Матлакіт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крышталь матлакіту ў галеніце. Памеры 3,4 x 3,2 x 2,1 см

Матлакі́т (па-ангельску: matlockite) — рэдкі галагенідавы мінэрал, фторхлярыд сьвінцу ланцужковай будовы. Названы паводле места Мэтлак у Дэрбішыры, Ангельшчына, у ваколіцах якога ён упершыню быў знойдзены[1]. Да матлакітаў адносяць таксама групу рэдкіх мінэралаў падобнай структуры.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хімічная формула: PbFCl.

Склад: Pb — 79,19%; F — 7,26%; Cl — 13,55%.

Сынгонія тэтраганальная. Дытэтраганальна-дыпірамідальная сымэтрыя. Утварае таблеткавыя крышталі або грубаплястынкавыя агрэгаты, тонкія спаяныя пласьцінкі. Спайнасьць па базапінакоідзе.

Шчыльнасьць 7,12[2]. Цьвёрдасьць 3,0-3,5.

Колер ад крэмава-жоўтага[2] да зеленаватага. Бляск ад алмазнага да пэрлямутравага.

Крохкі. Залом няроўны, да наздраватага.

Прадукт зьмены галеніту або сьвінцовых шлакаў. Сустракаецца ў зоне атляненьня сьвінцовых рудных радовішчаў.

Адкрыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў адкрыты ў пачатку 1800-х ў шахце непадалёк ад Мэтлаку разам з асобнікамі фасгеніту і англезыту. Магчыма, ён быў апісаны ў 1802 року Джонам Моў (анг. John Mawe) ў кнізе «Мінэралёгія Дэрбішыру»[3], у якой ён падае падрабязную характарыстыку фасгеніту, пасьля чаго згадвае мінэрал, які называе «шкляным сьвінцом» — азначэньне, якое вельмі адпавядае выгляду матлакіта.

Тым ня меней, новы мінэрал не заўважалі цягам наступных пяцідзесяці рокаў. Толькі ў 1851 ён атрымаў сваю назву[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобнік вялікага памеру, 10 см у папярэчыне, знойдзены ў Дэрбішыры, захоўваецца ў калекцыі Амэрыканскага музэю прыродазнаўства[5]. 7-сантымэтровы экзэмпляр знаходзіцца ў зборах музэю й мастацкай галерэі Дэрбі[6].

Пасьля гэтага матлакіт быў знойдзены ў Арызоне (ЗША), Грэцыі, Італіі і Нямеччыне. Асобныя экзэмпляры сустракаліся таксама ў Аўстраліі, Аўстрыі, Паўднёвай Афрыцы, Пэру, Францыі, Чылі[1][2].

Матлакіты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Групу матлакітаў складаюць некалькі мінэралаў падобнай крышталічнай структуры. Сярод іх бісмутавыя, сьвінцовыя і ка́льцавыя галагеніды: вісмакліт (BiO)Cl, daubréeite (BiO)(OH,Cl), ляўрыяніт PbCl(OH), параляўрыяніт PbCl(OH), рарызыт CaFCl і заварытскіт (BiO)F[2].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Даведнік па мінэралёгіі
  2. ^ а б в г Matlockite Group (анг.). Mindat.org. Праверана 12 студзеня 2011 г.
  3. ^ Mawe, John. The Mineralogy of Derbyshire with a Description of the most Interesting Mines. — London: 1802.
  4. ^ T. Bridges, M.E. Smith. Phosgenite and Matlockite in Derbyshire (Part 1) // Journal of the Russell Society. — 1983. — Т. 1. — № 2. — С. 7-14.
  5. ^ Frondell, Clifford. // American Mineralogist. — 1935. — В. 20. — С. 469—473.
  6. ^ Nick Moyes (9 красавіка 2011) Working with Wikipedia - a museum’s perspective (анг.) Праверана 15 красавіка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]