Маладзечна-93

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Маладзе́чна-93» — першы фэстываль беларускай песьні і паэзіі, што адбыўся ў горадзе Маладэчна ў 1993 годзе. Гэта першы з часу аб’яўленьня незалежнасьці фэстываль, на якім усе песьні выконваліся на беларускай мове[1]. На фэстывальных канцэртах прагучалі творы Яўгена Глебава, Юрыя Семянякі, Ігара Лучанка, Эдуарда Ханка, Васіля Раінчыка, Уладзімера Мулявіна, Уладзімера Будніка, Валерыя Іванова, Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, Зьмітра Яўтуховіча, Алега Елісеенкава, Ігара Паліводы ды іншых[2].

Арганізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэю арганізацыі фэстывалю выказалі тагачасны мэр Маладэчна, народны дэпутат Рэспублікі Беларусь Генадзь Карпенка ды мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Рэспублікі Беларусь Міхаіл Фінберг.

Генадзь Карпенка так выказаўся пра фэстываль: «Мы імкнемся паказаць, што ня ўсё ў нашым жыцьці дрэнна. І нельга губляць веру ў лепшае: нацыянальную ідэю трэба даводзіць да людзей праз мастацтва. Не — нашаму бяспамяцтву, нашай непавазе да нацыянальнай годнасьці».

Конкурс маладых выканаўцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рамках фэстывалю адбыўся конкурс маладых выканаўцаў[3]. Узнагародай для ўладальніцы гран-пры быў аўтамабіль «Жыгулі» дзявятай мадэлі.

Гран-пры прысудзілі салістцы Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Алене Саўленайтэ. Яе імя было выгравіявана на пялёстках Папараць-кветкі, эмблемы і пераходнага прыза фэстывалю.

I прэмію атрымала Анжаліка Ют(ru), II прэмія была прысуджана Марыі Зімінай і Юліі Ўрманавай, III прэмію атрымалі Алена Дзіва, Андрэй Дэбыш і Алена Ларушына, дыплямантамі сталі Іна Галімава, Аляксандра Пятрова і Ягор Чуб.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Брашура «Маладзечна-94». Маладзечна, друкарня «Перамога», рэдакцыя «Маладзечанскай газэты»
  2. ^ "Дзякуй Маладзечна! Дзякуй Фестываль!". Артыкул у газеце "Лiтаратура i Мастацтва", 5-11 жнiўня, 1993[1]
  3. ^ "Молодечно - город солнца", артыкул Паўла Якубовiча у газеце "Знамя Юности", жнiвень 1993 [2]