Марцін Матушэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марцін Матушэвіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 11 лістапада 1714(1714-11-11)[1][2][3]
Памёр 21 лістапада 1773(1773-11-21) (59 гадоў) або 9 ліпеня 1774(1774-07-09)[4] (59 гадоў)
Род Матушэвічы[d]
Бацькі Ежы Юзаф Матушэвіч[d]
Тэрэза з Кемпскіх[d]
Дзеці Тадэвуш Матушэвіч і Тэафілія з Матушэвічаў[d]
Дзейнасьць паэт

Ма́рцін Матушэ́віч (11 лістапада 1714, в.Мала-Ельня — 1773) — паэт і мэмуарыст, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кашталян берасьцейскі.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Марціна Матушэвіча Юзаф Матушэвіч у 1722 годзе атрымаў у якасьці кампэнсацыі за даўгі Сапегаў мястэчка Расна, куды пераехала яго сям’я.

Належаў да незаможнай шляхты гэрбу Лебядзь, але дзякуючы ўласным здольнасьцям і апецы заможных і ўплывовых пратэктараў здолеў заняць высокія пасады. Пасьля сьмерці бацькі ўспадкаваў Расну, дзе жыў, зь яшчэ 6 вёскамі і мястэчкам Рагачы (Польшча), Войнаўку з уваходамі ў Белавескую пушчу, а таксама закладныя Чамяры.

1 студзеня 1756 году ўзяў шлюб з Ганнай з роду Неміровічаў-Шчытоў, кашталянкай амсьціслаўскай, якая да яго была замужам за мечнікам ковенскім Ігнатам Хэлхоўскім. У шлюбе ў іх нарадзіліся дзеці: Бэнэдыкта Канстанцыя (1761) і Тадэвуш (1765).

Яго сын — Тадэвуш Матусевіч — стаў дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, быў міністрам скарбу Варшаўскага княства, браў удзел у падрыхтоўцы Канстытуцыі 3 траўня і ўдзельнічаў у паўстаньні 1794 г. як адзін з кіраўнікоў. Дачка — Бэнэдыкта Канстанцыя Матушэвіч выйшла замуж за Міхала Залескага, войскага літоўскага.

Навучаньне, кар’ера і дзяржаўная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаўся ў парафіяльнай школе ў Камянцы, затым у езуітаў Берасьці, Дарагічыне, Варшаве. У Варшаве ён меў таксама настаўнікаў у малюнку і францускай мове.

Быў мушкецёрам караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста II Моцнага. Пасьля яго сьмерці ў 1733 г. змагаўся на баку прэтэндэнта на каралеўскі пасад Станіслава Ляшчынскага, якога падтрымлівала Францыя, намагаючыся спыніць расейскія ўплывы.

Сваю кар’еру дзяржаўнага дзеяча Марцін Матушэвіч распачаў у 1738 як берасьцейскі пісар гродзкі. З 1740 — падстолі берасьцейскі, затым з 1746 — стольнік берасьцейскі. У 1743 на берасьцейскім дэпутацкім сойміку быў абраны маршалкам, што сьведчыла пра ягоны аўтарытэт сярод берасьцейцаў. З 1752 — берасьцейскі земскі пісар. Быў паслом на сойм элекцыйны 1764 году ад Берасьцейскага ваяводзтва. У лютым 1765 заняў пасаду берасьцейскага земскага судзьдзі.[5]

У 1767 годзе ён стаў генэральным сакратаром Радамскай канфэдэрацыі, якая была створана зь інсьпірацыі расейскага пасла Мікіты Рапніна і дзейнічала пад прыкрыцьцём расейскіх войскаў палкоўніка Васіля Кара для абароны старога ладу Рэчы Паспалітай. Пасол на сойм 1767. Быў таксама соймавым сакратаром. Дзякуючы падтрымцы Чартарыйскіх, з 28 лістапада 1768 стаў кашталянам берасьцейскім. Шматразова быў дэпутатам на Літоўскі трыбунал. Браў пэўны ўдзел і Барскай канфэдэрацыі.

Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гісторыю ўвайшоў перш за ўсё дзякуючы сваім мэмуарам. Пісаў на польскай і лацінскіх мовах. Перакладаў Гарацыя (выданьне 1784, Варшава).

Напрыканцы жыцьця напісаў ўспаміны, якія ахопліваюць 1714–1764, дзе шырока асьвяціў мясцовае жыцьцё (“Wspomnienia”, т. 1-4. Варшава, 1876). Частка яго мэмуараў Дыярыюш майго жыцьця перакладзена на беларускую мову і друкавалася ў часопісе „Спадчына“ 1996—1997.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]