Мумітроль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Мумітроль ды яго сям’я, сябры, знаёмыя й проста сусрэтыя паблізу ад яго істоты — героі нізкі кніг фінскай швэдзкамоўнай пісьменьніцы й мастачкі Тувэ Янсан.

Мумігероі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мумісям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мумітроль (Mumintrollen) — бегемотападобная істота, галоўны герой усёй мумі-эпапэі. Падлетак, шукальнік прыгодаў, амаль адзіны хто апрыёры верыць усім гісторыям уласнага бацькі. Любіць удзельнічаць ва ўсялякага кшталту авантурах, яшчэ больш любіць іх ладзіць. Мае сяброўку — фрэкен Снорк.
  • Мумімама (Muminmamman) — маці галоўнага героя, найлепшая маці ў сьвеце. Добра гатуе аладкі й майструе чоўнікі з кары. Нічога ня можа парушыць ейнага спакойнага стану. Адзіная рэч, якую яна сьмяротна баіцца згубіць - гэта яе сумачка, дзе заўжды ляжыць штось карыснае. З астатнімі рэчамі разьвітваецца зь лёгкім сэрцам. Мае схільнасьць да авантураў і нікому нічога не забараняе.
  • Мумітата (Muminpappan) — бацька галоўнага героя. Нарадзіўся пры таямнічым раскладзе зорак. Першыя гады правёў у школе для падкінутых мумітроляў, якою кіравала адна Хэмуліха, адтуль зьбег, пазнаёміўся з Фрэдрыксанам. Доўгі час вандраваў, пакуль не пазнаёміўся з будучай Мумімамай, асеў у Мумідоле, пабудаваў хату, пасадзіў шмат дрэваў і займаецца гадаваньнем сына й яго сяброў, якія жывуць разам з мумітролямі. Любіць распавядаць пра свае юнацкія прыгоды. Крыўдзіцца, калі гэтым гісторыям ня вераць, і вельмі радуецца, калі ўсе астатнія атрымліваюць стоадсоткавы доказ таго, што прыдуманага ў яго гісторыях зусім крыху (адно каб было цікавей). Кансэрватар і не жадае, каб у яго хаце хоць калі-небудзь зьявілася электрычнасьць. Нягледзячы на свой статус бацькі сямейства не згубіў былога авантурызму.
  • Продак (Förfadern) — стары-стары троль, выпадкова выпушчаны Мумітролем падчас зімовай дэпрэсіі з шафы ў купальні. Не размаўляе, нічога ня есьць, жыве ў коміне ў гасьцёўні.

