Мэрсэдэс Соса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мэрсэдэс Соса
Haydée Mercedes Sosa
Дата нараджэньня 9 ліпеня 1935
Месца нараджэньня
Сан-Мігель-дэ-Тукуман
Дата сьмерці 4 кастрычніка 2009
Месца сьмерці
Прычына сьмерці сындром разладу мноства органаў[d][2]
Грамадзянства Аргентына
Прафэсія сьпявачка
Гады дзейнасьці 1950
Жанры trova[d], народная музыка[d] і фолк-музыка[d]
Вакал кантральта[d]
Інструмэнты голас[d]
Дзеці Фабіян Матус[d]
Узнагароды
Сайт mercedessosa.com.ar

Хайдзі́ Мэрсэ́дэс Со́са (па-гішпанску: Haydée Mercedes Sosa; 9 ліпеня 1935 — 4 кастрычніка 2009), таксама вядомая як La Negra Sosa (літаральна: Чорная Соса), або La Voz de América (Голас Амэрыкі) — аргентынская сьпявачка, набыўшая папулярнасьць у Паўднёвай Амэрыцы і некаторых іншых краінах па-за кантынэнтам. Пачаўшы з аргентынскай фольк-музыкі, Соса стала адным з найвыдатнейшых прадстаўнікоў новай песьні (nueva canción, нуэва кансьён).

Жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Соса нарадзілася 9 ліпеня 1935 году ў Сан-Мігель-дэ-Тукуман (па-гішпанску: San Miguel de Tucumán), што знаходзіцца ў паўночна-заходняй правінцыі Аргентыны Тукуман. У 1950, калі Сосе было 15 гадоў, яна перамагла ў спаборніцтве па сьпевах, арганізаваным мясцовай радыёстанцыяй, і падпісала зь імі кантракт на два гады. Соса запісала першы альбом у 1959, La Voz de la Zafra. У 1965 Соса сьпявала на фальклёрным фэстывалі ў горадзе Каскін. Падчас фэстывалю вядомы аргентынскі сьпявак Хорхэ Кафрунэ (па-гішпанску: Jorge Cafrune) прыцягнуў да яе ўвагу публікі.

Соса і яе першы муж, Мануэль Оскар Матус (па-гішпанску: Manuel Óscar Matus), зь якім яна мела аднаго сына, былі выдатнымі прадстаўнікамі новай песьні 60-х. У 1965 муж пакінуў Сосу, і яна засталася адна з сынам у вельмі цяжкім эканамічным і эмацыянальным стане. Соса пераехала ў Буэнас-Айрэс, горад якім яна вельмі захаплялася, і дзе запісала другі альбом, Canciones con Fundamento, што быў зборам аргентынскіх народных песень. У 1967 Соса зь вялікім посьпехам гастралявала па ЗША і Эўропе. На пачатку 1970-х Соса запісала два галоўныя альбомы ў супрацоўніцтве з кампазытарам Арыелем Рамірэсам і лірыстам Фэліксам Люнам.

У 1976 ваеннае кіраўніцтва на чале з Хорхе Відэля (Jorge Videla) перамагло, атмасфэра ў Аргентыне стала гнятлівай. Сосу ўключылі ў чорны сьпіс вайсковага кіраўніцтва, і яе альбомы былі забароненыя. Падчас канцэрту ў Ля Плята ў 1978 Сосу арыштавалі на сцэне разам зь іншымі людзьмі, якія ўдзельнічалі ў канцэрце. Апынуўшыся на волі, Соса пераехала ў Парыж, а затым — у Мадрыд. Яе другі муж памёр у 1978. Яна потым казала, што ў гэты момант хацела скончыць жыцьцё самагубствам.

У 1982, некалькі месяцаў да заканчэньня ваеннага рэжыму ў сувязі з вайной на Фолклэндзкіх астравах, Соса вярнулася ў Аргентыну і выступіла зь некалькімі канцэртамі ў Опэрным тэатры ў Буэнас-Айрэсе. Падвоены альбом з гэтых канцэртаў стаў бэстсэлерам. Пасьля, Соса выступала як ў Аргентыне, так і за мяжой, у тым ліку ў Нью-Ёрку, Рыме і Парыжы. У 1998 яна зноў вярнулася на радзіму, пры гэтым стан здароўя Сосы быў надта дрэнны.

У маладосьці Соса падтрымлівала Хуан-Дамінга Пэрона, і на працягу свайго жыцьця супрацьстаяла прэзыдэнту Карласу Мэнэму, які кіраваў дзяржавай з 1989 па 1999, і падтрымлівала Нэстара Кірчнэра, які прыйшоў да ўлады ў 2003. Соса зьяўлялася адным з амбасадараў добрай волі ЮНЭСКО для Лацінскай Амэрыкі і Вэст-Індыі.

Яе песьня «Balderrama» прагучала ў фільме «Чэ» (Che), які распавядае пра аргентынскага марксіста Чэ Гевара. Соса атрымала лацінаамэрыканскую Грэмі за тры свае альбомы. Яна таксама атрымала шмат інтэрнацыянальных узнагарод.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 верасьня 2009 году Соса была шпіталізаваная ў Буэнас-Айрэсе, бо стан яе здароўя стаў крытычным. Ёй было 74 гады. Соса памерла 4 кастрычніка 2009. Яе сын, Фабіян Матус, сказаў: «За свае 74 гады яна зрабіла амаль усё, што хацела. Яна не баялася нічога, што яе абмяжоўвала». Яе цела памясьцілі ў будынак Нацыянальнага Кангрэсу ў Буэнас-Айрэсе, каб людзі мелі магчымасьць ушанаваць Сосу. Прэзыдэнт Фэрнандэз дэ Кірчнэр загадала аплакваць яе 3 дні ўсім народам. Сосу крэміравалі 5 кастрычніка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэрсэдэс Сосасховішча мультымэдыйных матэрыялаў