Мікола Ермаловіч
| Мікола Іванавіч Ермаловіч | |
![]() |
|
| Нарадзіўся | 29 красавіка 1921 в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён, Менская вобласьць |
|---|---|
| Памёр | 5 сакавіка 2000 Менск |
| Грамадзянства | Беларусь |
| Навуковая сфэра | гісторыя |
| Месца працы | Маладэчанскі абласны інстытут удасканаленьня настаўнікаў (да 1957 г.) |
| Альма-матэр | Менскі пэдагагічны інстытут |
| Узнагароды і прэміі | Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992), Мэдаль Францыска Скарыны (1993) |
Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці — 5 сакавіка 2000, Менск[1]) — беларускі гісторык[2][3][4], публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псэўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.
Зьмест |
Біяграфія[рэдагаваць]
У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту, дзе да пачатку 2-й сусьветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943-1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласьці, у 1944-1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучаньне ў пэдінстытуце, які скончвае у 1947, а ў 1947-1948 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры пэдінстытуце.
У 1948-1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінэтам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў, пасьля чаго па стане здароўя выйшаў на пэнсію. Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.
Творчасьць[рэдагаваць]
Актыўную літаратурную дзейнасьць рапачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі й літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы было напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 — дасьледаваньне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».
У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але з новым назомвам «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў ХІХ ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Ермаловіч зьмяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Мікола Ермаловіч — тое заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, што супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970-1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкім чынам памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Гэтаксама-ж памнажаліся й працы М. Ермаловіча, апублікаваныя ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Ермаловіча «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Той артыкул Ермаловіч напісаў адказам на артыкул В. Мялешкі й З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» №3 за 1989 год.
Альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала раздражненьне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца й разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэныя працы былі вельмі папулярныя ды ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі ад часу «перабудовы» сьвет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.
Навуковыя погляды[рэдагаваць]
Асаблівую ўвагу надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Дэталёва разглядзеў падзеі IX—ХIII стст. на падставе аналізу гістарычных першакрыніцаў. Зьняпраўдзіў тэзу расейскіх гісторыкаў пра заваяваньне жмудзінамі (летувісамі) беларускіх земляў у 2-й палове ХIII ст. Зхарактарызаваў Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву.[3]
Узнагароды[рэдагаваць]
- Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992)
- Прэмія імя Ул. Караткевіча
- Мэдаль імя Францішка Скарыны (1993)
Бібліяграфія[рэдагаваць]
- «Дарагое беларусам імя» (1970)
- «Па слядах аднаго міфа» (1989) (1-е выданьне: ISBN 5-343-00016-9; 2-е выданьне: ISBN 5-343-00876-3) на knihi.com
- «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990) (2-е выданьне: ISBN 985-02-0503-2) на knihi.com
- «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» (1994) на knihi.com
- «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000) ISBN 985-6576-08-3
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Гістарычны каляндар. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч
- ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 355.
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 492.
- ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 303.
Літаратура[рэдагаваць]
- Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Гардзіцкі А. К. Ермаловіч Мікола // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Ермаловіч Мікалай Іванавіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 621—622.
- Рыжанкова Л. Рупліўцы Беларушчыны. // Сцяг Кастрычніка. Дзяржынск. 28 сакавіка 1992.
- Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў i матэрыялаў да 85-годдзя з дмя нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Мн., 2007. — 360 с.
