Маскоўская дзяржава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Маскоўская дзяржава
Московское государьство
Coat of arms of Russia (XV Century).svg
канец XV ст.1721 Flag of Russia.svg
Сьцяг Маскоўскай дзяржавы Герб Маскоўскай дзяржавы
(Сьцяг) (Герб)
Месцазнаходжаньне Маскоўскай дзяржавы
Афіцыйная мова Расейская мова
Сталіца Масква
Форма кіраваньня Абсалютная манархія
Валюта Рубль

Маскоўская дзяржава, Маскоўскае царства (рас. Московское государство, Российское царство, Русское царство) — фэўдальная шматнацыянальная дзяржава, якая ўтварылася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў у выніку далучэньня або захопу Маскоўскім княствам ардынскіх (Казанскага, Астраханскага і іншых ханстваў) і рускіх земляў (Цьвярскога княства, Наўгародзкай і Пскоўскай рэспублік і іншых).

Тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы ў канцы XVI ст. складала каля 5,5 млн км²: на поўначы даходзіла да Баранцава і Белага мораў, на паўночным усходзе ўлучала Урал, на паўночным захадзе гранічыла з Нарвэгіяй, Швэцыяй і Інфлянцкім ордэнам, на захадзе і паўднёвым захадзе — зь Вялікім Княствам Літоўскім, на поўдні ня мела акрэсьленых межаў. Насельніцтва каля 9—10 мільёнаў чал. Поруч з маскавітамі таксама жылі лапары, ханты, комі, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы і іншыя. У ходзе захопніцкіх войнаў зь Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскія акупанты неаднойчы гвалтоўна вывозілі да сябе значныя групы літвінаў (беларусаў). Літоўскія перасяленцы зрабілі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё тамтэйшага рамяства і духоўнай культуры.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У барацьбе за палітычнае першынства паміж Маскоўскім і Цьвярскім княствам перамагла Масква[1]. За Іванам III Васілевічам (14621505) да яе далучыліся Яраслаўскае (1463), Растоўскае (1474), Цьвярское (1485) княствы, Наўгародзкая рэспубліка (1478), Вяцкая (1489), часткова Разанская землі.

У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 і 1500—1503 Масква захапіла шэраг тэрыторыяў зь местамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Бельск і інш. За Васілём III Іванавічам (15051533) яна ўлучыла Пскоўскую рэспубліку (1510), Разанскую зямлю (1521) і іншыя. У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 і 1512—1522 Масква захапіла места Смаленск і іншыя землі. На службу да маскоўскага гаспадара перайшлі зь Літвы князі Вяземскія, Глінснія, Мажайскія і іншыя. 3 шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая трапіла ў Маскоўскую дзяржаву, утварыўся служылы пласт — літва дваровая.

За часамі рэгенцтва Алены Глінскай (15331538) пры малалетнім Іване Жахлівым (15331584) адбылося скасаваньне ўдзелаў. У 1547 Івана каранавалі як цара. У 1550-я ён далучыў Казанскае і Астраханскае ханствы, у залежнасьць ад Масквы трапілі Вялікая Нагайская арда і Сыбірскае ханства, пачалося засваеньне маскавітамі Сыбіры. Іван Жахлівы распачаў Інфлянцкую вайну (15581582), у выніку якой Масква страціла некаторыя паўноўчна-заходнія землі.

Па ўзыходжаньні на сталец Фёдара Іванавіча (15841598), апошняга з дынастыі Рурыкавічаў, у Маскоўская дзяржаве надыйшоў г. зв. Смутны час. Адметнасьцю панаваньня Барыса Гадунова (15981605), Дзьмітрыя-Самазванца I (1606) і Васіля Шуйскага (16061612) былі вострыя сацыяльныя канфлікты і палітычная нестабільнасьць[2]. Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўская дзяржавай (16091618), якая мела на мэце вярнуць Смаленск і іншыя месты, падтрымаць прэтэндэнта на маскоўскі сталец Дзьмітрыя-Самазванца I, з 1610 вялася, каб забясьпечыць гэты сталец за абвешчаным царом Уладзіславам Жыгімонтавічам. У 1613 на маскоўскі сталец абралі Міхаіла Фёдаравіча (16131645), першага гаспадара з дынастыі Раманавых. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 скончылася для Масквы няўдала.

