Марк Ротка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Марк Ротка
Stamps of Latvia, 2013-23.jpg
Імя пры нараджэньні: Маркус Ратковіч
Нарадзіўся: 25 верасьня 1903
Дзьвінск, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 22 лютага 1970
Нью-Ёрк, ЗША
Заняткі: мастак

Марк Ротка (па-ангельску: Mark Rothko, пры нарадж. Маркус Ратковіч; 25 верасьня 1903, Дзьвінск, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя25 лютага 1970, Нью-Ёрк, ЗША) — амэрыканскі мастак габрэйскага паходжаньня. Нарадзіўся ў Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі, на тэрыторыі сучаснае Латвіі.

Біяграфічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выхоўваўся ў вялікай габрэйскай сям’і фармацэўта, дзе размаўлялі на ідышы й па-расейску. У пяцігадовым узросьце Маркус паступіў у Габрэйскую рэлігійную школу — хэдэр. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны сям’я зьехала ў ЗША. Празь некалькі месяцаў бацька памёр, і сям’я засталася бяз сродкаў, дзецям давялося працаваць. Маркус дапамагаў дзядзьку, прадаючы газэты й часопісы супрацоўнікам складу адзеньня, і паралельна навучаўся ў агульнаадукацыйнай школе. Ён стаў актыўна ўдзельнічаць у жыцьці мясцовага габрэйскага згуртаваньня. Пасьля школы паступіў у Ельскі ўнівэрсытэт, дзе першы год вучыўся дзякуючы атрыманаму за выдатны школьны атэстат гранту, а пазьней, калі датацыя скончылася, працаваў чорнарабочым, каб аплаціць навучаньне. Але хутка ён кінуў унівэрсытэт, і вярнуўся туды толькі праз 46 гадоў — каб атрымаць ганаровую ступень доктара прыгожых мастацтваў.

У 1929 стаў выкладаць выяўленчае мастацтва ў Цэнтральнай акадэміі, дзе працаваў да 1952 году. Сябраваў з прадстаўнікамі позьняга абстрактнага экспрэсіянізму, як то Джэксанам Полакам, Ўільямам дэ Кунінгам і Аршылам Горкі. У 1938 годзе атрымаў амэрыканскае грамадзянства й зьмяніў сваё імя на творчы псэўданім Марк Ротка. Дэпрэсіўны стан на глебе алькаголю првывёў да таго, што напрыканцы 1969 году мастак пакінуў дом і адасобіўся ў сваёй майстэрні ў Нью-Ёрку, дзе скончыў жыцьцё самагубствам.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасны графічны партрэт Марка Ротка

На сваёй пэрсанальнай выставе ў 1938 годзе у портлэндзкім Музэі мастацтваў Ратковіч паказаў гарадзкія ляндшафты, партрэты й цыкль ню. Праз два гады ён зь сябрамі арганізаваў «Групу дзесяці», канцэпцыя якой гучала наступным чынам: «Пратэставаць супраць распаўсюджанага меркаваньня пра роўнасьць амэрыканскага жывапісу й літаральнага жывапісу». Арганічныя, напаўабстрактныя формы, народжаныя фантазіямі й снамі мастака, атрымалі назву біяморфных.

Інавацыі так яго захапілі, што ў 1936 годзе ён нават распачаў працу над кнігай пра падобныя прынцыпы дзіцячага малюнка й твораў сучасных яму мастакоў, дзе параўноўваў уплыў прымітыўных культураў на мадэрністаў зь мімікрычнымі перадумовамі дзіцячай творчасьці. Лічыў, што наватар-мадэрніст як дзіця й чалавек прымітыўнай культуры, якая паўплывала на яго, павінны у ідэальнай і аптымальнай працы адлюстроўваць унутраныя адчуваньні без умяшальніцтва розуму й інтэлектуальнага вопыту.

Канкрэтных назваў твораў у Ротка, як правіла, няма. Ёсьць толькі нумары: гэта значыць, у кожнага гледача ўзьнікаюць уласныя асацыяцыі, ня зьвязаныя з назвамі карцін. З пачатку 1950-х гадох структура карцінаў Ротка, у якіх прадмет і форма губляюць усялякую сэнсавую нагрузку, мала зьмянілася. Аднак, замест нумароў зьявіліся назвы, як то «Чорнае, фіялетавае й жоўтае на аранжавым», «Зямліста-чырвонае й зялёнае» і г. д. Але творца па-ранейшаму з рэальнасьцю «ажыўляў» прастору непасрэдна праз колер.

Да пачатку 1950-х гадох ён значна спрасьціў структуру сваіх карцін, ствараючы цыклі гэтак званых мультыформаў — палотнаў, якія складаліся зь некалькіх колеравых плоскасьцяў. Сам мастак фармуляваў сваю задачу як «простае выказваньне складанай думкі». Ротка прымяняў прыглушальны колер на выставах: колеравыя блёкі ў выніку здаваліся «абвіслымі» ў бязьмежнай прасторы, візуальнае ўражаньне ўзмацнялася адсутнасьцю рамаў у карцін. Колеравае поле расьцякалася да самой мяжы палатна такім чынам, што палатно здавалася раствораным у плоскасьці сьцяны. Мастак раіў разглядаць ягоныя карціны зь вельмі блізкай адлегласьці, каб колеравыя палі маглі «паглынуць» гледача.

Напрыканцы 1970-х гадоў Ротка прыйшоў да таго афармленьня карцін, якое зрабіла яго славутым: цягам доўгага часу ён рэдукаваў свае ранішнія формы да гарызантальных прастакутнікаў, што былі размаляваны ў яскравыя насычаныя фарбы й абрысаваны мяккімі расплывістымі межамі. Напрыклад, палатно «№12», на якім жоўта-апэльсінавы калярыт нястрымана, моцна прыцягвае фантастычнай яскаравасьцю й вастрынёй. Апошнімі значнымі творамі Марка Ротка зьявіліся 14 карцін, створаных для капэлы царквы ў Г’юстане.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Mark Rothko, 1903—1970: a retrospective/ Diane Waldman, ed. — New York: H.N. Abrams, 1978.
  • Chave A.C. Mark Rothko, subjects in abstraction. — New Haven: Yale UP, 1989.
  • The art of Mark Rothko, into an unknown world/ Marc Glimcher, ed. — London: Barrie & Jenkins, 1992.
  • Breslin J. E. B. Mark Rothko: a biography. — Chicago: University of Chicago Press, 1993.
  • Davis J. Mark Rothko: The Art of Transcendence. — Kidderminster: Crescent Moon, 1995.
  • Golding J. Paths to the absolute: Mondrian, Malevich, Kandinsky, Pollock, Newman, Rothko, and Still. — Princeton: Princeton UP, 2000.
  • Ottmann K. The essential Mark Rothko. — New York: Wonderland Press; Harry N. Abrams, 2003.
  • Бааль-Тешува Я. Марк Ротко. — М.: Арт-Родник, 2006. — ISBN 5-9561-0192-X

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Марк Роткасховішча мультымэдыйных матэрыялаў