Мунда (мовы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
галіна мунда
Народнасьць народы мунда
Арэал цэнтральны, усходні Індастан
Лінгвістычная клясыфікацыя Аўстраазіяцкая сям'я
  • Галіна мунда
Склад
кгервары,
корку,
кгарыя-джуанг,
карапут групы
Колькасьць носьбітаў каля 14 млн. чал.
ISO 639-5: mun
Munda-Sprachen.png
Арэал моваў мунда на мапе Індастану

Мовы му́нда — галіна роднасных моваў у складзе аўстраазіяцкае сям’і моваў, распаўсюджаныя ва ўсходнім і цэнтральным Індастане, у Індыі й Банглядэш. З прычыны ўваходжаньня моваў мунда ў склад аўстраазіяцкае моўнае сям’і мовы мунда зьяўляюцца аддалена роднаснымі такім мовам як віетнамская й кхмэрская мовы.

Гісторыя носьбітаў мовы зьяўляецца ў вялікай ступені невядомай, аднак вядома, што мовы мунда — мовы да-дравідыйскага й да-індаэўрапейскага насельніцтва ўсходняй часткі паўкантынэнту.

Найпрыкметнымі мовамі галіны зьяўляюцца мовы го, мундары й санталі, на якіх размаўляюць аднайменныя этнасы.

Лінгвагеаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мовы мунда распаўсюджаныя пераважна на ўсходзе Індыі й у пэўных памежных раёнах Банглядэш, некаторыя з носьбітаў мунда пражываюць у цэнтральнай Індыі. Практычна ўсе мовы мунда ўяўляюць сабою параўнальна дробныя астраўныя арэалы пасярод арэалу індаарыйскіх (новаіндыйскіх) моваў. Амаль усе носьбіты моваў мунда пражываюць у індыйскіх штатах Джхаркханд, Чхатысгарх, Заходняя Бэнгалія, Арыса, Андхра-Прадэш і ў некаторых бліжэйшых частках Банглядэш.

Найбольшую колькасьць носьбітаў з усіх моваў мунда мае мова санталі, геаграфічна да яе блізкія іншыя параўнальна буйныя мунда мовы — го ды мундары, пасьля паводле колькасьці носьбітаў разьмяшчаюцца мовы корку й сора. Астатнія мовы мунда распаўсюджаныя сярод невялікіх этнічных групаў (вядомыя ў Індыі як «перапісныя плямёны», анг. scheduled tribes) і зьяўляюцца слаба дасьледжанымі. Колькасьць носьбітаў — каля 14 млн. чал., зь іх на санталі размаўляе блізу 50% ад носьбітаў усіх моваў мунда.

Мова санталі мае афіцыйны статус у штаце Джхаркханд і пералічаная ў сьпісе 23 моваў, афіцыйна прызнаных фэдэральным урадам Індыі, зьяўляючыся такім чынам адзінай мовай мунда з афіцыйным статусам.

Некаторымі гісторыкамі й лінгвістамі факт існаваньня моваў мунда як астраўных арэалаў унутры індаарыйскага (шырэй — індаэўрапейскага) моўнага арэалу разглядаўся як аргумэнт на карысьць таго, што мовы мунда — своеасаблівы рэлікт да-індаэўрапейскага насельніцтва цэнтральнага Індастану, якое існавала да ўварваньня арыяў на субкантынэнт. Падобныя гіпотэзы аспрэчваюцца дасьледчыкамі, на думку якіх падобнае геаграфічнае разьмяшчэньне моваў мунда зьяўляецца выключна вынікам пазьнейшых міграцыяў ужо ў гістарычны пэыяд. Між тым, лічыцца, што мовы мунда маглі аказаць вызначаны ўплыў на старажытныя дыялекты арыяў па ўварваньні апошніх на Індастан (гл. давэдыйскі субстрат).

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гукавы лад моваў мунда вылучаецца адсутнасьцю спалучэньняў зычных у канцы або пачатку словаў, будучы дапушчальнымі толькі ў сярэдзіне. У прасодыі адзначаецца досыць трывалыя заканамернасьці прастаноўкі націску й наяўнасьць у мове корку супрацьпастаўленьня высокага й нізкага таноў у складох.

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя ў мове мунда адрозьніваецца паводле ліку (адзіночны, парны, множны), клясы адушаўлёнасьці—неадушаўлёнасьці, адрозьніваецца інклюзіўнасьць («мы з табою», але «мы безь цябе») займеньнікаў першай асобы множнага ліку, для выражэньня часу выкарыстоўваюцца суфіксы або дапаможныя словы.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галіну моваў мунда ў сучаснай лінгвістыцы ў асноўным падразьдзяляюць на паўночную ды паўднёвую групы. Мовы першае групы распаўсюджаныя перш за ўсё ў Джхаркхандзе, Чхатысгарху, Заходняй Бэнгаліі й Орыі, другой — у цэнтральнай Орыі й мяжы між Андхра-Прадэш і згаданым штатам. Унутры паўднёвай і паўночнай групы могуць вылучаць падгрупы, але іх колькасьць і мовы ў іх складзе застаюцца спрэчнымі. Пад сумнеў можа таксама ставіцца існаваньне ўласна паўднёвай і паўночнай групаў.