Сябры й знаёмыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сьніф (Sniff) — сябра Мумітроля. Самы маленькі з усяго асяродзьдзя й гэтым карыстаецца. Крыху сквапны, інфантыльны, любіць розныя бліскучыя рэчы. Увязваецца ва ўсялякія авантуры Мумітроля, а потым, калі спатыкаецца зь нейкімі цяжкасьцямі, адразу ж пачынае нудоціць. Але ў цэлым добрая істота. Сын Валэндака й зьвераняткі Сос.
  • Валэ́ндак (Råddjuret) — бацька Сьніфа, муж зьвераняткі Сос, сябра юнацтва Мумітаты. Мае цікавую біяграфію: ягоныя бацькі загінулі падчас генэральнага прыбіраньня. Выхоўваўся сваім дзядзькам Фрэдрыксанам. Жыў ў скрынцы з-пад кавы спачатку адзін, а потым нейкі час дзяліў яе з малым Кліпдасам. Паталягічна няўважлівы, плаксівы, але заўжды гатовы прыйсьці на дапамогу, як маральна так і фізычна. Калекцыянуе ґузікі.
  • Зьверанятка Сос (Sås-Djuret) — пра яе амаль няма зьвестак. Вядома, што яна вельмі прывабная асоба й таксама як яе муж Валэндак зьбірае ґузікі, на гэтай глебе яны й пазнаёміліся. Потым агульная зацікаўленасьць амаль адразу перайшла ў каханьне. Ад моманту знаёмства на Садовым сьвяце Ўсеўладара да іх вясельля прайшло ня больш за некалькі дзён.
  • Снусмумрык (Snusmumriken) — бадай, найлепшы сябар Мумітроля. Самотнік, шукальнік прыгодаў. Любіць адзіноту, таксама любіць жыць у намёце, паліць люльку й граць на губным гармоніку ды флейце. Зь нянавісьцю ставіцца да забараняльных шыльдаў. Асабістымі ворагамі лічыць Ахоўніка парку й Паліцыянтаў. У сваяцтве зь мюмламі. Сын Юксарэ й Мюмлы-мамы. Калі злуецца, звычайна кажа: «Хуп-хэф». Носіць толькі тую вопратку, якая выглядае «дастаткова» старой і ўвогуле абыякава ставіцца да рэчаў. Кожную восень сыходзіць з Мумідолу й вяртаецца толькі ў красавіку.
  • Юксарэ (Joxaren) — нягледзячы на сваю паталягічную ляноту зьяўляецца апантаным шукальнікам прыгодаў. Любіць вандраваць, паліць люльку, але ня любіць працаваць. Абсалютны нонканфарміст, любую забарону лічыць сыгналам для дзеяньня: каб прымусіць яго згубіць інтарэс да забароненага плоду, дастаткова яму дазволіць рабіць усё, што забаронена. Як і ягоны сын, ня любіць Ахоўніка парку й паліцыю.
  • Мюмла-мама (Mymlanmamman) — маці Снусмумрыка, Мюмлы, Малой Мю й яшчэ вялікага мноства мюмлаў, якія да сюжэту мумі-эпапэі ня маюць амаль ніякага дачыненьня. Яе постаць уся нібыта складаецца з акружнасьцяў. Заўжды ўсьміхаецца. Нанач сваім дзецям у якасьці казкі распавядае дэтэктыўную гісторыю аб Інспэктары Твіґсе.
  • Мюмла (Mymlan) — найстарэйшая дачка Мюмлы-мамы. Асноўны занятак — дагляданьне малой сястрычкі Мю. Мае маркоўнага колеру валосьсе, якое заўжды завязвае ў пучок, і занадта вольны характар. Мае тытулы князёўны Каралеўскае Вольнай калёніі (якую ў маладосьці зладзіў Мумі-тата) ды прымы плавучага тэатру. Вечны падлетак.
  • Малая Мю (Lilla My) — самая маленькая мюмла ў сьвеце. Нягледзячы на салідны ўзрост, заўжды застаецца маленькім, капрызным, шкодным дзіцёнкам, які, нягледзячы на мініятурныя памеры, першы ў чарзе на новую авантуру. Сястру, зразумела ж, нават не спрабавала слухацца. Лятэнтная танатафілка: трапляючы ў суполцы ў складаныя абставіны з задавальненьнем камэнтуе: Мы пэўна зараз загінем!
  • Снорк (Snorken) — знаходзіцца ў некаторым сваяцтве з мумітролямі, але, у адрозьненьне ад іх, у залежнасьці ад настрою ці псыхалягічнага стану зьмяняе свой колер. Лічыць сябе старэйшым за ўсіх, таму паводзіць сябе занадта сур’ёзна. Пры фарсмажорных абставінах адразу ж праводзіць брыфінг. Нават аднойчы сядзеў на пасадзе судьдзі. Час ад часу задаецца пытаньнем: «Навошта ў сьвеце існуюць сёстры».
