Маці Тэрэза
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Род дзейнасьці | гуманітарная дзейнасьць |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 26 жніўня 1910 года |
| Месца нараджэньня | Скоп'е, Атаманская імпэрыя |
| Дата сьмерці | 5 верасьня 1997 года |
| Месца сьмерці | Калькута, Індыя |
Маці Тэрэ́за (нар. 26 жніўня 1910 года ў Скоп'е, пам. 5 верасьня 1997 года ў Калькуце, сапраўднае імя – Агнэс Гонджа Баяджыў) – каталіцкая манашка, якая вяла ў Індыі гуманітарную дзейнасьць. Зьяўляецца заснавальніцай каталіцкага ордэна Міласэрнасьці, ляўрэатка Нобэлеўскай Прэміі Міру. З 2003 года аднесена да ліку блаславёных.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Маці Тэрэза нарадзілася 26 жніўня 1910 года ў македонскім горадзе Скоп'е ў сям’і альбанамоўных арамунаў. Ва ўзросьце 12 гадоў пачала рыхтавацца на манаскага жыцьця. Праз шэсьць гадоў пераехала ў Ірляндыю, дзе ўступіла ў манаскі ордэн “Ірляндзкія сёстры Ларэта”, у якім атрымала імя Марыя Тэрэза. Хутка ордэн накіраваў яе ў Індыю. Там, з 1929 года, яна працавала ў каталіцкай дзіцячай школе ў Калькуце, якую, праз некаторы час, узначаліла.
10 верасьня 1946 года Маці Тэрэза атрымала блаславеньне ад кіраўніцтва ордэна дапамагаць бедным Калькуты, а ў наступным годзе яна атрымала дазвол ад папы Пія ХІІ дазвол на выхад з ордэна Ларэта і заснаваньне ў Калькуце Ордэна Міласэрнасьці, які займаўся стварэньнем школаў і шпіталяў для бедных і цяжкахворых людзей не залежнай ад іх нацыянальнасьці і рэлігійнай прыналежнасьці. Маці Тэрэза зьняла два пакоі, адзін выкарыстоўваўся як школа, а другі як дом для хворых і паміраючых. 19 сакавіка 1949 года да яе далучылася першая сястра, а потым наступныя. 7 кастрычніка 1949 года новы ордэн Місіянэраў Міласэрнасьці быў зацьверджаны архібіскупам Калькуты Фэрдынандам Пэрэра. 1 лютага 1965 года ордэн атрымаў блаславеньне з Рыму. Новы ордэн займаўся стварэньнем сіроцкіх прытулкаў, і бальніцаў ўжо не толькі ў Індыі, але і ва ўсім сьвеце.
У 1968 годзе папа Павал VI прапанаваў Маці Тэрэзе пераехаць, разам з ордэнам у Рым. Да канца жыцьця яна дапамагала людзям, заўсёды дбаючы аб чалавечай годнасьці і павазе. Маці Тэрэза была супраць абортаў, эўтаназіі і кантрацэпцыі.
Маці Тэрэза памерла 5 верасьня 1997 года ў Калькуце. Яе пахаваньне, 13 верасьня, ўрад Індыі правёў згодна з абрадам пахаваньня вышэйшых асобаў, тэлевізійная трансляцыя ішла на ўвесь сьвет.
[рэдагаваць] Узнагароды
Маці Тэрэза была ляўрэаткай шматлікіх міжнародных прэміяў і узнагародаў, а так сама вышэйшых узнагародаў Індыі, ЗША, СССР і Вялікабрытаніі. У 1979 годзе за сваю працу Маці Тэрэза атрымала Нобэлеўскую Прэмію Міру. У 1996 годзе стала кавалерам Ордэна Ўсьмешкі. Акрамя гэтага Маці Тэрэза атрымала Ўзнагароду Міру Яна XXIII (1971 год), Лотаса Індыі (1980 год), тытул доктара honoris causa права (1975 год) і доктара мэдыцыны (1981 год), а так сама дактарат honoris causa Ягелонскага Ўнівэрсытэту (1993 год). У 1973 годзе Маці Тэрэза была ўзнагароджана толькі што заснаванай Тэмплтанаўскай прэміяй за прагрэс у рэлігіі – яна стала яе першым ляўрэатам. Мэдаль Свабоды Маці Тэрэза атрымала з рук амэрыканскага прэзыдэнта Рональда Рэйгана ў 1985 годзе. У 1996 годзе яна была прызнана ганаровай грамадзянкай ЗША.
[рэдагаваць] Беатыфікацыя
Праз два гады пасьля сьмерці Маці Тэрэзы, папа Ян Павал II абвясьціў, што на яе магіле адбыўся першы цуд (выздараўленьне жанчыны хворай ракам) і быў распачаты працэс беатыфікацыі. Акрамя паведамленьня аб цудзе, зьявіліся меркаваньні што Маці Тэрэза павінна быць абвешчана сьвятой, яшчэ і за сваю дзейнасьць пры жыцьці. 19 кастрычніка 2003 года Маці Тэрэза была аднесена да ліку блаславёных. Яшчэ ніхто за ўсю гісторыю хрысьціянства не быў прызнаны блаславёным так хутка пасьля сьмерці.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Маці Тэрэза — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў