Максім Рыльскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Максім Рыльскі
Максим Тадейович Рильський
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 (19) сакавіка 1895[1] або 19 сакавіка 1895(1895-03-19)
Памёр 24 ліпеня 1964(1964-07-24)[2][3] (69 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Тадэвуш Томаш Зьбігнеў Рыльскі[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, пісьменьнік, паэт, палітык
Гады творчасьці 1907—1964
Кірунак нэаклясыцызм, сацрэалізм
Мова украінская
Значныя творы «Ружы й вінаград»
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн Чырвонай Зоркі мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Ленінская прэмія Сталінская прэмія
Подпіс
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рыльскі.

Максі́м Тадэ́евіч Ры́льскі (па-ўкраінску: Максим Тадейович Рильський; 19 сакавіка [ст. ст. 7 сакавіка] 1895, Кіеў — 24 ліпеня 1964, Кіеў) — украінскі паэт, перакладнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч, акадэмік АН Украіны.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Максіма, этнограф, грамадзкі дзяяч і публіцыст Тадэвуш-Томаш-Зьбігнеў Рыльскі, быў сынам памешчыка Разяслава-Кароля-Тэадора-Яна Рыльскага і княгіні Трубяцкой. Адзін з продкаў Рыльскіх у XVII стагодзьдзі быў кіеўскім мескім пісарам. Прапрадзед Рамуальд быў вучнем базылянскай школы і пад час захопу Ўмані гайдамакамі ў 1768 року ледзь не загінуў.

Маці Максіма, Мяланія Фёдараўна, была простаю сялянкаю зь вёскі Раманаўка (цяпер у Папяльнянскім раёне Жытомірскай вобласьці).

У 1902 памёр бацька Максіма, і сям’я пераехала з Кіева ў Раманаўку. Максім сьпярша навучаўся ў хатніх умовах, пасьля (з восені 1908 року) ў прыватнай гімназіі ў Кіеве.

Змалку пазнаёміўся з кампазытарам Міколам Лысенкам, этнографам, дасьледнікам і зьбіральнікам украінскіх народных дум і песьняў Дмітром Равуцкім, акторам і рэжысэрам Панасам Саксаганскім, этнографам і фальклярыстам Аляксандрам Русавым, якія аказалі на яго вялікі ўплыў. Пэўны час ён жыў і выховываўся ў сем’ях Лысенкі і Русава.

Пасьля прыватнай гімназіі Навуменкі Рыльскі навучаўся на мэдычным факультэце Кіеўскага ўнівэрсытэту сьв. Ўладзімера, потым на гісторыка-філялягічным факультэце Народнага ўнівэрсытэту ў Кіеве, заснаваным за гетманам Паўла Скарападзкага, але з-за бальшавіцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ніводнага зь іх ня скончыў. Займаўся самаадукацыяй, вывучэньнем моваў, музыкаю.

У 1919—1929 — настаўнічаў у вёсцы, у прыватнасьці ў Раманаўцы, а таксама ў кіеўскай чыгуначнай школе, на рабфаку Кіеўскага ўнівэрсытэту і ва Ўкраінскім інстытуце лінгвістычнай асьветы.

Рыльскі пачаў пісаць рана, першы ягоны верш надрукаваны ў 1907, першы юнацкі зборнік паэзіі «На белых астравах» выйшаў у 1910 року. Першым ужо зрэлым, што вызначыла зьяўленьне выдатнага паэта, быў зборнік «Пад восеньскімі зорамі» (1918).

У 1920-х Рыльскі належаў да мастацкай групоўкі «нэаклясыкаў», перасьледаванага афіцыйнаю крытыкай за дэкадэнцтва і адарванасьць ад сучасных патрэбаў сацыялістычнага жыцьця. Цягам дзесяцігодзьдзя выйшла дзесяць кніжак паэзіі, сярод якіх «Сіняя далячынь» (1922), «Паэмы» (1925), «Скрозь буру і сьнег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Гоман і адгоман», «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929), і некалькі кніг паэтычных перакладаў, у прыватнасьці ў 1927 року — пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Як і рэшта нэаклясыкаў, Рыльскі непасярэдна сваёй творчасьцю не рэагаваў на палітычныя падзеі і цягам 1920-х рокаў цалкам ізаляваўся ад савецкай рэчаіснасьці, толькі час ад часу ў адкрытай форме (напрыклад, у вершы «На сьвеце ёсьць пявучы Лянгедок») ці ў выглядзе іранічных «водступаў» (як у «Чумаках» ці паэме «Сашко») выяўляў абурэньне ідэйна-палітычнай і літаратурнай атмасфэрай, што панавала тады (напрыклад, у артыкуле «Мая апалёгія, альбо самаабарона», «Бальшавік», Кіеў, ч. 216, 23 верасьня 1923). Такія паводзіны паэта выклікалі вострыя напады афіцыйнае крытыкі, што ўрэшце скончылася арыштам НКУС у 1931, пасьля чаго ён амаль год прасядзеў у Лук’янаўскай турме. Пасьля вызваленьня Астап Вішня забраў яго да сябе ў Харкаў на некалькі дзён у госьці. Ягоныя таварышы-нэаклясыкі Міхайла Драй-Хмара, Паўло Філіповіч, Мікола Зэраў былі рэпрэсаваныя і загінулі ў канцлягерох.

Пасьля зьняволеньня творчасьць Рыльскага зьмянілася, і ў зборніку «Знак вагаў» (1932) ён абвясьціў актыўнае ўспрыняцьце савецкай дзейнасьці, дзякуючы чаму адзіным з нэаклясыкаў уратаваўся ад сталінскага тэрору і быў залічаны ў лік афіцыйных савецкіх паэтаў. Ягоная творчасьць падзялілася на два рэчышчы — афіцыйнае ды лірычнае, у апошнім яму ўдавалася ствараць незалежныя ад палітыкі, чыста мастацкія творы, якія перажылі яго. Аднак гэта не замінала савецкім органам «прафіляктычна» яго шарсьціць. Напрыклад, у кастрычніку 1947 «Савецкая Ўкраіна» апублікавала артыкул «Пра нацыяналістычныя памылкі М. Рыльскага», дзе вінаваціла яго ў «буржуазным аб’ектывізьме, адсутнасьці бальшавіцкай партыйнасьці і забыцьці ісьціны, што зьместам савецкай ідэалёгіі і культуры была бальшавіцкая ідэйнасьць… не авалодаў асновамі марксісцка-ленінскага сьветапогляду… не пазбыўся ўплыву буржуазна-нацыяналістычнай ідэалёгіі.»

У савецкую эпоху Рыльскі напісаў трыццаць пяць кніжак паэзіі, найлепшыя сярод якіх — «Знак вагаў» (1932), «Лета» (1936), «Украіна», «Збор вінаграду» (1940), «Слова пра родную маці», «Ружы і вінаград» (1957), «Галасіеўская восень», «Зімовыя запісы» (1964); чатыры кніжкі ліра-эпічных паэм, багата перакладаў са славянскіх ды заходнеэўрапейскіх літаратур, навуковыя працы па мовазнаўстве і літаратуразнаўстве. У 1943 быў абраны акадэмікам. У 1944—1964 роках Максім Рыльскі быў дырэктарам Інстытуту мастацтвазнаства, фальклёру і этнаграфіі АН Украіны. У 1960 яму была прысуджана Ленінская прэмія, у 1943, 1950 — Дзяржаўная прэмія СССР.

Памёр Максім Тадэевіч Рыльскі 24 ліпеня 1964 року. Пахаваны ў Кіеве на Байковых могілках.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ а б в Рыльский Максим Фадеевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  3. ^ Maxym Tadejowytsch Rylsky // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Віра Агеєва. Мистецтво рівноваги. Максим Рильський на тлі епохи. — Київ: видавництво «Книга», 2012. — 391 с ISBN 9789668314667

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]