Часта згадванай клясыфікацыяй зьяўляецца варыянт паводле аўстраазіятоляга Ж. Дыфлёта[1]:

  • Мовы мунда:
    • Паўночныя мунда мовы:
      • Мова корку;
      • Кгерварскія мовы:
        • Кгерварскі клястэр:
          • Агарыя, біджоры, караку;
        • Мундары клястэр:
          • Асуры, біргор, бгумідж, го, кода, кол, мундары;
        • Санталі клястэр:
          • Санталі, магалі, туры;
    • Паўднёвыя мунда мовы:
      • Кгарыя-джуанг клястэр:
        • Кгарыя, джуанг;
      • Карапут-мунда мовы:
        • Рэма клястэр:
          • Бонда, бода-гадаба, гата;
        • Савара (сора-джурай-гарум) клястэр:
          • Джурай, лодгі, парэнгі (гарум), сора (савара).

У 2005 годзе ім жа гэтая клясыфікацыя была перагледжаная:

  • Мовы мунда:
    • Мовы карапут:
      • Рэма (бонда), савара;
    • Уласна мунда мовы:
      • Клястэр кгарыя-джуанг;
      • Паўночныя мунда мовы:
        • Корку, кгервары.

У 1999 годзе спэцыялістам па мовах мунда Г. Адэрсанам быў прапанаваны наступны варыянт клясыфікацыі[2]:

  • Мовы мунда:
    • Паўночныя мунда мовы:
      • Мова корку;
      • Мовы кгервары:
        • Санталі, мундары;
      • Паўднёвыя мунда мовы:
        • Мовы кгарыя-джуанг:
          • Джуанг, кгарыя;
        • Мовы сора-гарум:
          • Гарум, сора;
        • Мовы гутоб-рэма-гта:
          • Клястэр гутоб-рэма:
            • Гутоб, рэма;
          • Гта:
            • Раўнінная гта, горная гта.

У 2001 годзе ім жа быў прапанаваны варыянт клясыфікацыі, згодна зь якім падгрупа кгарыя-джуанг падзялялася на кгарыя й джуанг у якасьці асобных падгрупаў, таксама была вылучаная мова гта. Такім чынам, у абноўленым варыянце клясыфікацыі паўднёвая група мунда падзяляецца на пяць падгрупаў. Таксама Г. Андэрсан, прытрымліваючыся думкі Ж. Дыфлёта, паставіў пад сумнеў існаваньне групы карапут, заметс чаго ім на аснове марфалягічных супастаўленьняў была высунутая гіпотэза пра падзе паўднёвых мунда моваў на падгрупы кгарыя-джуанг, сора-гарум і гутоб-рэма-гта, што супадае з кялсыфікацыяй Дыфлёта[3]. Склад паўднёвай групы паводле гэтай гіпотэзы ўтрымлівае пяць таксонаў, склад паўночнай супадае з дыфлётавай гіпотэзай.

Сымбаль ↔ пазначае вызначаныя інавацыйныя структурныя або лексычныя ізаглёсы.

Сора-горум джуанг ↔ кгарыя ↔ гутоб-рэма ↔ гта.

Лінгвістам І. Дзьяканавым высоўвалася гіпотэза, паводле якой мовы мунда знаходзяцца ў аддаленай роднасьці з шумэрскай мовай[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Diffloth (1974)
  2. ^ Anderson, Gregory D.S. A new classification of the Munda languages: Evidence from comparative verb morphology. — 1999.
  3. ^ Anderson, Gregory D. S. 62 // A New Classification of South Munda: Evidence from Comparative Verb Morphology. — Indian Linguistics. — Poona: Linguistic Society of India, 2001. — С. 21-36.
  4. ^ Diakonoff, Igor M. MA 3 // External Connections of the Sumerian Language. — Mother Tongue. — Gloucester: 1997.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Gregory D S Anderson. 3 // Munda Languages. — Routledge Language Family Series. — Routledge, 2008. — ISBN 0-415-32890-X
  • Anderson, Gregory D S. 174 // The Munda verb: typological perspectives. — Trends in linguistics. — Berlin: Mouton de Gruyter, 2007. — ISBN 978-3-11-018965-0
  • Śarmā, Devīdatta. 7 // Munda: sub-stratum of Tibeto-Himalayan languages. — Studies in Tibeto-Himalayan languages. — New Delhi: Mittal Publications, 2003. — ISBN 81-7099-860-3
  • Diffloth, Gérard. Austro-Asiatic Languages. — Encyclopædia Britannica. — 1974. — С. 480-484.
  • Diffloth, Gérard. The contribution of linguistic palaeontology to the homeland of Austro-Asiatic / Sagart, Laurent, Roger Blench and Alicia Sanchez-Mazas (eds.). — The Peopling of East Asia: Putting Together Archaeology, Linguistics and Genetics. — RoutledgeCurzon, 2005. — С. 79-82.
  • Donegan, Patricia; David Stampe. South-East Asian Features in the Munda Languages: Evidence for the Analytic-to-Synthetic Drift of Munda / Patrick Chew, ed. — Proceedings of the 28th Annual Meeting of the Berkeley Linguistics Society, Special Session on Tibeto-Burman and Southeast Asian Linguistics, in honor of Prof. James A. Matisoff. — Berkeley, CA: Berkeley Linguistics Society, 2002. — С. 111-129.
  • Newberry, J. North Munda hieroglyphics. — Victoria BC CA: 2000.
  • Varma, Siddheshwar. Munda and Dravidian languages: a linguistic analysis. — Hoshiarpur: Vishveshvaranand Vishva Bandhu Institute of Sanskrit and Indological Studies, Panjab University, 1978.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]