3 пачаткам панаваньня Аляксея Міхайлавіча (16451676) маскоўскі ўрад узяў курс на захоп сучасных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Трынаццацігадовая вайны (16541667 мела для Літвы катастрафічны характар і скончылася стратай Смаленшчыны, Севершчыны і Левабярэжнай Украіны. Разам з тым яна выклікала ў Маскоўскай дзяржаве рэзкае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча (сялянская вайна 16701671 на чале з Разіным, шматлікія паўстаньні, у тым ліку ў Маскве)[3].

Адметнасьцю панаваньня Фёдара Аляксеевіча (16761682), Соф’і Аляксееўны (16821689), Івана V Аляксеевіча (16821696), Пятра I (16821725) было павелічэньне намаганьняў атрымаць выхад да Чорнага мора, спыніць агрэсіўную палітыку Крымскага ханства і Асманскай імпэрыі. Па сканчэньні Вялікай Паўночнай вайны (17001721), у выніку якой да Маскоўскай дзяржавы адыйшлі землі Балтыі, адбылося абвяшчэньне Расейскай імпэрыі (1721).

Дзяржаўны і палітычны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўна-палітычны лад Маскоўскай дзяржавы аформіўся да сярэдзіны XVI ст. Гэты была фэўдальная манархія з станавым прадстаўніцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлада належала гаспадару (з 1547 — афіцыйна называўся царом); дарадчы, судовы і выканаўчы орган — Баярская дума.

У сярэдзіне XVIXVII стагодзьдзяў склікаліся станава-прадстаўнічыя Земскія саборы. Да 1550-х узьніклі цэнтральныя органы дзяржаўнага кіраваньня — прыказы, у паветах (рас. уезд) намесьнікаў замянялі станавыя органы кіраваньня — губныя і земскія ізбы.

Фіксацыя праўных нормаў Маскоўскай дзяржавы адбылася ў Судзебніках 1497 і 1550, Саборным улажэньні (1649).

Адукацыя і культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя сярэднія школы адкрыліся ў XVII ст. у Маскве, у 1687 адбылося заснаваньне першай вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

Кнігадрук узьнік у сярэдзіне XVI ст. у Маскве, 1-ю датаваную кнігу («Апостал») у 1564 выдалі выхадцы зь Літвы І. Фёдараў (Хведаровіч) і П. Мсьціславец. Шырокі распаўсюд мелі хронікі («Ліцавы летапісны звод», Уваскрасенскі летапіс, Ніканаўскі летапіс і інш.), ствараліся гістарычныя аповесьці («Задоншчына», «Сказаньне пра Мамаева пабоішча», творы А. Паліцына, І. Цімафеева і інш.), пашыраліся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказаньне» і інш.). Сярод публіцыстаў XVIXVII стагодзьдзяў вылучаюцца Ф. Карпаў, І. Перасьветаў, Ермалай-Еразм, Авакум.

Гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць насельніцтва складала сялянства. Да сярэдзіны XVII ст. завяршыўся працэс праўнага афармленьня прыгону. Буйнымі рамеснымі прадпрыемствамі былі Гарматны (з канца XV ст.) і Манэтны (заснаваны ў 1534) двары ў Маскве. У канцы XVI ст. узьніклі першыя мануфактуры (паперні), у XVII ст. працавалі Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры і Туле, шкляны і парахавы заводы ў Маскве і іншыя.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інтэнсіўна разьвівалася мураваная фартыфікацыя. У XVI ст. завяршылася ўзьвядзеньне крамлёў у Ніжнім Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пазьней і ў іншых местах. Абарончае значэньне мелі Кірыла-Белазерскі, Салавецкі і іншыя манастыры.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 519.
  2. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 520.
  3. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 521.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]