  • Фрэкен Снорк (Snorkfröken) — сястра Снорка. Легкадумная істота, добрая, пужлівая. Таксама як і старэйшы брат мяняе колер скуркі. Любіць разнастайныя забавы й няжудасныя прыгоды. Закаханая ў Мумітроля.
  • Хэмулі (Hemuler) — занудлівыя стварэньні з рэдкім кустападобным валосьсем на галаве й доўгай пашчай. Ня маюць гумару, фантазыі ды густу. Тым ня менш лічаць свой лад жыцьця ідэальным і сапраўды незадаволеныя, калі хтось паводзіць сябе інакш. Таму любімая прымаўка хэмулёў: «Як у гэтым сьвеце ўсё не па-хэмульску». Каб выправіць гэты недахоп грамадзтва, хэмулі ідуць у выхавацелі, ахоўнікі паркаў ды паліцыянты. Іншыя ж, каб ня бачыць усіх недахопаў сьвету, адгароджваюцца ад сьвету навукай.
  • Усеўладар (Självhärskaren) — аўтакратычны кіраўнік невялічкай дзяржавы. Кіруе даволі легкадумным, але працавітым народам, любімым заняткам якога зьяўляецца будаваньне сьценаў. Нягледзячы на стогадовы ўзрост, ня страціў розуму, рухаецца самастойна й мае своеасаблівы гумар.
  • Філіф’ёнка (Filifjonkan) — стоадсодкавая «сіняя панчоха». Жыве самотна сярод разнастайных прыгожых дробязяў. Пакутуе ад мноства фобіяў, таму без чужое дапамогі ня ў стане (ды й папросту не жадае) зрабіць крок для паляпшэньня свайго існаваньня. Сям’і па большасьці ня мае. Мае стасункі з адной-дзьвюма сяброўкамі, зь якімі прыемна паразмаўляць аб «цяжкасьцях гэтага сьвету».
  • Туў-Цікі (Too-Ticki) — таямнічая асоба, якая існуе ва ўласным сьвеце й ня надта жадае пушчаць туды чужынцаў. Жыве ў купальні мумітроляў у кампаніі нябачных мышак і разнастайных таямнічых істотаў. Кожны раз перад надыходам вясны робіць Вялікае Вогнішча. Носіць шапачку, унутраны бок якой блакітны, а вонкавы — чырвоны. Зімой дэманструе чырвоны бок, а вясной — блакітны. Сустракае вясну, граючы на катрынцы.
  • Фрэдрыксан (Fredrikson) — фантазёр і вынаходнік. Стваральнік лётна-падводнага рачнога параходу, названага ў гонар нізкі вершаў яго сканалага брата (бацькі Валэндака) «Марскі аркестар» (хаця яго ўласны пляменьнічак перайначыў назву на «Марзкі аркесдар»). Пачынаў як вольны мастак, але ў далейшым па прапанове Ўсеўладара стаў ягоным асабістым інжынэрам. Тым ня менш ня страціў былога імпэту да авантураў. Уласны заплечнік зрабіў жытлом для Прывіда.
  • Прывід (Spöket) — нягледзячы на тое, што зьяўляецца нячысьцікам, добрая й сяброўская асоба. Поўнае імя — Прывід з Выспы Жахаў па мянушцы Страшыдла. Пачынаў як пужацель жыхароў Выспы Ўсеўладара, але зь цягам часу да яго ўсе прызвычаліся, таму вымушана прыбіўся да маладога Мумітаты й яго «Каралеўскае Вольнай калёніі» й хутка пасьля згоды зь некаторымі правіламі стаў паўнапраўным каляністам. Спачатку жыў разам з Мумітатам, але пасьля зьмены яго сямейнага становішча перабраўся ў заплечнік да Фрэдрыксана.
  • Кліпда́с (Klippdassеn) — яшчэ дзіця. Як і ўсе кліпдасы, жыве на рачным дне, дзе вялікімі ікламі робіць каналы, каб здабыць сабе ежу. Па сваёй няўважлівасьці трапіў на борт «Марскога аркестру», дзе жыў разам з Валэндакам, пакуль ня быў адпраўлены дадому. Праз малы ўзрост і тое, што яго іклы яшчэ растуць, заўжды штосьці грызе й увесь сьвет падзяляе на рэчы, якія можна грызьці і якія ўжо згрызеныя. Любіць выхавальныя гульні Цёткі Хэмуліхі.
  • Андатар (Bisamråttan) — філёзаф-самотнік. Раней жыў у нары ля ручая, але калі мумісямейства недарэчна разбурыла яе падчас будаваньня моста, быў вымушаны па шчырым запрашэньні Мумітаты пасяліцца ў мумідоме. Лічыць, што працаваць — гэта не філязофская справа, таму час бавіць лежачы ў гамаку й чытаючы улюбёную кнігу: «Трактат пра Неістотнасьць Існага».

Іншыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Морра (Mårran) — зборны вобраз мумі-нячысьціка. Істота, якая больш нагадвае рухомы кавалак цемры, чым нешта жывое. Нават улетку Морра нясе ў сабе кавалак зімовае сьцюжы й можа загасіць самае вялікае полымя. Таксама выконвае абавязак начнога пудзіла ў жыхароў Мумідолу й яго навакольляў.
  • Тофсла й Віфсла (Tofslan och Vifslan) — героі, якіх цяжка ўявіць па-асобку. Як і малая Мю, зьяўляюцца адвечнымі дзецьмі, размаўляюць на ўласнай, але крыху зразумелай мове. Ня маюць уяўленьня аб тым, што добра, а што блага.
  • Ґафса (Gafsan) — зборны вобраз кумушкі. Асоба са шкодным характарам, ведае ўсе сьвежыя плёткі аб суседзях, знаёмых і нават аб знаёмых суседзяў ды суседзях знаёмых, карацей аб усіх. Ніколі ня прыйдзе на дапамогу, нават блізкім.
  • Дронт Эдвард (Dronten Edward) — занадта вялізны, да таго ж няўважлівы і з дурным характарам. Праз гэта ў хвіліну злосьці ці па няўважлівасьці можа расьціснуць сяго-таго. Але, пакутуючы сумленьнем, ладзіць пахаваньне за ўласны кошт, праз гэта ніколі ня мае грошай.
  • Эма (Emma) — тэатральная пацучыха, удава дырэктара тэатру. Большую частку жыцьця правяла за кулісамі, таму ведае аб тэатры ўсё й непарушна слухаецца ўсіх прыкметаў і традыцыяў сцэны. Дапамагае мумісям’і й іх сябрам аднавіць тэатар мужа, напісаць п’есу й зладзіць яе пастаноўку на сцэне «плавучага тэатру».
  • Хатыфнаты (Hattifnattarna) — умоўна-разумныя істоты. Сілкуюцца электрычнасьцю грымотаў. Ня маюць вушэй і роту. Амаль усё жыцьцё (калі толькі не зьбіраюцца на Выспе Хатыфнатаў), плывуць па моры да толькі ім вядомай мэты. Нараджаюцца з насеньня, якое трэба сеяць непасрэдна перад надыходам купальскае ночы.
  • Іншыя асобы — разнастайныя буйныя й дробныя істоты, безь якіх можна было б абысьціся, але якіх не хапала для масавасьці.

Мумікнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Småtrollen och den stora översvämningen, 1945 (Маленькія тролі і вялікая паводка); перакладзеная на беларускую мову Настай Лабадой
  • Kometjakten, 1946 (Пагоня за камэтай); у 1968 годзе пераробленая ў Kometen kommer (Прылятае камэта),
  • Trollkarlens hatt, 1948 (Капялюш Чараўніка)
  • Muminpappans Bravader (1950, Прыгоды Мумітаты; у 1968 годзе пераробленыя ў Muminspappans memoarer (Мэмуары Мумітаты))
  • Farlig midsommar (1954, Небясьпечнае лета)
  • Trollvinter (1957, Чароўная зіма)
  • Det osynliga barnet (1962, Нябачнае дзіцё)
  • Pappan och havet (1965, Тата ды мора)
  • Sent i november (1970, Напрыканцы лістапада)

Кніжкі ў малюнках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Hur gick det sen? Boken om Mymlan, Mumintrollet och Lilla My (1952, Што было далей? Кніга аб Мюмле, Мумітролі і Малой Мю)
  • Vem ska trösta knyttet? (1960, Хто суцешыць кнюта?)
  • Den farliga resan (1977, Небясьпечная вандроўка)
  • Skurken i muminhuset (1980, Жулік у мумідоме)
  • Visor från Mumindalen (1993, Песьні Мумідолу; супольна з братам Ларсам і Эрнай Таўро)

Мумі-экранізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Die Muminfamilie (19591961, Мумісям’я; вытворчасьць — Нямеччына, лялечнае шоў)
  • Finn Family Moomintroll (1966, Фінская сям’я мумітроляў; вытворчасьць — Англія, ТВ-шоў)
  • Mumintrollet (1969, Мумітролі; вытворчасьць — Швэцыя, сэрыял)
  • ムーミン (19691970, Мумітролі; вытворчасьць — Японія, анімэ)
  • 新 ムーミン (1972, Новыя Мумітролі; вытворчасьць — Японія, анімэ)
  • I mumindalen (1973, У Мумідоле; вытворчасьць — Швэцыя, міні-сэрыял)
  • Muminki (19771982, Мумітролі; вытворчасьць — Польшча-Аўстрыя, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и другие (1978, Мумітроль ды іншыя; вытворчасьць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и комета (1978, Мумітроль ды камэта; вытворчасьць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и комета. Путь домой (1978, Мумітроль ды камэта. Дарога дадому; вытворчасьць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Шляпа волшебника (1980, Капялюш чараўніка; вытворчасьць — СССР, папяровы мультфільм)
  • Szczęśliwe dni muminków (1983, Шчасьлівыя дні мумітроляў; вытворчасьць — Польшча, лялечны мультфільм)
  • Zima w Dolinie Muminków (1986, Зіма ў Мумідоле; вытворчасьць — Польшча, мультфільм)
  • 楽しいムーミン一家 (19901991, Шчасьлівая сям’я мумітроляў; вытворчасьць — Японія, анімэ)
  • 楽しいムーミン一家 冒険日記 (19911992, Шчасьлівая сям’я мумітроляў: Дзёньнік Прыгодаў; вытворчасьць — Японія, анімэ)
  • 楽しいムーミン一家 ムーミン谷の彗星 (1992, Шчасьлівая сям’я мумітроляў: Прылятае камэта; вытворчасьць — Японія, анімэ)

Мумі-музэй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мумі-хата ў Парку мумі-троляў. Наанталі, Фінляндыя

Мумі-музэй знаходзіцца ў фінскім горадзе Тампэрэ. Быў адчынены ў траўні 1989 году. Спачаткузнаходзіўся ў памяшканьні Тампэрскага Мастацкага музэю, але зь цягам часу пераехаў у падземны паверх гарадзкой бібліятэкі «Мэтса», якая знаходзіцца ў цэнтры Тампэрэ. Яго калекцыя цалкам засноўваецца на творчай спадчыне Тувэ Янсан. Да калекцыі таксама належаць два мумі-будыначкі, першы зь якіх быў пабудаваны Пэнты Эйштола (Pentti Eistola) у 1958 годзе, а другі, найбольш папулярны, — пяціпавярховая хата, пабудаваная супольнымі намаганьнямі Пэнты Эйштола, Тувэ Янсан й Туўлікі Піеціля ў 1979 годзе дзеля ўдзелу ў Браціслаўскім Біенале ілюстрацыяў. Акрамя ілюстрацыяў па мумі-тэматыцы й ня толькі, створаных непасрэдна спадарыняй Янсан, значную ролю ў калекцыі граюць мумі-працы яе блізкае сяброўкі Туўлікі Піеціля. Гэта макеты абстановак і сцэнаў з жыцьця мумітроляў, выкананыя па матывах мумі-сэрыі.

Сусьвет «Мумідолу» (такую назву мае гэты мумі-музэй) дастаткова поўна раскрывае ўсю мумі-тэматыку й падабаецца й маленькім наведавальнікам і іх дарослым суправаджальнікам.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мумітрольсховішча мультымэдыйных матэрыялаў