Мікалай Матукоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Матукоўскі
Дата нараджэньня 12 верасьня 1929(1929-09-12)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 верасьня 2001(2001-09-28) (72 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак драматург, журналіст, сцэнарыст
Месца працы
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія БССР
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Матукоўскі (неадназначнасьць).

Мікала́й Матуко́ўскі (12 верасьня 1929, в. Калюціна, Расонскі раён — 21 верасьня 2001) — беларускі драматург.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 12 верасьня 1929 году ў сялянскай сям’і, якая пражывала ў вёсцы Калюціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Рос бяз бацькі: у 1933 годзе яго бацьку Ягора Мікалаевіча, намесьніка старшыні калгасу, асуджанага па лжываму даносу, выслалі ў Мурманскую вобласьць, адкуль ён не вярнуўся. У 1936 годзе сям’я пераехала ў вёску Лабова, дзе сустрэла вайну, акупацыю, перажыла суровыя дні існаваньня ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 году праз славутыя Віцебскія вароты Матукоўскія былі эвакуяваныя за лінію фронту ў горад Заходняя Дзьвіна. Тут чатырнаццацігадовы юнак пачаў працаваць стажорам шафёра мясцовай МТС. Пасьля вызваленьня родных мясьцін ад акупантаў вярнуўся ў вёску Лабова, каб неўзабаве пераехаць да брата ў горад Кішынёў, дзе вучыўся ў сямігодцы. Праўда, завяршыў сярэднюю адукацыю на радзіме, атрымаўшы ў 1950 годзе атэстат сталасьці ў Тродавіцкай СШ Расонскага раёну. Паступіўшы ў 1950 годзе на завочнае аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту (скончыў у 1956 годзе) БДУ, перайшоў на сталую працу ў расонскую раённую газэту «Камуністычны шлях». У 1952 годзе пераехаў у Менск, дзе на працягу васьмі гадоў быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела навукі і школ, а потым — літаратуры і мастацтва ў газэце «Звязда». З 1960 году таксама на пасадзе галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнага вяшчаньня Беларускага радыё. З 1964 году заняў пасаду галоўнага рэдактара рэпэртуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 году — уласны карэспандэнт, у 1970—1993 гадах — загадчык Беларускага аддзяленьня рэдакцыі газэты «Известия». У 1993—1995 гадах працаваў у газэце «Рэспубліка». У 1995—1998 гадах — кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурную працу распачаў у 1952 годзе, аўтар зборнікаў «П’есы» (1979) і «Мудрамер» (1989). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Аўтар п’ес «Мужчына, будзь мужчынам!» (пастаўлена ў 1966), «Тры дні і тры ночы» (пастаўлена ў 1967), «Амністыя» (1971, пастаўлена ў 1970, асобнае выданьне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), «Апошняя інстанцыя» (1976, пастаўлена ў 1974), «Насьледны прынц» (1976, пад назвай «Насьледнік» пастаўлена ў 1976), «Мошенник поневоле» (паводле раману М. Ларні «Чацьверты пазванок», пастаўлена ў 1978), «Паядынак» (1985, пастаўлена ў 1985), «Мудрамер» (апублікавана і пастаўлена ў 1987). Напісаў сцэнар мастацкага кінафільму «Сын старшыні» (пастаўлены ў 1976), тэлефільмаў «Траянскі конь» (пастаўлены ў 1980), «Мудрамер» (пастаўлены ў 1989), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакумэнтальных тэле- і кінафільмаў. Выдаў дакумэнтальную аповесьць пра менскае падпольле 1941—1944 гадоў «Мінск» (1982), кнігу публіцыстыкі, эсэ «Чужая беда» (1987).

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны мэдалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1977). Ляўрэат прэміі Саюзу журналістаў СССР (1984) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за п’есу «Мудрамер».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Матукоўскі Мікалай // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Матукоўскі Мікалай // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]