Мацей Сулькевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мацей (Магамэт) Сулькевіч
Мацей Аляксандравіч Сулькевіч
20 ліпеня 186515 ліпеня 1920
Süleyman bəy Sulkeviç.jpg
Месца нараджэньня маёнтак Кемейшы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер в. Кемейшы, Воранаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь
Месца сьмерці Баку, АССР
Прыналежнасьць Сьцяг РасеіРасейская імпэрыя,
Сьцяг РасеіРасейская рэспубліка,

Flag of Crimea 1918.pngКрымская Народная Рэспубліка, Flag of Azerbaijan.svgАзэрбайджанская Дэмакратычная Рэспубліка

Род войскаў пяхота
Гады службы 18831920
Званьне генэрал-лейтэнант
Камандаваў Модлінскі 57-й пяхотны полк,
33-я пяхотная дывізія,
37-й армейскі корпус,
1-й Мусульманскі корпус
Бітвы/войны Руска-Японская вайна
Першая сусьветная вайна
Вайна за незалежнасьць Азэрбайджана
Узнагароды Ордэн Сьвятога Станіслава 1 ступені, Ордэн Сьвятога Станіслава 3 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 2 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 3 ступені, Ордэн Сьвятога Ўладзімера 4 ступені, Ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені, Залатая зброя «За адвагу»

Маце́й Сульке́віч (па-польску: Matwiej Sulejman Sulkiewicz, па-азэрбайджанску: Süleyman bəy Sulkeviç, таксама вядомы як Магамэт Сулейманавіч Сулькевіч, Сулейман Сулькевіч і Мамэд бэк Сулькевіч, 20 ліпеня 1865 году, маёнтак Кемейшы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер вёска Кемейшы, Воранаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 15 ліпеня 1920 году) — расейскі і азэрбайджанскі вайсковец, крымскататарскі дзеяч, генэрал-лейтэнант[1].

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радавы герб

Мацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губэрні, паводле нацыянальнасьці — беларускі татарын. Ягоны бацька, Аляксандар Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку[2][3].

Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага, Мацей Сулькевіч прысьвяціў сваё жыцьцё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Міхайлаўскім кадэцкім корпусе ў Варонежы, паступіў у Міхайлаўскую ваенную вучэльню у Пецярбургу.

Па заканчэньні вучэльні па першым разрадзе падпаручнік Сулькевіч быў накіраваны ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. З 3 кастрычніка 1889 году паручнік Сулькевіч — слухач Мікалаеўскай акадэміі генэральнага штабу. У ліпені 1894 году за выдатныя посьпехі ў навуках у акадэміі яму быў нададзены чын штабс-капітана.

Служба ў расейскім войску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 ліпеня 1894 году Мацей Сулькевіч атрымаў званьне капітана. Прадпісаньнем камандуючага войскамі Адэскай ваеннай акругі № 5084 быў накіраваны ў штаб 7-го армейскага корпусу. У 1899 годзе атрымаў Ордэн Сьвятога Станіслава. У тым жа годзе становіцца падпалкоўнікам. У 1902 годзе Мацей Сулькевіч выдаў у Адэсе на свае сродкі кнігу «Дасьледаваньне паходжаньня й цяперашняе становішча літоўскіх татараў» польскага ўсходазнаўца, прафэсара Пецярбурскага ўнівэрсытэту Антона Мухлінскага (1808—1877).

У 1903 годзе быў прызначаны начальнікам штабу 15-й пяхотнай дывізіі. 6 сьнежня 1903 году Сулькевіч атрымаў званьне палкоўніка. Падчас расейска-японскай вайны служыў у 8-м армейскім корпусе. Быў удзельнікам Мукдэнскай бітвы. У чэрвені 1905 прызначаны камандзірам 57-го пяхотнага Модлінскага палку. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны 2-й ступені зь мячамі, ордэнам Сьвятога Ўладзімера 4-й ступені зь мячамі й бантам. 20 траўня 1907 году ўзнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За адвагу»[4].

Увосень 1910 году Мацей Сулькевіч становіцца генэрал-маёрам. Празь некаторы час прызначаны генэрал-кватэрмайстарам штабу Іркуцкай ваеннай акругі. Быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Ўладзімера 2-й і 3-яй ступеняў. У 1915 годзе быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Станіслава 1-й ступені. 26 красавіка 1916 году Мацею Сулькевічу было нададзенае званьне генэрал-лейтэнанта. У кастрычніку 1917 году афіцэр Генэральнага Штабу генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў вылучаны на пост камандзіра 1-га Мусульманскага корпусу, які плянаваў сфармаваць Часовы ўрад.

Крымскі краявы ўрад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Крымскага краявога ўраду Мацея Сулькевіча.

У 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе 25 чэрвеня 1918 году стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і вайсковых справаў першага Крымскага краявога ўраду[5].

Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) амбасадарам Крыму ў Асманскай імпэрыі й наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясьціў стварэньне крымскататарскай дзяржавы[1].

Пасьля сыходу з Крыму нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 году перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду на чале з Саламонам Крымам[6].

Служба ў Азэрбайджане[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 1918 году Мацей Сулькевіч прыбыў у Азэрбайджан, дзе быў вядомы як Мамэд-бэк. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам[7]. 26 сакавіка 1919 году загадам № 147 па ваенным ведамстве генэрал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генэральнага штабу ўзброеных сіл Азэрбайджану[8]. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын Гаджы Тагіева й была актыўным чальцом Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэньні ваеннага зьвязу паміж Грузіяй і АДР.

Расстрэл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1920 году Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контаррэвалюцыйную дзейнасьць». Мамэд Эмін Расулзадзэ успамінае ў сваёй кнізе:


« …Чалавек, які сядзеў разам зь ім, Мэхмэдам Алі бэкам, казаў: «Генэралу загадалі ісьці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час сьмерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсьці патрэбных словаў. Генэрал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчасьлівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“» »

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б МАРАКОЎ Л. Сулькевіч Мацей Аляксандравіч
  2. ^ Залесский К. А. Кто был кто в Первой мировой войне. — М.: АСТ, 2003. — С. 576
  3. ^ Сулькевич М. А.
  4. ^ Исмаилов Э. Э. Золотое оружие с надписью «За храбрость». Списки кавалеров. 1788—1913. — М., 2007, с. 390
  5. ^ Александр Пученков «Независимый Крым в 1918 году»
  6. ^ ХРОНОС — всемирная история в Интернете. Крымское краевое правительство.
  7. ^ НАЗИРЛИ Ш. Служение Отечеству //Зеркало.аз.
  8. ^ Азербайджанская Демократическая Республика (1918—1920). Армия. (Документы и материалы). Баку, 1998, с.86.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]