Масьленіца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Народна-праваслаўная традыцыя
Назва сьвята Масьленіца
Час сьвяткаваньня 8-ы тыдзень да Вялікадня
Абрадавае значэньне Падрыхтоўка да Вялікага посту, провады зімы
Манэта «Масьленіца», 20 рублёў, рэвэрс

Масьленіца, Сырны тыдзень — зімова-вясеньні тыдзень перад пачаткам Вялікага посту, які адзначаецца ў Праваслаўнай царкве. Прыпадае на 8-ы тыдзень да Вялікадня. Назва паходзіць ад таго, што ў канцы лютага — пачатку сакавіка каровы пасьпявалі ўжо ацяліцца. Тады сялянскія гаспадаркі ставаліся багатымі на малако і рабілі прадукты зь яго галоўнымі на стале.

Абрадавымі стравамі тыдня былі масла ды сыр. Таксама штодзень частаваліся блінамі бязь мяса, таму паводле хрысьціянскага звычаю тыдзень называўся мясапусным — пустым ад мяса. Лічылася, што ўвесь тыдзень увечары ня варта было працаваць. Пашыранымі былі вечаровыя гасьцяваньні ды коўзаньне з абледзянелых пагоркаў на санках. У чацьвер, што называўся шырокім, частавалі аладкамі карову, аб’яжджалі жарабцоў, што дасягнулі трохгадовага ўзросту, ды абіралі вясковага пастуха на наступны год. Таксама цягам тыдню зяці мелі завітаць да сваіх цешчаў на бліны. У суботу ладзіліся залоўкіны пасядзелкі, калі гасьцявалі адзін у аднаго сваякі, а моладзь запрагала ў сані коней з аздобленаю стужкамі ды званочкамі вупражжу.

Расклад сьвяткаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Панядзелак: Сустрэча — адкрыцьцё ледзяных горак, арэляў і кірмашоў, выраб зранку лялькі з саломы (Масьленіцы), выпяканьне бліноў і хаджэньне дзяцей па дамах з трашчоткамі па пачастункі.
  • Аўторак: Зайгрыш — Дзень маладых, пошук хлопцамі сабе нявестаў, коўзаньне маладых сем’яў з горак і запрашэньне імі сваякоў і знаёмых на бліны.
  • Серада: Ласунак — частаваньне зяцёў блінамі ў цешчаў, жарты з халасьцякоў і іх самаадкупляньне блінамі і цукеркамі.
  • Чацьвер: Разгуляй — гуляньні, кулачныя баі, узяцьцё сьнежных гарадкоў і ўздым пудзіла Масьленіцы ўгору.
  • Пятніца: Цешчыны вячоркі — частаваньне цешчаў у зяцёў блінамі, згатаванымі з дасланым цешчамі начыньнем.
  • Субота: Залоўкіны пасядзелкі — выпяканьне бліноў маладымі нявесткамі і падарункі ад іх залоўкам і іншым сваякам мужа.
  • Нядзеля: Праводзіны (Даравальная нядзеля) — спальваньне пудзіла зімы са сьпевамі і пляскай, просьба выбачэньня адзін у аднаго[1].

Даравальная нядзеля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

С. Л. Кожын. Масленіца ў XVII стагоддзі. 2001

У нядзелю, пасьля ваджэньня па вёсцы, з заходам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла, як увасабленьне марознага часу, ды зламаныя, старыя рэчы. Лічылася, што ў гэты дзень — апошні перад Вялікім постам, што цягнецца 7 тыдняў, — варта сталавацца 7 разоў. Сёмае сталаваньне было апошнім, калі перад постам елі ежу жывёльнага паходжаньня. Нядзелю называлі Даравальнай, бо ўвечары ў кожным доме ўсе прасілі дараваць адзін аднаму. Гаспадар сядаў на покуце пад абразамі, чытаў малітву і прасіў дараваньня ў сваіх продкаў — дзядоў і прадзедаў. Потым па чарзе, ад старэйшага, на сярэдзіну пакоя выходзілі сыны і дочкі і прасілі ў бацькі: «Прабач, бацька родны, калі чым саграшыў перад табою, справай або языком». Затым прасіла дараваньня маці. Пасьля гадаванцы сядалі на лавы — сыны справа, дочкі зьлева. Бацька выходзіў на сярэдзіну пакоя, тройчы кланяўся ўсім і таксама прасіў дараваць за нядобрыя словы або дрэнныя ўчынкі. У цэрквах жа адбываўся абрад ачышчэньня, калі пры канцы набажэнства сьвятар прасіў дараваньня ў прыхаджанаў, якія тройчы адказвалі «Бог даруе!»[2]

Праваслаўная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масьленіца доўжыцца некалькі дзён на Сырным (Масьленічным) тыдні. Сырны тыдзень атрымаў сваю назву таму, што Сьвятая Царква, паступова ўводзячы вернікаў у подзьвіг Вялікага посту, з надыходам Сырнага тыдня ставіць іх на апошнюю ступень падрыхтоўчага ўстрыманьня: не ўжываць мяса, а дазваляецца есьці сыр, яйкі й масла. Каб, паступова адмовіўшыся ад прыемных страваў, бязь цяжкасьці перайсьці да посту. Таму сапраўды пабожным вернікам у Сырны тыдзень неабходна быць ва ўсім асабліва стрыманым, хоць устрыманьне неабходна заўжды.

Але Сырны тыдзень (Масьленіца) па скажоным чалавечым разуменьні і звычаі ператвараецца часам у тыдзень празьмернасьці ў ежы, сьвецкіх забаваў, што пярэчыць настаўленьням Сьвятой Царквы. Нярэдка ў сьвяткаваньні Масьленіцы праяўляюцца язычніцкія традыцыі пакланеньня язычніцкаму богу — вынаходніку хмяльнога пітва, якому прысьвячаліся некаторыя сьвяты (вакханаліі), і такія сьвяткаваньні праводзіліся з усялякімі непрыстойнасьцямі.

Народная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народная абраднасьць Масьленіцы зьвязаная з адраджэньнем пладаносных сіл зямлі. Асноўная накіраванасьць абраднасьці — провады зімы, жаданьне хуткага прыходу вясны. Існуюць разнастайныя масьленічныя абрады, у тым ліку прысьвечаныя маладажонам. Як правіла, на Масьленічным тыдні маладыя гасьцююць у бацькоў жонкі (прыезд зяця да цешчы «на бліны»).

Увогуле Масьленіцы ўласьцівая незвычайная весялосьць. Дзяўчаты, маладзіцы ўбіраюцца ў лепшыя строі. Моладзь наладжвае гушканьне на арэлях, коўзаньне з горак на санках. Чым вышэй узьляціш на арэлях, чым далей скоцісься з горкі — тым даўжэйшы быццам бы будзе лён. На Масьленіцу абавязкова ласуюцца блінамі, сьпяваюць масьленічныя песьні.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Традыцыі сьвяткаваньня Масьленіцы // БелТА, 7 сакавіка 2013 г. Праверана 12 сакавіка 2013 г.
  2. ^ Масьленіца Дасье. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 лютага 2011). Праверана 7 кастрычніка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Масьленіцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў