Мікалай Фаўстын Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 21 траўня 1688
Памёр 2 лютага 1746 (57 гадоў)
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Дамінік Мікалай Радзівіл
Ганна Мар’яна з Палубінскіх
Жонка Барбара з Завішаў
Дзеці Удальрык Крыштап, Альбрэхт, Юры, Станіслаў
Дзейнасьць палітык

Мікалай Фаўстын Радзівіл (21 траўня 1688, мястэчка Зьдзецел Слонімскага павету — 2 лютага 1746) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1706—1709) і мечнік вялікі літоўскі (1710—1729), ваявода наваградзкі (1729—1740). Генэрал-лейтэнант (1725).

Валодаў Зьдзецелам у Слонімскім павеце, Глускам, Парэччам і Уселюбам у Наваградзкім павеце, Крожамі ў Жамойці, набыў места Бярдычаў у Брацлаўскім ваяводзтве. Быў старостам бабруйскім[1]. Кавалер ордэнаў Белага Арла і расейскага Аляксандра Неўскага (1742)[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Дамініка Мікалая, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны Мар’яны з Палубінскіх. Меў старэйшага брата Яна Мікалая, ваяводу наваградзкага, які апекваўся ім па сьмерці бацькі.

Атрымаў адукацыю ў Нясьвіскім калегіюме езуітаў. У 1699 годзе зьехаў на пяць гадоў за мяжу, каб працягваць навучаньне.

Па вяртаньні ў Вялікае Княства Літоўскае, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці дзяржавы. У 1706 годзе атрымаў урад чашніка вялікага літоўскага, у 1710 годзе — мечніка вялікага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы 1718 (ад Слонімскага павету[3]), 1720, 1722 і 1726 гадоў. У 1725 годзе атрымаў чын генэрал-лейтэнанта пяхоты. Камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага. У 1729 годзе стаў ваяводам наваградзкім.

Барбара з Завішаў

У 1733 годзе як хаўрусьнік Расеі спрыяў абраньню каралём і вялікім князем Аўгуста Саса, далей заставаўся агентам Пецярбургу (атрымліваў штогод 5 тыс. руб.)[4].

У Зьдзецеле на ўласныя сродкі распачаў будаваньне палаца, скончанага ў 1751 годзе. У Глуску на бэрнардынскім касьцёле быў вялікі звон, на баку якога знаходзіўся герб з выявай арла і лебедзя і надпіс: «Nicolai Faustin Xsonze Radzivill Woievoda Novogrodzki-Barbara z Zaviszow Xienzna Radzivillowa … 1743».

Ажаніўся 4 сьнежня 1710 году ў Раготне з Барбарай, дачкой кашталяна менскага Крыштапа Станіслава Завішы (1660—1721) і Тэрэзы з Тышкевічаў. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Удальрык Крыштап (1712—1770), пісар вялікі літоўскі, паэт і гісторык
  • Тэрэза Барбара
  • Альбрэхт (1717—1790), староста рэчыцкі, генэрал-маёр
  • Марыя Гертруда
  • Юры (1721—1754), ваявода наваградзкі
  • Станіслаў (1722—1787), генэрал-лейтэнант
  • Ганна Аўгустына
  • Брыгіта Пэтранэля
  • Францішка
  • Удальрыка
  • Крыштап
  • Фэлікс
  • Караль
  • Дамінік

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт, напісаны ў 1720—1730 гадох невядомым мастаком, зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Цела М. Ф. Радзівіла пахавалі ў Нясьвіжы, а сэрца — у Зьдзецельскім касьцёле.
  • У Нацыянальным мастацкім музэй Беларусі ў 2007 годзе ўпершыню выставілі ўнікальны надмагільны партрэт, створаны ў 1746 годзе, які доўгі час лічыўся выявай невядомага магната. У 2006 годзе яго атрыбутавалі — гэта Мікалай Фаўстын Радзівіл[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.
  2. ^ Бантыш-Каменский Н.Н. Списки кавалерам российских императорских орденов Св. Андрея Первозванного, Св. Екатерины, Св. Александра Невского и Св. Анны с учреждения до установления в 1797 году орденского капитула. Москва, 2005. С. 130.
  3. ^ Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego, (1666-1721). Warszawa, 1862. S. 350.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 495—496.
  5. ^ Кірпічэнкава Н. Востраў скарбаў у цэнтры мегаполіса // «Культура» № 10 (776), 2007 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]