Менскае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плян менскага гета

Менскае гета — жыдоўскае гета, створанае нямецкімі акупантамі 19 ліпеня 1941 г. пасьля захопу Менску ў ходзе ўварваньня ў СССР. Было адным з найвялікшых гета ва Ўсходняй Эўропе і найвялікшым на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР. У ім знаходзілася каля 100 000 жыдоў, большасьць якіх загінула ў Галакосьце.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкі перапіс 1926 году налічваў 53 700 жыдоў, што жылі ў Менску. Гэта складала прыблізна 41% насельніцтва. 26 чэрвеня 1941 г. немцы ўвайшлі Менск, які 28 чэрвеня 1941 г. цалкам захапілі сіламі 20-й дывізіі пры дапамозе танкаў (Плян Барбароса). 2 ліпеня 1941 г., на пяты дзень акупацыі, немцы забілі 2000 людзей з жыдоўскай інтэлегенцыі. З гэтага моманту забойствы жыдоў набылі рэгулярны характар. 19 ліпеня 1941 г. камэндант палявой камэндатуры К. Шлегэльхофэр падпісаў Распараджэньне № 812 аб стварэньні гета. Каля 20 000 жыдоў былі забітыя ў першыя месяцы нямецкай акупацыі, галоўным чынам гэта зьдзяйсьнялася групамі Айнзацгрупэ. Усяго насельніцтва гета складала каля 80 000 чалавек, зь якіх 50 000 жылі ў горадзе да вайны, і астатнія 30 000 (ці болей) чалавек былі бежанцамі і жыдамі, якіх немцы прымусілі перасяліцца ў гета.

У лістападзе 1941 году ў Менску было створана другое гета, у якое перасялялі жыдоў з Захаду. Большасьць тых жыдоў паходзіла зь Нямеччыны і Пратэктарату Багеміі і Маравіі. У ім знаходзілася каля 35 000 чалавек. Паміж двумя гетамі амаль што не было кантакту. Накшалт іншых гета, жыдоў прымушалі працаваць на фабрыках альбо іншых установах, што падпарадкоўваліся немцам. Жыхары гета былі прымушаны жыць у вельмі цяжкіх умовах, зь недахопам ежы і мэдыкамэнтаў. 2 сакавіка 1942 г.[1] было забіта каля 5000 жыдоў. На гэтым месцы цяпер знаходзіцца мэмарыял Яма. Згодна зь нямецкімі афіцыйнымі дакумэнтамі, у жніўні гета налічвала менш за 9000 жыдоў. Гета ліквідавалі 21 кастрычніка 1943. У дадатак, шмат менскіх жыдоў загінулі ў лягеры сьмерці Сабібор. Некалькі тысячаў былі забітыя ў Малым Трасьцянцы. Калі Чырвоная Армія вярнула горад 3 ліпеня 1944, у ім засталіся ўсяго некалькі жыдоў.

Супраціў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Менскім гета вёўся супраціў, арганізатары якога супрацоўнічалі з Савецкімі партызанамі. Каля 10 000 жыдоў ўцяклі з гета і далучыліся да партызанаў, што дзейнічалі ў лясах непадалёк.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]