Маскоўская дамова (1920)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Маскоўскі мір 1920 году
Маскоўская мірная дамова 1920 году
Lithuania territory 1939-1940.svg
Мапа «Летувіская тэрыторыя», на якой у склад ЛР улучаныя Горадня, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў
Тып дамовы мірная дамова
Падпісаная
• месца
12 ліпеня 1920
Масква, Расея
Набыла моц 1920
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Страціла моц 15 чэрвеня 1940 (74 гады таму)
Падпісанты
Адольф Ёфэ
Бакі Летува
Расейская СФСР
Статус нядзейная
Мовы летувіская, расейская

Маскоўская мірная дамова 1920 годумірная дамова між Летувою ды Расейскай СФСР, падпісаная 12 ліпеня 1920 году ў Маскве. Тэрыторыя БССР разглядалася падпісантамі як расейская. Ратыфікавана летувіскім Соймам 6 жніўня 1920 году[1].

Перамовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 траўня 1920 году ў Маскве пачаліся мірныя перамовы паміж РСФСР і Летувой. На перамовах летувісы патрабавалі ад савецкай дэлегацыі прызнаць незалежнасць Летувы «ў яе этнаграфічных межах са сталіцай у Вільні». Савецкая дэлегацыя пагаджалася з неабходнасьцю далучэньня да Летувы Вільні і Віленскай вобласьці, разглядаючы Вільню як «гістарычную сталіцу» Летувы, але лічыла летувіскія тэрытарыяльныя патрабаваньні празьмернымі.

У ліпені 1920 г. кіраўніцтва РСФСР вырашыла паскорыць ход мірных перамоваў зь Летувой, даўшы згоду на максымальнае задавальненьне тэрытарыяльных патрабаваньняў летувісаў.

Сутнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з дамовай быў юрыдычна ліквідаваны ЛітБел, а ўрад Савецкай Расеі аддаваў Летуве значную частку этнічных беларускіх земляў, пры гэтым ён назаўсёды адмаўляўся ад прэтэнзіяў на яе тэрыторыю і насельніцтва[1]. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй і Летувой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, за 30 км ад Горадні (якая перадавалася Летуве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградку й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку (прычым мяжа йшла па ўскраінных вуліцах Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркаўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку.

Дамова гарантавала нэўтралітэт Летувы ў ходзе польска-савецкай вайны, бясьпеку правага флангу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў БНР.

Міжнародная рэакцыя і наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супраць дамовы выступілі дзеячы БНР. Так, газэта «Беларусь», якая выдавалася ў Менску, у нумары за 16 чэрвеня 1920 г. пісала:

« Беларускі народ ніколі не згадзіцца і не дазволіць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася зь беларускіх зямель, каб Вільня — наш культурны цэнтар, ваколіцы якога заселены толькі беларусамі, зрабілася сталіцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькі рабіць сваю справу: будаваць Беларуска-Літоўскую рэспубліку са сталіцай у Вільні. Няхай існуюць пакуль што адначасна дзьве Літвы. Гэта нас не павінна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя і дзяржаўна разважаючыя элемэнты літоўскага народу будуць з намі. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палітыка тарыбаўцаў. »

22 ліпеня 1920 г. В. Ластоўскі — кіраўнік ураду, сфарміраванага ў сьнежні 1919 г. Народнай радай БНР, накіраваў зварот да ўрадаў РСФСР, Летувы, Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, да ўсіх дзяржаваў і культурных народаў сьвету. У звароце адзначалася, што савецка-летувіская мірная дамова парушае «самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народу», паколькі заключаны коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх зямель. Зыходзячы з гэтага, урад БНР зьвяртаў увагу на тое, што ён не прызнае ўмоваў дамовы ў частцы, што закранае Беларусь, і будзе змагацца супраць яго «ўсімі даступнымі яму сродкамі». Складальнікі дакумэнта патрабавалі перагледзець умовы дамовы з улікам факта волевыяўленьня беларускага народу, які выказаў жаданьне стварыць суверэнную і незалежную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах. Супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Летувой яны прапаноўвалі вырашаць шляхам правядзеньня плебісцыту ў спрэчных раёнах.

Катэгарычна адвергла савецка-летувіскую мірную дамову Польская Рэспубліка. 5 жніўня 1920 г. польскае Міністэрства замежных справаў заявіла, што не прызнае расейска-летувіскую дамову і будзе вырашаць спрэчныя пытаньні зь Летувой шляхам двухбаковых перамоваў. 27 жніўня 1920 г. польская Рада абароны дзяржавы вырашыла заняць тэрыторыі, якія фармальна адыходзілі да Летувы. У верасьні 1920 г. паміж польскімі і летувіскімі войскамі пачаліся ўзброеныя сутыкненьні.

Тым часам прадстаўнікі Антанты запатрабавалі ад Польшчы прызнаць факт улучэньня Вільні ў склад Летувы. 20 верасьня 1920 г. Рада Лігі Нацыяў прыняла рэзалюцыю, у якой падкрэсьліла, што Вільня мусіць належаць Летуве, а землі на ўсход ад яе — перайсьці пад кантроль Лігі Нацыяў.

Пад націскам дзяржаваў Антанты Польшча была змушаная пачаць перамовы зь Летувой, у выніку чаго 7 кастрычніка 1920 г. было падпісанаепагадненьне аб усталяваньні часовай дэмаркацыйнай лініі і спыненьні з 10 кастрычніка 1920 г. баявых дзеяньняў.

Яшчэ 29 верасьня 1920 г. Ю. Пілсудзкі паклікаў да сябе ў штаб-кватэру генэрала Л. Жалігоўскага, ураджэнца Ашмянаў. Падчас размовы з генэралам ён сказаў:

« Калі цяпер мы не здабудзем Вільні, гісторыя нам не даруе. І ня толькі Вільні. Мусім адбудаваць Літву. Зрабіць гэта можа толькі само насельніцтва — яе сыны зь Літоўска-Беларускай дывізіі. Трэба, каб хтосьці ўзяў на сябе гэтую справу »

Зыходзячы з гэтага, Пілсудзкі прапанаваў генэралу ўзначаліць войскі, якія ўступяць у Вільню, падкрэсьліўшы, што акцыя запатрабуе настойлівасьці і адвагі, бо супраць яе будуць настроеныя ня толькі краіны Антанты, але нават грамадзкасьць Польшчы. Таксама ён папярэдзіў Жалігоўскага, што будзе вымушаны выступіць супраць дадзенай акцыі, але генэрал не павінен «здавацца». Жалігоўскі пагадзіўся з прапановай Пілсудзкага і пачаў падрыхтоўку да «бунту».

8 кастрычніка 1920 г. апэратыўная група «Беняконі» заявіла пра выхад з падпарадкаваньня вярхоўнаму польскаму галоўнакамандаваньню і рушыла на тэрыторыю Летувы. 9 кастрычніка атрады Жалігоўскага занялі Вільню. Пасьля невялікіх сутычак летувіскія войскі пакінулі места, перадаўшы ўладу ў ім прадстаўнікам Антанты, аднак тыя паводле загаду Жалігоўскага таксама мусілі пакінуць Вільню.

Па дамоўленасьці зь Пілсудзкім Жалігоўскі абвясьціў пра стварэньне незалежнай дзяржавы пад назвай Сярэдняя Літва ў межах Віленскага, Троцкага, Сьвянцянскага, Лідзкага, Ашмянскага і Браслаўскага паветаў.

Сучасныя ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маскоўская мірная дамова 1920 г. палепшыла міжнароднае становішча Летувы, бо ня толькі юрыдычна замацавала фактычную яе незалежнасьць, але і стварыла юрыдычную аснову для яе прэтэнзіяў на Вільню і частку беларускіх зямель[2].

Апошнім часам менавіта гэтую расейска-летувіскую мяжу паказваюць на шматлікіх мапах у Летуве[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999, ISBN 9986-892-34-1. — S. 82. (пол.)
  2. ^ Аляксандр Ціхаміраў. «Віленскае пытанне» ў міжнародных адносінах 1918—1920 гг. // «Белорусский журнал международного права и международных отношений» № 3, 2002.
  3. ^ Першая сусьветная вайна і незалежнасьць Беларусі // Анатоль Грыцкевіч. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // «Спадчына» № 1, № 3, № 4, 1994.