Матуш Чак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Матуш Чак Трэнчанскі

Ма́туш Чак Трэ́нчанскі, Матэ Чак, Мацьвей Трэнчанскі (верагодна 1252 — 18 сакавіка 1321 году) — вугорскі магнат і некаранаваны «кароль» заходняй і цэнтральнай Славаччыны (якая ў той час была часткай Вугоршчыны).

Вугорскі род Чак паходзіў з Вострыгамскай жупы і валодаў вялікімі ўладаньнямі на тэрыторыі сучаснай Славаччыны. У 1278 г. Матуш Чак дапамог Рудольфу I перамагчы Пржэмысла II Атакара каля Дзюрнкрута. У 1291 г. узначаліў войска Андраш III, якое нанесла паразу пры Браціславе Генрыху з Кёсэга. У падзяку атрымаў тытул браціслаўскага жупана. Пазьней, пасьля шэрагу спрэчак з Андрашам, перасяліўся ў Нітру, якая была цэнтрам яго маёнткаў. Андраш III паслаў супраць яго войскі, але Матуш Чак пасьпяхова адбіў напад. Пасьля сьмерці Андраш пачаў падтрымліваць чэскага караля Вацлава III і падтрымліваў яго ў барацьбе супраць Карла Робэрта. У 1303 годзе перайшоў на бок Карла Робэрта. З 1304 году стаў весьці цалкам самастойную палітыку і перастаў падтрымліваць і Карла Робэрта. Пік моцы Матуша Чака быў у 1311—1312 гадах, калі ён кантраляваў 14 камітатаў. З гэтага часу пачаў сябе паводзіць як кароль, чым выклікаў незадаволенасьць цэнтральнай улады. У 1312 г. удзельнічаў у бітве пры Разганоўцэ непадалёк ад Кошыцэ, але яго войска прыйшло занадта позна, калі зыход бітвы ўжо быў вырашаны. У 1314 г. напаў на Маравію і разьбіў пры Голічы войскі Яна Люксэмбурскага. Памёр 18 сакавіка 1321 сваёй сьмерцю, не пакінуўшы нашчадкаў (адзіны сын Матуш памёр у 1318 г.).

Аб значэньні Матуша Чака кажа факт, што яшчэ ў XV стагодзьдзі заходнюю Славаччыну звалі «Матушова зямля». Пазьней славацкія будзіцелі рамантызавалі вобраз Матуша Чака як уладара адзінай Славаччыны.