Мікалай Пржавальскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Пржавальскі
Николай Пржевальский
Род дзейнасьці падарожнік, натураліст
Дата нараджэньня 31 сакавіка (12 красавіка) 1839
Месца нараджэньня в. Кімбарава, Расея
Дата сьмерці 20 кастрычніка (1 лістапада) 1888 (49 гадоў)
Месца сьмерці г. Каракол, Кыргыстан
Прычына сьмерці брушны тыф[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак заоляг, падарожнік-дасьледнік, пісьменьнік, батанік, вайсковец, географ, натураліст, падарожнік
Навуковая сфэра прыродазнаўчыя навукі, natural science[d][1] і падарожжа[d][1]
Узнагароды

Мікала́й Міха́йлавіч Пржава́льскі (па-расейску: Николай Михайлович Пржевальский; 12 красавіка (31 сакавіка па старым стылі) 18391 лістапада (20 кастрычніка па старым стылі) 1888) — падарожнік і географ, дасьледчык Цэнтральнай Азіі, асьветнік, ганаровы чалец Пецярбурскай Акадэміі навук1878), генэрал-маёр.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў са старажытнага роду Перавальскіх/Пржавальскіх. Нарадзіўся ў вёсцы Кімбарава (Кімборы, цяпер Пржавальскае (Слабада)) Смаленскай губэрні ў сям’і дробнага шляхціца, які паходзіў зь Віцебшчыны. У 1855 годзе Пржавальскі скончыў гімназію ў Смаленску і паступіў на вайсковую службу. У 18611863 гадах ён слухач Акадэміі Генэральнага штаба ў Пецярбургу. У гэтыя гады ім складзены «Ваенна-статыстычны агляд Прыамурскага краю», які стаў падставай для яго абраньня у 1864 годзе чальцом Расейскага геаграфічнага таварыства, зь якім у далейшым была зьвязана ўся яго дзейнасьць. У 18641867 гадах выкладаў геаграфію і гісторыю ў юнкерскім вучылішчы ў Варшаве. Знаёмства ў 1867 з П. П. Сямёнавым-Цян-Шанскім паўплывала на фармаваньне Пржавальскага як вучонага з шырокім кругаглядам. На працягу 18671888 гадоў Мікалай Пржавальскі ажыцьцявіў 5 вялікіх экспэдыцыяў: у 18671869 Усурыйскую, у 18701873 Манґольскую, у 18761877 Лабнорскую і Джунґарскую, у 18791880 першую Тыбэцкую, у 18831885 другую Тыбэцкую. Раптоўная сьмерць перашкодзіла вандроўніку зьдзейсьніць пачатую ім у 1888 годзе першую экспэдыцыю па Цэнтральнай Азіі.

Унёсак у вывучэньне Азіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўная заслуга Пржавальскага — дасьледаваньне Цэнтральнай Азіі. Ён некалькі разоў перасёк Манголію, быў у Паўночным Кітаі, у пустынях Гобі, Алатаня і Ардоса, у гарах Наньшаня, Куэнь-Луня, Тыбэта. У Заходнім Кітаі ён дасьледаваў Цайдам, пустыню Такла-Макан і бясьсьцёкавае блукаючае возера Лабнор, Джунгарыю і горы ўсходняга Цянь-Шаня. У выніку падарожжаў Пржавальскім зроблена шмат выдатных навуковых адкрыцьцяў.

Усе свае маршруты ён паклаў на мапу; даў характарыстыку прыродных умоваў буйных фізыка-геаграфічных рэгіёнаў Цэнтральнай Азіі па элемэнтах: рэльеф, клімат, рэкі і азёры, расьлінны і жывёльны сьвет.

Пржавальскі давёў, што пустэльня Гобі ня ўзвышша ў адносінах да навакольных гор, а велізарная чаша зь няроўным дном. Вызначыў, што паўночная мяжа Тыбэцкага нагор’я фактычна знаходзіцца на 300 км далей на поўнач. Мікалай Пржавальскі ўпершыню абсьледаваў і зрабіў апісаньне хрыбтоў Куэнь-Луня, вызначыў, што Наньшань зьяўляецца не адным хрыбтом, а сыстэмай. Ім адкрыты і ўпершыню апісаны хрыбты Бурхан-Буда, Хрыбет Гумбальта, Хрыбет Рытэра, Хрыбет Аркатаг (Пржавальскага) і іншыя. Ён дасягнуў вярхоўяў вялікіх кітайскіх рэк Янцзыцзян і Хуанхэ, даў першую кліматалягічную характарыстыку Цэнтральнай Азіі; паведаміў шмат новых зьвестак па біялёгіі і экалёгіі расьліннага і жывёльнага сьвету Цэнтральнай Азіі; сабраў і сыстэматызаваў выдатныя калекцыі флёры і фаўны, гербарыі з 15—16 тыс. расьлінаў, зь якіх эўрапейскімі батанікамі ўпершыню апісаны 218 новых відаў і 7 родаў; апісаў вялікую калекцыю жывёлаў (702 млекакормячыя, 5010 птушак, 1200 паўзуноў і земнаводных, 643 рыбы), у якой былі дзясяткі новых відаў, у тым ліку дзікі вярблюд і дзікі конь, які стаў вядомы як конь Пржавальскага.

Зробленыя ім астранамічныя і мэтэаралягічныя назіраньні, заалягічныя і батанічныя зборы апрацоўваліся шматлікімі навукоўцамі. Дасьледаваньні Пржавальскага адкрылі новы пэрыяд навуковых экспэдыцыяў у Цэнтральную Азію. Яго працы, напісаныя зь вялікім літаратурным талентам, у кароткі час набылі шырокую вядомасьць, былі перакладзеныя і выдадзеныя на многіх замежных мовах і атрымалі сусьветнае прызнаньне: Мікалай Пржавальскі быў узнагароджаны мэдалямі шматлікіх расейскіх і замежных навуковых таварыстваў, абраны ганаровым чальцом Расейскага геаграфічнага таварыства (1870).

У 1891 годзе ў яго гонар Расейскае геаграфічнае таварыства ўстанавіла срэбны мэдаль і прэмію імя Пржавальскага; у 1946 годзе ўстаноўлены залаты мэдаль імя Пржавальскага, які прысуджаецца геаграфічным таварыствам. Імем Пржавальскага названы горад, у якім ён памёр (былы Каракол), адкрыты ім хрыбет у сыстэме Куэнь-Луня, ледавік на Алтаі, мыс на высьпе Ітуруп (Курыльскія выспы), мыс возера Бэнэта (Аляска) і шэраг відаў жывёл і расьлін, якія ён адкрыў у час падарожжа па Цэнтральнай Азіі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Пржавальскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі