Маланка (часопіс)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маланка
Краіна Польшча
Галоўны рэдактар Янка Маразовіч, Іван Касяк, М. Луцэвіч
Дата заснаваньня 15 студзеня 1926
Дата закрыцьця 26 сьнежня 1928
Мова беларуская

Мала́нка — заходнебеларускі ілюстраваны сатырычны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на беларускай мове з 15 студзеня 1926 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—1928 гг. яе пасьлядоўнікамі. Рэдактарамі ў розны час былі Янка Маразовіч (псэўданім Янка Маланка), Іван Касяк, М. Луцэвіч. Агулам выйшла 43 нумары.

Выступаў у абарону інтарэсаў народу Заходняе Беларусі, садзейнічаў фармаваньню яго нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці, асуджаў палітыку сацыяльнага й нацыянальнага прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў мастацкія творы (вершы, байкі, апавяданьні, фэльетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Зьмясьціў творы Міхася Касьцевіча (Васілька), Маразовіча, Міколы Засіма, Уладзіслава Паўлюкоўскага (У.Ініцкага), Гальяша Леўчыка, Макара Касьцевіча (Звончыка), Янкі Пачопкі (Башкіра), Ігната Дварчаніна, Язэпа Драздовіча (Народніка), сатырычныя вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых. Карыкатуры й гумарыстычныя малюнкі Язэпа Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.Сідаровіча, М.Васілеўскага вызначаліся прафэсіяналізмам, вастрынёй і надзённасьцю, палітычным падтэкстам. Асобныя нумары Маланкі канфіскаваныя, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзьве 1928).[1][2] Выданьне спыненае праз рэпрэсіі польскіх уладаў (апошні нумар — 26 сьнежня 1928).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Хроніка. Канфіскаты. / Ст. Вольскі // Сялянская ніва : газэта. — Вільня: Орган Беларускага Сялянскага Саюзу, 28 лютага 1926. — № 8. — С. 3.
  2. ^ Газеты Беларусі, 1776—1975: Рэтрасп. бібліягр. паказ. / Склад. Л. М. Няхайчык і інш.; Навук. рэд. В. У. Скалабан. — Менск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. — С. 207 (№ 1890); 208 (№ 1916). — 322 с. — 700 ас. — ISBN 985-6020-28-X

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маланка (часопіс)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў