Малдаўскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Малдаўскае княства (1483)

Малдова, Малдаўскае княства — фэадальная дзяржава ў басэйнах рэкаў Сырэт, Прут, Днестр у 13591861. Яна ўзьнікла як васал Вугорскага каралеўства, затым па чарзе васал Польшчы і Вугоршчыны, з 1513 — Асманскай імпэрыі. У 18591861 разам з Валахіяй утварыла сучасную Румынскую дзяржаву. У польскіх і беларуска-літоўскіх крыніцах вядомая як «Валоскае ваяводзтва», «Валошчына».

Ужо пры «первых господарех воевод волоских и князей литовских... они мели межи собою братство и прыятельство и мир». У выніку разгрому татараў у бітве каля Сініх вод (1363) да Малдаўскага княства далучаныя вялікія тэрыторыі да нізоўя Дуная і Чорнага мора. Пасьля спыненьня першай княскай дынастыі малдаўскія баяры запрасілі на прастол літоўскага князя Юрыя Карыятавіча (1374), які ў тым жа годзе быў атручаны. Пасьля падпісаньня Крэўскай уніі (1385) Ягайла пры падтрымцы Вітаўта ўстанавіў над Малдаўскім княствам сюзэрэнітэт Польшчы. Пазьней Малдаўскае княства падтрымала барацьбу Вітаўта супраць вынікаў уніі (у 1391 створаны саюз Вітаўта, малдаўскага ваяводы Рамана і маскоўскага вялікага князя Васіля I). У 1399 Малдоўскае княства выступіла саюзьнікам Вітаўта ў бітве на Ворскле. З канца XIV стагодзьдзя ва ўнутрымалдаўскія справы актыўна ўмешваўся Сьвідрыгайла Альгердавіч, які некалькі разоў знаходзіў тут прытулак пад час уцёкаў з ВКЛ. Hя выключана, што на мяжы XIV-XV стагодзьдзяў Малдова пэўны час была васалам ВКЛ. Так, у хpысавуле гаспадара Аляксандра Добрага (14001432) ад 30 чэрвеня 1401 згаданы «господин наш, великий князь Витовт». Аднак больш хаpактэpнымі зьяўляюцца pоўнапpаўныя двухбаковыя пагадненьні. Вядомыя дагавоpы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага Ордэну), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. З 1420-х да 1480-х ВКЛ неаднаразова аказвала падтрымку барацьбе Малдоўскага княства супраць агрэсіі Асманскай імпэрыі.

Паводле дагаваpоў ВКЛ нязьменна захоўвала з Малдовай мір (за выняткам вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 14921494, у якой Малдоўскае княства выступіла саюзьнікам Масквы), нягледзячы на тое, што зьвязаная зь ёй уніяй Польшча ваявала з Малдовай: напрыклад, у 1497, 15031505, 1509, 1531, 15351538, ня лічачы шматлікіх авантураў, прадпрынятых на сваю рызыку асобнымі магнатамі. Вялікія ж князі літоўскія, нават калі былі адначасова і польскімі каралямі, імкнуліся ўнікнуць канфліктаў з Малдовай, улічваючы настрой грамадзтва і перадусім паноў-рады, якая паводле земскіх пpывілеяў, пачынаючы з пpывілея Аляксандpа (1492), была адказнай за вызначэньне зьнешняй палітыкі. Калі ў 1509, рыхтуючыся да вайны з Малдовай, Жыгімонт І Стары прапанаваў удзел у ей Літве, ён атpымаў адказ паноў-рады: «Панство Великое княство со всих сторон огорнено есть неприятелми... Нижли только ешчо.. з тое стороны oд Волоского тое панство в покой мело. Яко ж Боже уховай, если бы тот мир с тое стороны был нарушоны». На сойме ў Вільні у 1532 прадстаўнікі Жыгімонта Стаpога прасілі дазволу выкарыстаць супpаць Малдовы літоўскія войскі. Аднак паны-рада адказалі, што «около того намовяли зъ рыцерством великого князьства», але яно «произволить на то» не рачыла, беручы пад увагу «записы стародавныи покою зьвечистого и прысяги между еликим княжеством а воеводзтвом Волошскимъ».

Hа пpыкладзе дачыненьняў з Малдовай можна пpасачыць, што ў літоўскай зьнешняй палітыцы, асабліва да 1569, меліся ўласныя прыярытэты, што адpозьнівалі яе ад палітыкі польскай. Часта гэтыя дачыненьні павінны былі пpадэманстpаваць Польшчы незалежнасьць ВКЛ. Калі ў 1545 малдаўскія паслы сустрэлі Жыгімонта II Аўгуста ў Любліне па дарозе ў Кракаў, ён адаслаў іх у Вільню, «до приеханя з Ляхов, не хотячи того там в Коруне справовати, з тых прычын, иж ЕКМ на тот час на Великом князьстве Литовском, яко на особливом панстве своем отчызным седит». У 1551 вальны сойм у Вільні згадзіўся «прысегу учинити на вечны мир и покой воеводе волошскому з панством его милости, великим князством Литовским». У той жа час палякі падпісваць мірны дагавор адмовіліся, адклаўшы яго да часоў «лепшага вызнаньня крыўд, якія нашым людзям пачынены». Аналягічны дагавор (апошні з гэтай сэрыі) быў заключаны ў 1554 з гаспадаром Аляксандрам IV Лапушняну. Дыпляматычныя адносіны з Малдовай падтрымліваліся ВКЛ і пасьля Люблінскай уніі (напрыклад, Крыштафам Радзівілам на мяжы XVI-XVII стагодзьдзяў, Янушам Радзівілам у сярэдзіне 1640-х) і, як правіла, выражалі імкненьне літоўскіх «сэпаратыстаў» да большай незалежнасьці ад Польшчы.

Блізкасьць гістарычных лёсаў ВКЛ і Малдоўскага княства спрыялі іх культурнаму збліжэньню. Літоўская славянская мова Малдоўскага княства (да канца XVII стагодзьдзя — афіцыйная) адчувала моцны ўплыў старабеларускай мовы. Мітрапаліт Грыгорый Цамблак у сярэдзіне XV стагодзьдзя зрабіў спробу злучыць праваслаўныя цэрквы ВКЛ і Малдоўскага княства. Беларускі друкар Самуіл Рагаля зьявіўся заснавальнікам малдоўскага кнігадрукаваньня. Дынастычнымі сувязямі з малдоўскімі гаспадарамі былі зьвязаныя Алелькавічы, Гальшанскія, Радзівілы. Палітычныя эмігранты з Малдоўскага княства знаходзілі прытулак у ВКЛ. У часткі малдоўскіх баяраў да канца XVII стагодзьдзя была папулярная ідэя дабівацца для Малдоўскага княства ў выпадку вызваленьня ад туркаў статуса, аналягічнага ВКЛ: уваходжаньня ў склад Рэчы Паспалітай на ўмовах захаваньня асобных: адміністрацыі, дзяржаўнага скарбу, войска і судовай сыстэмы.

Тэрыторыя Бесарабіі з 1812 адышла да Расейскай Імпэрыі, а ў 1991 тут утворана незалежная Рэспубліка Малдова. Большая частка Малдовы ў 1861 аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву — Румынію.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белы, А. Малдаўскае княства // Шаблён:Крыніцы/ЭГБ С.58.
  • Книга посольская Метpики Великого княжества Литовского (КПМЛ), т.1, М., 1843;
  • Уляницкий B. Материалы для истории взаимных отношений России, Польши, Молдавии, Валахии и Турции в XIV—XVI вв. М., 1887;
  • Jabłonowski A. Sprawy wołoskie za Jagiełłonów. Źródła dziejowe, X, Warszawa, 1887;
  • Исторические связи народов СССР и Румынии. т.1. М., 1961;
  • Параска П. Ф. Молдавско-литовские отношения во второй половине XIV—XV вв. // Проблемы источниковедения истории Молдавии периода феодализма и капитализма. Кишинев, 1984;
  • Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества. Кишинев, 1987;|*Bely A. The Battle of the Kozmynskyi Forest: Diplomatic background // The Ukrainian Review. Vol. 42 No.1 1995.}}

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]