Мацей Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мацей Радзівіл
Мацей Радзівіл
Мацей Радзівіл

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 лістапада 1749
Памёр 2 верасьня 1800
Род Радзівілы
Бацькі Лявон Міхал Радзівіл
Ганна з Мыцельскіх
Жонка Альжбета з Хадкевічаў
Дзеці Антаніна, Канстантын
Дзейнасьць кампазытар, лібрэтыст

Мацей Радзівіл (10 лістапада 1749 — 2 верасьня 1800) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кампазытар і драматург[1]. Падкаморы вялікі літоўскі (17861790), кашталян віленскі1790).

Валодаў маёнткамі на тэрыторыі сучасных Летувы і Польшчы, на Беларусі — Паланэчкай, Крошынам і інш.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Лявона Міхала і Ганны з Мыцельскіх. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясьвіжы. Падарожнічаў па Эўропе, наведаў Дрэздэн, Гданьск, Карлавы Вары, Прагу[2].

3 канца 1770-х зблізіўся з ваяводам віленскім К. С. Радзівілам «Пане Каханку». Абіраўся паслом на сойм 1780, займаў пасады падкаморыя вялікага літоўскага (1786) і кашталяна віленскага (1790).

У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай (1792) перадаў у карыстаньне войску Вялікага Княства Літоўскага замкі, арсэналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Д. Г. Радзівіла, за што атрымаў падзяку ад Чатырохгадовага сойму (17881792).

У 1793 у складзе Камісіі паліцыі Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794), уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (чалец дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія бралі ўдзел у паўстаньні. У кастрычніку 1794, занепакоены радыкалізацыяй паўстаньня, выехаў у Галіччыну.

За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады адабралі ў М. Радзівіла права апекі над малалетнім князем Дамінікам. У канцы жыцьця знаходзіўся ў сваім маёнтку Паланэчка (Наваградзкае ваяводзтва), які на пэўны час зрабіўся культурным асяродкам у краі.

У шлюбе з Альжбетай Хадкевіч меў дачку Антаніну і сына Канстантына.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У творчасьці М. Радзівіла сэнтымэнталізм і клясыцызм спалучаліся зь перадрамантычнымі тэндэнцыямі.

У якасьці драматурга дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага паставіў у Нясьвіжы опэру «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта М. Радзівіла, музыка Я. Д. Голянда). Пазьней опэра ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай вэрсіі над назвай «Добры пан — бацька для падданых» і карысталася папулярнасьцю да канца 1820-х. У опэры паэтызаваліся людзі з народу, даводзілася неабходнасьць аблегчыць долю сялянаў, паказвалася, што цяжкая сялянская праца зьяўляецца асновай усеагульнага дабрабыту.

У 1786 да імянінаў К. С. Радзівіла ў Альбе пад Нясьвіжам паставілі опэру «Войт альбанскага сяленьня» (лібрэта і музыка М. Радзівіла), дзе асуджалася жорсткае абыходжаньне зь сялянамі.

Іншыя музычныя творы М. Радзівіла: дывэртысмэнт, саната, сэрэнада, 6 палянэзаў. Апроч таго, пісаў вершы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Валерый Пазднякоў. Радзівіл Мацей // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 492.
  2. ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4. [1]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
  • В. Дадномава. Нясвіжскі маэстра // «Мастацтва» № 3, 1994.
  • В. Дадномава. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // «Мастацтва» № 9, 1995.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мацей Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў