Мікалай Радзівіл «Чорны»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мікалай Радзівіл
Mikałaj Radzivił Čorny. Мікалай Радзівіл Чорны (XVIII).jpg
Мікалай Радзівіл «Чорны»
POL COA Radziwiłł.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 4 лютага 1515
Нясьвіж
Памёр: 29 траўня 1565
Лукішкі пад Вільняй
Род: Радзівілы
Бацькі: Ян Радзівіл
Ганна з Кішкаў
Жонка: Альжбета з Шыдлавецкіх
Дзеці: Альбрэхт, Ганна Магдалена, Крыстына, Мікалай Крыштоф, Соф'я Агнешка, Станіслаў, Альжбета, Юры

Мікалай Радзівіл (мянушка «Чорны»; 4 лютага 1515, Нясьвіж — 29 траўня 1565, Лукішкі пад Вільняй) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Канцлер літоўскі1550), адначасна ваявода віленскі1551) і намесьнік вялікага князя (з 1561).

Валодаў вялікімі лятыфундыямі на Літве (цэнтар — Нясьвіж) і Валыні (Алыка). Найбольшыя ягоныя маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558), Лахва і Нягневічы ў Наваградзкім павеце, Зьдзітаў у Слонімскім павеце, Дуброва, Шацак і Ўзда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Сьвядасьць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы. Трымаў Берасьцейскае, Ковенскае і Шавельскае староствы[1].

Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» як вялікага рэфарматара кардынальна паўплывала на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Яна «Барадатага», кашталяна троцкага, і Ганна з Кішкаў. Адукацыю, імаверна, атрымаў толькі хатнюю. Юнацтва правёў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе адбылося яго сяброўскае збліжэньне з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам. Ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы[1].

Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (15341537), на якую разам з братам Янам выставіў 160 коньнікаў.

Імклівае службовае ўзьнясеньне М. Радзівіла пачалося пасьля 1544 году, калі на Берасьцейскім вальным сойме быў прыняты акт, паводле якога Жыгімонт Стары перадаваў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час М. Радзівіл атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, якая давала магчымасьць часта бываць пры вялікакняскім двары. Ён удзельнічаў у пасольскіх місіях у іншыя дзяржавы.

У 1547 годзе спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. У тым жа годзе годзе ў час падарожжа ў Аўгсбургу атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V права на княскі тытул для сябе і асобных прадстаўнікоў свайго роду[2]. З гэтага часу пачаў называцца князем «на Алыцы і Нясьвіжы».

Узбраеньне М. Радзівіла «Чорнага»
Узбраеньне М. К. Радзівіла
Бард, які належаў М. Радзівілу «Чорнаму»

У 1549 годзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць татараў на Валыні. У 1550 годзе атрымаў пасаду канцлера вялікага літоўскага. Уплыў М. Радзівіла на палітыку велікакняскага ўраду быў такі значны, што ў 1551 годзе ён здабыў права на захоўваньне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на дакумэнты, якія пацьвярджалі даўнія дзяржаўныя прывілеі Вялікага Княства Літоўскага.

У 1553 годзе выяжджаў з дыпляматычнай місіяй да Габсбургаў, каб прадухіліць магчымы габсбурска-маскоўскі хаўрус, які мог ускладніць становішча на ўсходніх межах дзяржавы. У 15551556 гадох узначальваў дзяржаўную камісію па правядзеньні аграрнай («валочнай») рэформы ў гаспадарскіх валоданьнях Вялікага Княства, якая падрыхтавала «Ўставу на валокі» (1557).

Галоўнай сфэрай дыпляматычнай дзейнасьці М. Радзівіла былі адносіны з Інфлянтамі, вынікам чаго было падпісаньне пад ягоным старшынствам дамовы пра іхнае падпарадкаваньне супольна Вялікаму Княству і Кароне. Пазьней стаў адміністратарам гэтых зямель.

Мікалай Радзівіл «Чорны» падтрымліваў палітычны зьвяз з Польшчай, аднак быў рашучым супраціўнікам фэдэрацыі і бараніў сувэрэнітэт Вялікага Княства Літоўскага[1]. Таму пакуль пры ягоным жыцьці дзяржаўная унія з Польшчай не была складзеная.

У 1561 годзе па ад’езьдзе Жыгімонта Аўгуста ў Польшчу стаў намесьнікам вялікага князя літоўскага. За ім прайшла судова-адміністрацыйная рэформа, у выніку якой утварыліся шляхецкія станавыя суды і мясцовыя органы самакіраваньня — соймікі.

Ажаніўся з Альжбетай, дачкой аднаго з найбуйнейшых польскіх мэцэнатаў — кароннага гетмана Крыштафа Шыдлавецкага. У шлюбе меў сыноў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа, Станіслава і Юрыя, а таксама дачок Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.

Памёр ад пакутлівай хваробы і пахаваны разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 годзе парэшткі Мікалая Радзівіла «Чорнага» і яго жонкі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Па сьмерці М. Радзівіла ўсе ягоныя дзеці пад уплывам палітычных абставінаў перайшлі ў каталіцтва.

Рэліґійная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

М. Радзівіл «Чорны» атрымлівае ад імпэратара Карла V тытул князя. Невядомы мастак, XVIIXVIII стст.

Зь імем Мікалая Радзівіла «Чорнага» зьвязваецца распаўсюд і прапаганду рэфармацыйных ідэяў, арганізацыя рэфармацыйнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Палітычны ўплыў і аўтарытэт М. Радзівіла, які першым з магнатаў прыняў пратэстанцкую веру ў пачатку 1550-х гадоў, абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстантызм. Спачатку ён схіляўся да лютэранства, але зь сярэдзіны 1550-х гадоў прыняў кальвінізм, які атрымаў найбольшае пашырэньне ў Вялікім Княстве. М. Радзівіл падтрымліваў зьвязкі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыняў (лютэранамі, кальвіністамі, антытрынітарыямі), стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі. Валодаючы вялізнымі маёнткамі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы, заснаваў у іх пратэстанцкія цэрквы — зборы.

У 1553 годзе першы на Беларусі рэфармацыйны збор М. Радзівіл заклаў у сваім замку ў Берасьці. Каля 1557 году пры ягоным удзеле сфармавалася галоўная рэфармацыйная грамада Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. Першы Віленскі збор разьмяшчаўся ў радзівілаўскім палацы на Лукішках.

Некаторы час быў прыхільнікам стварэньня Народнага сабору — свайго роду дзяржаўнай царквы, якая б аб’ядноўвала ўсіх хрысьціянаў Вялікага Княства і Кароны і была б больш незалежнай ад Ватыкану.

У апошнія гады свайго жыцьця падтрымліваў антытрынітарыяў, якія ў рэлігійна-багаслоўскіх і сацыяльных пытаньнях займалі найбольш радыкальныя пазыцыі. У 1563 годзе ў падляскім мястэчку Морды, што належала М. Радзівілу, адбыўся сынод, дзе большасьць прысутных ухвалілі ідэі антытрынітарызму. Выношваў пляны аб’яднаньня кальвінісцкай і антытрынітарскай плыняў.

Культурніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Партрэт шляхціча» пэндзля Тыцыяна (імаверна, гэта М. Радзівіл «Чорны»)[3]

Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці мэцэнацтва ў розных сфэрах культуры Вялікага Княства Літоўскага, найбольш у арганізацыі кнігадрукаваньня. Працяглае знаходжаньне за мяжой і знаёмства з заходнеэўрапейскай культурай спрыялі разуменьню ролі кнігадрукаваньня ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці.

У 1553 годзе для прапаганды рэфармацыйных ідэяў заснаваў пры Берасьцейскім зборы першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой працавалі запрошаныя ім з Польшчы друкары Бэрнард Ваяводка, Станіслаў Мурмэліюс, паэт, перакладнік і кампазытар Ц. Базылік. Тут друкавалася ня толькі рэлігійная, але і сьвецкая літаратура.

У 1563 годзе на сродкі М. Радзівіла выйшаў польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбуйнейшы паводле аб’ёму і адзін з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасьцях рэнэсансавага выданьня. У гісторыю беларускага кнігавыданьня ён увайшоў пад назвай «Берасьцейская, ці Радзівілаўская Біблія».

Зь імем М. Радзівіла зьвязанае таксама выданьне арыгінальнага публіцыстычнага твору — пасланьня папскаму нунцыю ў Польшчы Аляізіюшу Ліпаману, напісанага, імаверна, яго асабістым сакратаром, вядомым польскім лексыкографам Янам Манчыньскім, дзе зьмяшчаюцца рэзкія антыкаталіцкія і антыпапскія выпады.

Пад апекай М. Радзівіла дзейнічала пратэстанцкая друкарня і ў Нясьвіжы, у працы якой бралі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі — Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Ляўрэнці Крышкоўскі. Многія выданьні выходзілі з прысьвячэньнем знатнаму патрону. Некаторыя свае творы яму прысьвячаў Жан Кальвін. Шчодрасьцямі радзівілаўскага двара карысталіся такія відныя тэолягі, як С. Будны, Марцін Чаховіц, паэты Андрэй Тшэцэскі, кампазытары Кіпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул і іншыя.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

М. Радзівіл. Белпошта, 1996

Беларусь — першая краіна, якая выдала адмысловую марку, прысьвечаную Мікалаю Радзівілу «Чорнаму»[4]. Марку надрукавала Белпошта 17 сьнежня 1996 году, зьмясьціўшы на ёй партрэт выдатнага вялікалітоўскага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча.

25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 494.
  2. ^ Зорны час Мікалая Радзівіла // Акінчыц С. Залаты век Беларусі. — Мн.: Юніпак, 2002.
  3. ^ Лаўроўская I. Тыцыян маляваў Радзівіла // «Спадчына» № 2, 1993. С. 82—84.
  4. ^ Беларуская паштовая марка: гісторыя і здабыткі // Радыё Свабода, 2 сакавіка 2000.
  5. ^ Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч // «Наша Ніва», 26 ліпеня 2009.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мікалай Радзівіл «Чорны»сховішча мультымэдыйных матэрыялаў