Мэлатрон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мэлатро́н (па-ангельску: Mellotron) — клявішны музычны інструмэнт, які для кожнай клявішы мае магнітную галоўку ды адрэзак магнітнай стужкі, што прайграваецца пры націсканьні гэтай клявішы. На стужках звычайна запісаныя адпаведныя клявішам ноты, узятыя на розных акустычных інструмэнтах (флейце, скрыпцы, трубе і іншых), але таксама гэта могуць быць рытмічныя ўзоры ці гукавыя спэцэфэкты.

Мэлатрон быў створаны ў Бірмінгэме (Вялікабрытанія) на пачатку 1960-х гадоў у выніку перапрацоўкі чэмберлэну (інструмэнту амэрыканскае вытворчасьці, што працаваў на вельмі падобным прынцыпе). Першыя мадэлі мелі 18 нязьменных набораў стужак з працягласьцю гучаньня прыкладна па 8 сэкундаў; у найбольш пашыранай мадэлі M400 можна было ўсталяваць тры зьменныя наборы гукаў. Мэлатрон даваў магчымасьць імітаваць гучаньне аркестру ў студыйных умовах, таксама ствараць паліфанічныя мэлёдыі з электронна сынтэзаваных гукаў у час, калі існавалі толькі монафанічныя сынтэзатары.

Упершыню ўжыў мэлатрон у гуказапісу гурт The Beatles у 1967 годзе. Пасьля інструмэнт выкарыстоўвалі такія сусьветна вядомыя гурты, як Moody Blues, The Rolling Stones, Led Zeppelin. Але найбольшую папулярнасьць ён набыў у межах прагрэсіў-року — мэлатрон стаў адным з асноўных інструмэнтаў у гуртах Yes, King Crimson, Genesis, яго гучаньне зрабілася неад’емнай прыкметай стылю.

Самым вялікім недахопам мэлатронаў быў вельмі высокі кошт. Таксама яны былі прыдатныя толькі для працы ва ўмовах студыі — яны шмат важылі, пры транспартыроўцы галоўкі хутка разладжваліся, часта ірваліся магнітныя стужкі. У 80-х гадох на зьмену мэлатрону прыйшлі больш танныя й мабільныя электронныя сэмплэры, аднак некаторыя музыкі дагэтуль ужываюць мэлатрон, каб перадаць спэцыфічную атмасфэру прагрэсіў-року 70-х.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]