Мікалай Азбукін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мікалай Азбукін

Мікалай Васільевіч Азбукін (1894, Бабруйск — 24 лістапада 1943?) — беларускі географ, краязнавец, публіцыст, дзяяч беларускага нацыянальнага руху.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь сям’і патомных дваранаў. У 19121917 вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце. Пасьля сканчэньня вучобы выкладаў геаграфію і прыродазнаўства ў Бабруйскай гімназіі. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, чалец камітэту Беларускага культурна-асьветнага таварыства ў Бабруйску. Падчас польскай акупацыі ў 1919 арыштаваны.

Восеньню 1920 стаў дырэктарам бабруйскай школы імя Янкі Купалы. Увесну 1921 зноў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі па падазрэньні ў прыналежнасьці да партыі беларускіх эсэраў. З 1921 працаваў у Менску: у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, з 1929 на катэдры геаграфіі БелАН.

У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з галоўных арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край». У пачатку 1928 у БССР існавала ўжо 301 краязнаўчая арганізацыя, якія аб’ядноўвалі 10 510 чалавек. Імклівае пашырэньне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага па сутнасьці, выклікала занепакоенасьць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі. М. Азбукін быў арыштаваны 21 ліпеня 1930 па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» і па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы ў Налінск на 5 гадоў. Ёсьць зьвесткі, што зноў быў асуджаны ў 1937. Загінуў у 1943 у зьняволеньні. Паводле сьведчаньня Ю. Бібілы, расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 Вярхоўным судом БССР.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя працы прысьвечаныя вывучэньні геаграфіі Беларусі і іншых краін.

  • Географія Эўропы. М.; Л., 1924 (у сааўтарстве з А. Смолічам);
  • Азбукін М. В. Нашы мястэчкі (Матэрыялы да геаграфічнага слоўніка) // Наш край. 1925. № 2-3.
  • Мястэчка Шацак // Наш край. 1927, № 1.
  • Азбукін М. В., Смоліч А. А. Географія па-заэўрапейскіх краёў. — Менск, 1925 (у суаўтарстве з А. Смолічам)
  • Азбукин Н. В. Населенные местности Западной Белоруссии // Западная Белоруссия. Сб. статей. Мн. 1927. 211 с. — С. 171—194
  • Азбукін М. В. Школьная карта Беларусі. — Менск, 1925 (разам з А. Смолічам)
  • Азбукін М. Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР / Матар’ялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі / Пад рэд. А. Смоліча. Т1. Мн. 1928.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мікалай Азбукінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў