Дэмбавецкага.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1982 годзе археалягічныя дасьледаваньні замка праводзіў М. Ткачоў, у 1990 годзе — З. Яцкевіч, у 1992—1996 гадох — І. Марзалюк[3].

У 2007 годзе ў ходзе няўзгодненага з археолягамі будаваньня «храма-помніка» ў імя «Святых царственных мучеников и новомучеников и исповедников XX века» будаўнікі зьнішчылі культурны слой замка[4].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзінец замка меў форму, блізкую да чатырохкутніка (плошча больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай Дубравенкі на 20 м, з поўдня — над далінай Дняпра на 25 м, з усходу — на 14 м, з поўначы ўмацоўваўся ровам[5]. Умацаваны пэрымэтрам пяскова-гліняным абарончым валам (вышынёю 5 м, шырынёю ў аснове каля 16 м), на якім паводле інвэнтару 1604 году стаялі 7 вежаў (зь іх 2 вежы-брамы з пад’ёмнымі мастамі), злучаных сьценамі-гароднямі, накрытымі гонтавымі стрэшкамі. Вежы (тры 5-ярусныя, чатыры 4-ярусныя; ніжнія ярусы 4-гранныя, верхнія — 8-гранныя) былі накрытыя 4-схільнымі дахамі з драніц. Сьцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. На адной зь вежаў быў бронзавы звон. З замка вялі патаемныя хады да Дняпра і Дубравенкі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Марзалюк І., Ткачоў М. Магілёўскі замак // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 466.
  2. ^ Ткачоў М. Магілёўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 251.
  3. ^ Марзалюк І., Ткачоў М. Магілёўскі замак // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 467.
  4. ^ Заведзена справа супраць будаўнікоў храма на Магілёўскім замчышчы // Наша Ніва, 14 ліпеня 2007.
  5. ^ Ткачоў М. Магілёўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 250.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр   513В000003