Марцін Бельскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Марцін Бельскі
Marcin Bielski
Марцін Бельскі
Марцін Бельскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1495
Польшча
Памёр 18 сьнежня 1575
Польшча
Грамадзянства Сьцяг Польшчы Польшча
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Празаік, паэт
Напрамак Гісторыяграфія
Значныя творы «Хроніка ўсяго сьвету»

Ма́рцін Бе́льскі (па-польску: Marcin Bielski; 1495, вёска Бяла Паенчанскага павету, Лодзінскае ваяводзтва, Польшча — 18 сьнежня 1575) — польскі гісторык, пісьменьнік, аўтар нізкі паэтычных і празаічных твораў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Служыў у войску ў час войнаў з Валахіяй і татарамі. Прымаў удзел у бітве пад Абяртынам (1531).

Шляхціч, сучасьнік Рэфармацыі і польскага Адраджэньня, Бельскі належаў да прагрэсыўных дзеячоў таго часу.

Выступаючы супраць сяреднявечнае схалястыкі, Бельскі пісаў свае творы па-польску, а не па-лацінску, як было заведзена. Найзначнаю працай Бельскага сталася прысьвечаная Жыгімонту ІІ Аўгусту «Хроніка ўсяго сьвету» — першы ў польскім пісьменстве агляд усясьветнай гісторыі, фактычна першы падручнік па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Адзначаецца[1], што прагрэсыўнай для свайго часу была сама ідэя стварэньня падобнай працы.

Пахаваны ў мястэчку Паенчна.

«Хроніка ўсяго сьвету»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры жыцьці гісторыка праца была выдадзеная тры разы (1551, 1554, 1564), і ў трэцім выданьні складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Ліфлянцкай зямлі. Аб Татарах» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь разьдзел «Аб маскоўскім народзе...» пераважна зьяўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сыгізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і зьвесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактату аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым разьдзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданьняў і нават анэкдотаў, не адрозьніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.

Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыямэтральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемент, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (І. Хшаноўскі). Адзначаецца[2], што «Хроніка ўсяго сьвету», магчыма, і ня стала б прадметам гісторыяграфічнага дасьледаваньня, калі б ня дзейнасьць ягонага сына Яўхіма Бельскага.

Таксама пяру Бельскага належыць «Хроніка Польская». Упершыню «Хроніка» была выдадзеная ў 1597 ягоным сынам Яхімам. Пазьней яна перавыдавалася яшчэ колькі разоў у 1764, 1829, 1833 ды 1856 гадох.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 38
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 39

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
  • Kronika Polska Marcina Bielskiego. — Sanok: 1856 Т. 2. — С. 882.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Марцін Бельскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў