Мялеці Сматрыцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мялеці Сматрыцкі. Невядомы мастак, XVIII ст.

Мяле́ці Сматры́цкі (сьвецкае імя Максім Герасімавіч Сматрыцкі, па-ўкраінску: Мелетій Смотрицький; 1577, мястэчка Смотрыч, цяпер Хмяльніцкая вобласьць Украіны — 27 сьнежня 1633) — беларускі і ўкраінскі пісьменьнік-палеміст, грамадзка-палітычны і царкоўны дзяяч[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі і вучонага грэка Кірыды Лукарыса, будучага канстантынопальскага патрыярха. Скончыў філязофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, потым слухаў лекцыі ў Ляйпцыгскім, Вітэнбэргскім і Нюрнбэрнгскім унівэрсытэтах.

З 1601 у маёнтку Баркулабава князя Б. Саламярэцкага ў Аршанскім павеце, потым у ягоных маёнтках пад Менскам. Каля 1608 году пераехаў у Вільню, дзе праўдападобна займаўся выкладаньнем у Віленскім праваслаўным брацтве. Пісаў на старажытных беларускай і ўкраінскай, лацінскай, польскай мовах (многія творы напісаў макаранічнай мовай)[2].

Выступаў супраць Берасьцейскай вуніі 1596. У 1608 супраць твораў І. Пацея выдаў «Антыграфіі...», а ў 1610 пад псэўданімам Тэафіл Артолёг — кнігу «Трэнас» («Θринос», па-грэцку «плач»), у якой заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб’яднаньня супраць каталіцкай экспансіі. Твор выклікаў шырокую грамадзка-палітычную рэакцыю. На ягоную кнігу палемічнымі творамі адказалі П. Скарга і І. Марахоўскі.

У 16151618 выкладаў царкоўна-славянскую мову ў Кіеве. У 1617 пастрыгся ў манахі пад імем Мялеці. Працаваў у брацкай школе Віленскага Сьвятадухаўскага манастыра, рэктарам Кіеўскай брацкай школы (16181620).

«Граматыка славенская» Сматрыцкага

У 1615 годзе апублікаваў граматыку грэцкай мовы. Але ягоны найбольш вядомы твор — «Граматыкі славенскія правільна сінтагма...» (Еўе, паміж 1618 і 1619), у якой упершыню на высокім навуковым узроўні тлумачыліся артаграфія, этымалёгія і сынтаксіс стараславянскай мовы. Больш як 2 стагодзьдзі яна была адным з найбольш аўтарытэтных падручнікаў славянскага мовазнаўства, а ў XVIII — 1-й пал. XIX стст. зрабілася ўзорам для сэрбскай, харвацкай, румынскай і баўгарскай граматык[3].

З 1620 высьвечаны на арцыбіскупа полацкага. Не атрымаў дзяржаўнага прызнаньня і пастаўленьня з тае прычыны, што высьвячэньне палічылі некананічным і незаконным[4]. Карыстаўся тытулатурай арцыбіскупа полацкага, віцебскага і амсьціслаўскага, гэткай праваслаўнай эпархіі не існавала і на катэдры М. Сматрыцкі ніколі не засядаў. Зь цягам часу атрымаў фактычнае прызнаньне біскупскага ранга, зьвязанае са спробамі далучыць пазасталых праваслаўных да грэка-каталіцкай царквы.

Аўтар «Трактата пра паходжаньне Сьвятога Духа» і «Палінодыі» (каля 1615), прадмовы да «Эвангельля вучыцельнага патрыярха Каліста» (1616), «Казаньня... на чэснае пахаваньне... Лявонція Карповіча» (1620), «Апраўданьня нявіннасьці» і «Абароны апраўданьня» (1621), «Дадатку да абарон апраўданьня» і «Выкрыеаньня зьедлівых твораў» (1622), «Юстыфікацыі» і «Суплікацыі» на імя Сэнату і караля (1623).

Напалоханы ўзмацненьнем казацка-сялянскага руху і забойствам уніяцкага архіяпіскапа Я. Кунцэвіча, паломнічаў па сьвятых мясьцінах Блізкага Ўсходу.

У 1627 таемна перайшоў на бок уніятаў, у 1628 гэта зрабілася вядома, і М. Сматрыцкі афіцыйна прызнаў сваю прыналежнасьць да Грэка-каталіцкай царквы. Пазбаўлены 8 кастрычніка 1628 рангаў у Праваслаўнай царкве. У творах «Апалёгія», «Разважаньне пра шэсьць розьніц паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі», «Пратэстацыя» (усе 1628), «Паранэіс» і «Экзатэіс» (1629) адмовіўся ад сваіх антывуніяцкіх твораў, выступаў супраць праваслаўных пісьменьнікаў-палемістаў (Стэфана Зізанія, Хрыстафора Філалета).

Як пісьменьнік М. Сматрыцкі — прадстаўнік барока: у творах выкарыстоўваў прыказкі, прымаўкі, народнапаэтычную сымболіку[5].

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Harmonia, 1608
  • Грамматіка славправилноє Сѵнтаґма, 1619
  • Kазаньe ... на пoгрeбь ... отця Леонтія Карповича, 1620
  • Verificatia niewinności, 1621
  • Obrona Verificaciey, 1621
  • Elenchus pism uszczypliwych, 1622
  • Suplikacja ... do obiegu stanu duchownego i świeckiego Senatu..., 1623
  • Justifikacia niewinności, 1623
  • Apologia peregrinatiey do kraiów wschodnych, 1628
  • Protestatia przeciwko soborowi w ... r 1628 w Kijowie, 1628
  • Paraenesis albo napomnienie, 1629
  • Exethesis albo expostulatia, 1629

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Θρηνος to iest Lament iedyney S. powszechney apostolskiey Wschodniey Cerkwie... — Wilno, 1610.
  • Ґрамма́тіки Славе́нския пра́вилное Cv́нтаґма... Евье, 1619. Репринт: Київ: Наукова думка, 1979.
  • Apologia. — Львов, 1628.
  • Αντιγραφη (Антиграфи) // Памятники полемической литературы. — СПб., 1903. — Кн. 3 (Русск. ист. библиотека, Т. 19).
  • Verificatia niewinności // АЮЗР. — Ч. 1. — T. 7.
  • Лямент у світа убогих на жалостноє преставленіє святолюбивого а в обої добродітелі багатого мужа в Бозі велебного господина отця Леонтія Карповича, архімандрита общіа обителі при церкві Сошествія святого духа братства церковного Віленського православного гречеського // Пам’ятки братських шкіл на Україні. — К., 1988.
  • Collected works of Meletij Smortyc’kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume I. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-20-2.
  • The Jevanhelije učytelnoje of Meletij Smotryc’kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume II. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-21-0.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Уладзімір Кароткі. Сматрыцкі Мялецій // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 602.
  2. ^ Уладзімір Кароткі. Сматрыцкі Мялецій // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 366.
  3. ^ Уладзімір Кароткі. Сматрыцкі Мялецій // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 603.
  4. ^ Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч — повязь царкоўных ерархаў // «Беларускі гістарычны агляд». Том 7. Сшытак 2 (13).
  5. ^ Сматрыцкі Мялецій // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мялеці Сматрыцкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў