Марцін Кухта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Марцін Кухта (1 лютага 1875, Ковенская губэрня — 23 чэрвеня 1956[1]) — друкар, выдавец кніг на беларускай, летувіскай, польскай, расейскай мовах.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак у Вільні, у якім у 1906—1911 гадах месьцілася друкарня М. Кухты (вул. Унівэрсытэцкая (былая Дварцовая, 4)

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю ў чатырохгадовай прыходзкай вучэльні. У 1890 годзе апынуўся ў Вільні й накіраваўся ў друкарню Віленскай ваеннай акругі. Тут ён здаў іспыт на прадмет адукаванасьці й стаў вучнем наборшчыка. За дзесяць гадоў вучобы Кухта здолеў стаць малодшым наборшчыкам, пасьля гэтага паступіў на працу ў Віленскую губэрнскую друкарню, аднак хутка адтуль звольніўся й накіраваўся ў сталіцу Расейскай імпэрыі. Пасьля вучобы ў Санкт-Пецярбургу там жа працаваў наборшчыкам і мэтранпажам.

Дзейнасьць да 1914 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля зьняцьця забароны на летувіскі друк лацінскім шрыфтам вярнуўся на радзіму й дапамог Пятрасу Вілейшысу адкрыць у Вільні першую летувіскую друкарню, у якой друкавалася газэта «Vilniaus žinios» (па-беларуску: Віленскія весткі). Марцін Кухта быў яе загадчыкам з 1904 па 1906.

У сакавіку 1906 году Марцін Кухта заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газэты й часопісы на ўсіх эўрапейскіх мовах. Спачатку друкарня месьцілася на вуліцы Дварцовай, 4. Колькасьць работнікаў друкарні ў розныя гады вагалася ад 15 да 21. Былі закупленыя шрыфты ад Лемана й Ольгербранда агульнай вагой больш за 300 пудоў. У траўні 1911 году друкарня пераведзеная на вуліцу Татарскую, 20. Да Першай сусьветнай вайны гэта была буйнейшая летувіская друкарня.

10 лістапада 1906 году з друкарні Кухты выйшаў першы нумар беларускай газэты «Наша Ніва». У далейшым друкарня падтрымлівала першую беларускую газэту, адкрываючы доўгатэрміновы крэдыт. Нярэдка здараліся выпадкі, калі рэдакцыя за адсутнасьцю грошай не магла своечасова плаціць за друк і 5—6 нумароў газэты выходзілі ў крэдыт. Набор газэты каштаваў 45 рублёў за адзін нумар на абодвух шрыфтах. Калі ўжо доўг рэдакцыі падыходзіў да 300 руб., уласьнік друкарні пагражаў спыніць друк, але як сымпатык беларускай справы ніколі не рабіў гэтага[2].

Супрацоўнікі Кухты дапамагалі беларускай газэце й падчас канфіскацыяў, якія ў 1907 годзе былі даволі частымі. Як успамінаў яе супрацоўнік Хведар Імшэнік[3].:


« Жаданьне распаўсюдзіць сканфіскаваны нумар было настолькі магутным, што супрацоўнікі «Нашай Нівы» пушчаліся на ўсялякія хітрыкі, каб распаўсюдзіць забаронены нумар газэты. Рознымі праўдамі і няпраўдамі, пры спачуваньні рабочых М. Кухты, удавалася удавалася чорнымі ходамі вынесьці часам даволі шмат сканфіскаваных нумароў. »

У канцы 1907 году друкарня Кухты была зачыненая на два тыдні за друк нелегальнай літаратуры.

Друкаваў творы Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі й іншых беларускіх пісьменьнікаў, этнаграфічныя матэрыялы, календары, зборнікі да газэты «Наша Ніва», ноты зь беларускімі песьнямі й танцамі й інш. Выпускаў, сярод іншага, забароненыя цэнзурай творы.

У 1914 годзе (на вокладцы пазначаны 1913 год) у друкарні Кухты тыражом 2000 экзэмпляраў выйшаў адзіны прыжыцьцёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок».

Паміраючы ў Ялце, у сваім апошнім вершы Максім Багдановіч пісаў:

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.

—Максім Багдановіч, 1917

Маркі пошты Летувы, надрукаваныя Кухтам

Марцін Кухта выпускаў забароненыя цэнзурай творы («Скрыпка беларуская» Гаўрылы з Полацку (Цётка), а таксама розныя выданьні на польскай мове. У віленскай друкарні Кухты да Першай сусьветнай вайны было аддрукавана больш за 300 летувіскіх кніг і брашураў, тут жа друкаваліся летувіскія пэрыядычныя выданьні «Balsas», «Lietuvis», «Lietuvos aidas», «Lietuvos zinios», «Viltis» і іншыя газэты, а таксама часопісы. За сваю дзейнасьць Марцін перасьледваўся ўладамі.

1-я сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая старонка газэты «Рэха Летувы» (па-летувіску: Lietuvos aidas) з тэкстам Акту незалежнасьці Летувіскай дзяржавы, надрукаваным Кухтам

Першая сусьветная вайна не перарвала дзейнасьці прадпрыемства Кухты. Тут працягвала друкавацца «Наша Ніва» (да жніўня 1915 г.), выйшла адозва «Да грамадзян Беларусі» Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[4].

Пасьля акупацыі Вільні немцамі гэты друкар выдаваў сярод іншага газэту «Гоман» і часопіс «Крывічанін».

У 1918 годзе за публікацыю Акту незалежнасьці Летувы ў газэце «Lietuvos aidas» Кухта быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, а друкарня была разгромленая. У сярэдзіне 1918 г. у Кухты выйшла беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча. У сьнежні 1918 г. у яго друкарні былі надрукаваны першыя летувіскія паштовыя маркі.

Незалежная Летува[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З абвяшчэньнем незалежнасьці Летувы (1918 г.), урад купіў друкарню ў 1919 годзе, каб публікаваць свой афіцыйны орган «Летува» (па-летувіску: Lietuva). Друкарня Кухты ў Вільні была рэарганізаваная ўладальнікам і яго новымі супольнікамі, атрымаўшы новую назву «Маяк» (па-летувіску: Švyturys).

Некаторыя беларускія выданьні былі надрукаваныя ў гэтай установе. Гэта быў зборнік «З чаго ліха на сьвеце: беларускія казкі» (1919), «Элемэнтарная альгебра» А. Кісялёва (1921—1922) ў 2-х частках для беларускіх школ[5]. Таксама там быў надрукаваны першы нумар газэты «Беларускае жыцьцё», 6 нумароў газэты «Грамадзянін».

Пасьляваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго, як палякі канчаткова занялі Вільню ў 1920 годзе, у Кухты пачаліся праблемы. Друкарня «Маяк» пераехала ў Коўна ў 1924 годзе і праз чатыры гады зьлілася зь дзяржаўнай установай, зьмяніўшы сваю назву на «Прамень» (па-летувіску: Spindulys). Большая доля ў новай фірме належала міністэрству фінансаў, таму «Прамень» стала вельмі сучаснай друкарняй зь пераплётнай майстэрняй, цалкам абсталяванай, каб выконваць любыя задачы.[6]

Кухта працягваў займацца выданьнем кніг і календароў да 1934 году. У гэты час ён меў дзьве плоскадрукавальныя машыны, іншае абсталяваньне, 7-12 працаўнікоў[7].

Мэмарыяльная дошка ў Вільні на будынку, у якім у 1906—1921 гадах месьцілася тыпаграфія Мартына Кухты (вул. Татору 20)

У 2003 годзе заснавальнік віленскай беларускай грамадзкай арганізацыі «Сябрына» Валянцін Стэх адшукаў пад Коўнам роднага ўнука Марціна Кухты — сына дачкі друкара Эдмундаса Манставічуса. Беларуская паэтэса Тацьцяна Сапач (Дубавец) запрасіла яго да ўдзелу ў адной зь перадачаў на беларускай мове на Летувіскім нацыянальным тэлебачаньні «Віленскі сшытак». У інтэрвію Тацьцяне Дубавец Эдмундас Манставічус паведаміў пра дзеда:

« Як чалавек ён быў закрыты. Пра сябе ніколі нічога не распавядаў. Калі трэба было пра што даведацца, дык цяжка было зь яго тое выцягнуць… Мама мая памерла ў 1929 годзе, а я нарадзіўся ў 1927-м. І я пасьля мамінай сьмерці гадаваўся ў дзядулі з бабуляю, жыў зь імі, лічыце, да сямі гадоў. Памятаю, што мы жылі на Лясной вуліцы ў Коўне, недалёка ад дзедавай друкарні[8]. »

У 2005 годзе ў Вільні была ўрачыста адкрытая мэмарыяльная дошка на летувіскай мове, прысьвечаная Марціну Кухту.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Родным братам Марціна быў Язэп Кухта, першы летувіскі пробашч касьцёла сьв. Мікалая ў Вільні.

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Anykštėnų biografijų žinynas (лет.)
  2. ^ Унучак А. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.). Мн.: Беларуская навука, 2008. С. 42.
  3. ^ Імшэньнік Хв. «Наша ніва» і дваццацігадовы юбілей беларускае перыодычнае прэсы // Полымя, 1926, № 7. С. 58.
  4. ^ Гісторыя беларускай кнігі. У 2 Т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. Мн.: БелЭН, 2011. С. 54
  5. ^ Туронак Ю. Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы 1921—1939. У кн.: мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня.:Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 308.
  6. ^ The lithuanian word. Printing
  7. ^ Užtupas V. Kuktos spaustuvė. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. XI (Kremacija-Lenzo taisyklė). V.: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2007, L. 208
  8. ^ Сцепаненка П. (31 кастрычніка 2011) [http://www.euramost.org/?artc=15075 Друкарня пана Марціна Кухты]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Века А. Друкар-першапраходзец Марцін Кухта (1875—?) // Настаўніцкая газэта. 2002, 16 лістап.
  • Летапіс беларускага друку. Ч. 2. — Мн., 1929.
  • Сцепаненка П. Кухта (Kukta) Марцін // Максім Багдановіч: энцыклапедыя. Мн.:БелЭН, 2011.
  • Užtupas V. Kuktos spaustuvė. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. XI (Kremacija-Lenzo taisyklė). Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2007

Трус М. Культурны ракурс: [Магіла Марціна Кухты] // Літаратура і мастацтва. 2016. 21 кастр. Трус М. «Я не самотны…»: Месца спачыну Марціна Кухты: дзве спробы пошуку // Роднае слова. 2016. № 11.